Вячаслава Лазарава і Таццяну Пыцько судзяць у закрытым рэжыме
Судовы працэс у Віцебскім абласным судзе распачаўся 5 верасня. Разбірае крымінальныя справы віцебскага відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава і ягонай жонкі Таццяны Пыцько суддзя Яўген Буруноў.
Супраць Вячаслава Лазарава высунутае абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса РБ (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна альбо групай асоб па папярэдняй змове), супраць Таццяны Пыцько — паводле ч. 1 арт. 361–4 КК (вярбоўка, уцягненне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне ці іншае спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці).
Відэааператара Лазарава вінавацяць за сувязь з замежным СМІ, якое беларускімі ўладамі прызнанае экстрэмісцкім фармаваннем. Следства падрыхтавала да суду доказы, знойдзеныя падчас даследавання зместу аргтэхнікі журналіста — відэакамеры, ноўтбука, мабільнага тэлефона. Гэтую тэхніку сілавікі забралі падчас ператрусаў у Вячаслава Лазарава ў дзень яго затрымання. Тады, 9 лютага, вобшукі правялі па месцы ягонай рэгістрацыі, яшчэ астатнія рэчы былі забраныя з кватэры, якую мужчына арэндаваў.
Ператрусы прайшлі і па месцы рэгістрацыі ягонай жонкі Таццяны Пыцько, якую вінавацяць за дапамогу мужу. Першы ператрус у яе правялі 9 лютага, другі — 6 чэрвеня. У той дзень жанчыну забралі пад варту, а малодшую дачку, агульную з Вячаславам Лазаравым, перадалі пад апеку дзяржавы. Некаторы час немаўля знаходзілася ў дзіцячай лякарні, потым апеку над ім аформілі сваякі Таццяны.
Вядома, што сведкамі ў судзе будуць сваякі падсудных сужэнцаў, а таксама, найверагодна, віцебскія грамадскія актывісты, якіх следчыя пазналі пры вывучэнні відэаархіва Вячаслава Лазарава.
Чытайце яшчэ:
Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?
Усё, што трапляла ў аб’ектыў, станавілася шэдэўрам. Памёр вядомы фатограф Анатоль Кляшчук
У Жабінцы змянілі кіраўніка раёнкі: былая рэдактарка займала пасаду менш года