Віталь Скрыль: “Маю скаргу ў абласным судзе разгледзелі без мяне”
Віцебскі журналіст-фрылансер пацікавіўся лёсам сваёй касацыйнай скаргі, пададзенай у абласны суд яшчэ месяц таму. Высветлілася, што скаргу ўжо разгледзелі. Выкліку на разгляд справы Віталь Скрыль не атрымліваў.
Журналісту паведамілі, што яго нібыта шукалі, каб выклікаць у суд. Але ні позваў, ні тэлефонных званкоў з суда не было, кажа хлопец. Пра вынік разгляду прапанавалі пытацца ў судзе Віцебскага раёна, куды накіравалі дакументы. “Вынік чаканы: пастанову суда першай інстанцыі абласны суд пакінуў без зменаў”, — паведаміў Віталь Скрыль.
15 сакавіка яго аштрафавалі на 25 базавых велічынь (637,5 беларускіх рублёў) за відэасюжэт “Згортваецца апошняе прадпрыемства, якое дае працу ў Сянно”, паказаны на тэлеканале “Белсат”. Гэты ж відэасюжэт быў прызнаны адным з найлепшых на конкурсе “Грамадская стужка 2:0”, які праводзіў Віцебскі рэгіянальны медыяцэнтр.
У касацыйнай скарзе Віталь Скрыль звяртаў увагу абласнога суда на тое, што судовы працэс над ім праходзіў са шматлікімі парушэннямі. Напрыклад, суддзя Міхаіл Зубеня адхіліў хадайніцтва наконт удзелу перакладчыка з рускай мовы на беларускую, заявіўшы, што
журналіст, як грамадзянін Беларусі, “павінен у дастатковай ступені валодаць рускай мовай”.
Пра гэтае парушэнне праваабаронца Павел Левінаў паведаміў у Вярхоўны суд, згадаўшы і тое, што Віталю Скрылю не далі магчымасці скарыстацца паслугамі беларускамоўнага адваката. Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч у адказе на зварот зазначыў, што факт вядзення працэсу на рускай мове “не супярэчыць патрабаванням Кодэкса аб судаводстве і статусе суддзяў, а таксама артыкула 2.11 ПВКаАП РБ, згодна з якімі адміністрацыйны працэс у Рэспубліцы Беларусь вядзецца на беларускай ці рускай мовах”.