Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуды па справе «аналітыкаў Ціханоўскай»
Разгляд Вярхоўным судом Беларусі апеляцыйных скаргаў адбыўся 8 кастрычніка ў адсутнасць асуджаных да зняволення 20-ці незалежных аналітыкаў, даследчыкаў і палітыкаў. Сярод іх — журналісты беларускіх незалежных медыяў Юры Дракахруст і Ганна Любакова. Усе фігуранты справы знаходзяцца за мяжой.
Таксама ў ліку асуджаных, чые скаргі Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення, — палітычныя аглядальнікі і аналітыкі Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна.
Справы гэтых 20 асобаў, якіх МУС Беларусі абвесціў экстрэмісцкім фарміраваннем пад назвай «Аналітыкі Святланы Ціханоўскай», разглядаў у траўні-чэрвені 2024 года Мінскі абласны суд. Працэс праходзіў у парадку спецыяльнай вытворчасці.
Усе фігуранты справы завочна прызнаныя вінаватымі ў:
- змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК),
— уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фарміравання з мэтай учынення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці (частка 3 артыкула 361−1 КК),
— пасобніцтве публічным заклікам да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (частка 6 артыкула 16 і частка 3 артыкула 361 КК),
— садзейнічанні наўмысным дзеянням, накіраваным на распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненым групай асоб (частка 6 артыкула 16 і частка 3 артыкула 130 КК).
Палітык Аляксандр Дабравольскі прызнаны яшчэ вінаватым у кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем (частка 1 артыкула 361−1 КК).
Па сукупнасці злачынстваў прызначаныя наступныя пакаранні:
Аляксандру Дабравольскаму — 11 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 6000 базавых велічынь (240 000 BYN); Ганне Красулінай, Дзянісу Кучынскаму, Пятру Рудкоўскаму, Аляксандру Шлыку — па 11 гадоў пазбаўлення волі са штрафам ад 1000 да 40 000 базавых велічынь (ад 40 тыс. да 1,6 млн BYN);
Ганне Любаковай, Юрыю Дракахрусту, а таксама Рыгору Астапені, Філіпу Біканаву, Андрэю Казакевічу, Яўгену Крыжаноўскаму, Вераніцы Лапуцька, Аляксандру Лагвінцу, Васілю Навумаву, Марыі Рогавай, Алесі Руднік, Наталлі Рабавай, Таццяне Чуліцкай, Кацярыне Шмацінай — па 10 гадоў пазбаўлення волі; Паўлу Усаву — 11 гадоў пазбаўлення волі.
На маёмасць звінавачаных — кватэры, дамы, зямельныя ўчасткі ў Беларусі — уладамі накладзены арышт «з мэтай забеспячэння кампенсацыі нанесенай шкоды».
Цяпер гэты прысуд уступіў у законную сілу, паведамляе Генеральная пракуратура Беларусі.