• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Вы не СМІ». Памочніца старшыні суда не пускала журналіста-фрылансера на абвяшчэнне прысуду

    У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 21 чэрвеня а 15:40 суддзя Кармановіч прызначыў абвяшчэнне выраку лідару метал-гурта Gods tower Уладзіславу Наважылаву па абвінавачванні ў публічнай абразе чыноўніка і падрыў аўтарытэту ўлады (арт.369 Крымінальнага кодэкса).

    Хвілін за сем да прызначанага часу маладая памочніца старшыні суда Таццяна Волкава запрасіла абвінавачанага музыку, а таксама прадстаўнікоў СМІ і проста гледачоў ў залу пасяджэнняў. Памкнуўся ў залу з фотаапаратам на трынозе і журналіст-фрылансер, сябра ГА «БАЖ» Яўген Меркіс. Аднак на ўваходзе яго перастрэла Волкава. Меркіс здзівіўся: «Чаму? Вунь афіцыйны відэааператар ужо здымае абвінавачанага і прысутных».

    «Вы не СМІ», — коратка адказала фрылансеру Волкава.

    Калі на сітуацыю адрэагавалі праваабаронцы, памочніца адступіла.

    «Яна стала ў дзвярах і нават спрабавала адпіхваць мяне, кажучы: «Вы не СМІ». Ніякіх дакументаў глядзець ці правяраць не збіралася — суд быў адкрытым. Бачу ў гэтым непаразуменні працяг дзяржаўнай палітыкі, што назіраецца ў судах, сілавых структурах ды іншых ведамствах: дзяленне грамадства на «правільных» і няправільных», а журналістаў — на «чэсных» і «нячэсных», — сказаў Яўген Меркіс у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА «БАЖ».

    Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта ў рэгіёне Віктар Адзіночанка зазначыў, што ён шакаваны не толькі прысудам (франтмена музычнага гурта пакаралі трыма гадамі «хіміі»), але і стаўленнем памочніцы старшыні суда да галоснасці падчас ажыццяўлення правасуддзя.

    «Пераконваюся, што пры разглядзе палітычных спраў і судам бывае «не да законаў», — кажа праваабаронца Адзіночанка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці