Платформа беларускага кіно VODBLISK запусціла спецпраект з тэлевізійнымі дакфільмамі — DOC:DOC. Іх можна глядзець бясплатна
Анлайн-кінатэатр беларускага кіно VODBLISK запусціў новы спецпраект сумесна з «Голас Амерыкі» — DOC:DOC. У яго межах можна глядзець тэлевізійныя дакфільмы на актуальную тэматыку абсалютна бясплатна.
Штучны інтэлект, камп’ютарная рэчаіснасць, войны, супрацьстаянне, жаночая салідарнасць — вось той пул тэмаў, на які можна паглядзець тэлестужкі сучасных рэжысёраў у межах новай рубрыкі.
У прыватнасці, цяпер на VODBLISKу даступная дакументальная карціна пра беларускіх музыкаў Свету Бень і Галю Чыкіс «Новае жыццё на раёне. Света Бень». У фільме фіксуецца завядзёнка беларускай аўтаркі і спявачкі ў Берліне ў 2023 годзе, дзе яна апынулася пасля ад’езду з Беларусі.
Таксама ў падборцы ёсць тэлестужка пра ўкраінскую спявачку Джамалу — «Jamala: песні свабоды», у якой аўтары тэлефільма захоўваюць трансфармацыю пераможцы конкурсу «Еўрабачанне-2016», якая пасля ўварвання Расіі ва Украіну становіцца актывісткай і фандрайзеркай.
Кранальная гісторыя сястрынства дзвюх жанчын — псіхалагіні з Кіева і журналісткі з Кабула — на фоне захопу Афганістану талібамі адлюстравана ў фільме «Фаціма».
Дырэктарка і заснавальніца платформы VODBLISK Воля Чайкоўская падкрэсліла, што апошнім час падтрымліваць анлайн-кінатэатр беларускага кіно становіцца ўсё цяжэй і цяжэй, І новы спецпраект з’яўляецца яшчэ адным захадам звярнуць увагу на важную для беларускага кіно і культуры ініцыятыву.
«Калi вам важнае тое, што мы робiм, i вы лiчыце, што беларускi анлайн-кiнатэатр павiнен працягваць iснаваць — заданацьце нам», — звяртаецца Вольга Чайкоўская да гледачоў.
Нагадаем, VODBLISK — анлайн-кінатэатр, які імкнецца прасоўваць незалежнае беларускае кіно і даваць голас незалежным беларускім фільммэйкерам і фільммэйкеркам. Гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець увесь рэпертуар медыятэкі VODBLISK бясплатна. Доступ да аднаго фільма з‑за мяжы каштуе 5 долараў. Ужо сёння ў фільматэцы кінатэатра можна паглядзець фільмы Аляксея Палуяна, Дар’і Жук, Мікіты Лаўрэцкага, Арцёма Лобача, Улады Сяньковай і іншых беларускіх кінематаграфістаў.
Падтрымаць VODBLISK можна тут.