“Витебский курьер” — супраць плагіяту ў Instagram
Журналістка Настасся Грабеннікава заўважыла, што Instagram-профіль rodnoi_vitebsk ужо некалькі месяцаў выкарыстоўвае тэксты і фотаздымкі з сайта інтэрнэт-выдання “Витебский курьер” без аніякай згадкі пра сапраўдных аўтараў.
“Тэксты, якія я рыхтавала па некалькі дзён, дзеля якіх шукала герояў і працавала гадзінамі — вось яны ўсе тут, скрадзеныя ў тры простыя клікі. На мой каментар пра крадзеж з профілю адказалі вельмі хутка: ваш сайт абы-што, нікому не патрэбны, а іх Instagram-профіль — золата, і яму патрэбныя фоткі добрай якасці. Пасля яны дадалі, што я павінна быць шчаслівая, што мае тэксты чытаюць, і каб я ім дасылала яшчэ больш добрых фота. Але яны моцна памыляюцца. Добрыя тэксты чытаюць таму, што яны проста цікавыя. А гэта вось «затое вашыя гісторыі чытаюць» — проста нахабнае прыкрыццё для злодзеяў, якія імкнуцца зарабіць на сваім профілі ў Instagram, раскручаным на чужой працы”, — напісала Настасся Грабеннікава.
Паглядзеўшы ўважліва, Настасся заўважыла, што першы аўтарскі матэрыял быў скрадзены яшчэ ў сакавіку 2018 года. Вырашыла паскардзіцца ў службу тэхнічнай падтрымкі. Там разгледзелі сітуацыю і выдалілі дзясятак апошніх публікацый. Але выпадкаў плагіяту засталося яшчэ вельмі шмат, у чым вельмі лёгка пераканацца, параўнаўшы матэрыялы “Витебского курьера” і змесціва профілю rodnoi_vitebsk.
7 фотографий Витебска, на которых мы совместили прошлое и настоящее. Посмотрите, что изменилось!
В Витебске в микрорайоне Билево наконец покосили траву, но слой мусора, который теперь покрывает площадки, просто ужасает
Настасся Грабеннікава вырашыла дамагчыся справядлівасці і спыніць крадзеж кантэнту. Калегі і сябры раяць ёй рознае: нехта — звярнуцца ў пракуратуру са скаргай, а нехта — “забіць” і не зважаць на злодзеяў.
Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі раіць у падобных выпадках рабіць наступнае. Праваўладальнік фотаздымка можа скардзіцца адміністрацыі сацсеткі. І тая, як правіла, прымае даволі жорсткія меры. Калі вядома каму належыць акаўнт, то можна рабіць натарыяльна завераны скрыншот факту запазычання, і з дапамогай юрыста карыстацца магчымасцямі беларускага права. Гэта пры ўмове, што на сайце, з якога ўзялі фотаздымкі, ёсць правілы, як можна запазычваць кантэнт.
На галоўнай старонцы сайта vkurier.by пазначана наступнае:
“Рэпублікацыя матэрыялаў сайта магчымая толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі. Актыўная і індэксуемая гіперспасылка на крыніцу матэрыялу абавязковая”. Гэтых умоваў адміністратары Instagram-профілю rodnoi_vitebsk не выканалі.
Настасся Грабеннікава звярнулася да адміністрацыі Instagram з прыкладамі плагіяту, і некалькі апошніх публікацый са скрадзеным кантэнтам былі выдаленыя. Але каб прадставіць арыгіналы матэрыялаў за ўвесь час, пакуль іншыя жывіліся чужой працай, трэба аддаць шмат часу. Таму дзяўчына раіць калегам быць пільнымі і, заўважыўшы падобную сітуацыю, адразу ж пачынаць адстойваць свае правы.