• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд на закрытым пасяджэнні пакінуў у сіле выракі журналістам, асуджаным па “справе БелаПАН”

    Вярхоўны суд 6 студзеня разглядаў скаргі асуджаных на працяглыя тэрміны зняволення фігурантаў справы інфармацыйнага агенцтва БелаПАН — Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава, Андрэя Аляксандрава, Ірыны Злобінай. Канчатковы вынік ужо звыклы для палітычна матываваных прысудаў: у пераглядзе выракаў, агучаных судом першай інстанцыі, адмовіць.  

    Ніхто з прадстаўнікоў Вярхоўнага суда напярэдадні працэсу не патлумачыў, чым выкліканы закрыты фармат пасяджэння апеляцыйнай інстанцыі. З абвесткі на афіцыйным сайце ўстановы толькі вынікае, што на ацэнку законнасці ранейшага прысуду выносіліся наступныя эпізоды, класіфікаваныя як “учыненне злачынства”:

    • арт. 361–1 ч. 1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім);

    • арт. 342 ч. 2 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх);

    • арт. 243 ч. 2 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) з удакладненнем, што рэдакцыя закона страціла сілу 26.05.2021;

    • арт. 356 ч. 1 (здрада дзяржаве) у рэдакцыі закона ад 09.01.2019.

    На працягу гадзіны, адведзенай на вывучэнне акалічнасцяў справы, суддзя Вярхоўнага суда Андрэй Кавальчук прыйшоў да высновы: папярэдні вердыкт Мінскага абласнога суда правамоцны і перагляду не падлягае. 

    Пакуль невядома, ці разглядалася асобным пунктам парушэнне юрыдычных працэдур у дачыненні да ўдзельнікаў «справы БелаПАН». Не дачакаўшыся вынікаў разгляду касацыйных скаргаў у Вярхоўным судзе, іх яшчэ напрыканцы кастрычніка 2022 года перавялі для адбыцця пакаранняў з мінскага следчага ізалятара №1 у іншыя месцы краіны. Андрэй Аляксандраў і Дзмітрый Наважылаў цяпер у СІЗА №2 Віцебска, Ірына Леўшына і Ірына Злобіна — у СІЗА №3 Гомеля.

    Нагадаем, 6 кастрычніка 2022 года Мінскі абласны суд агучыў у закрытым пасяджэнні вердыкт супраць фігурантаў справы недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Праз “сакрэтны” фармат і падпіскі  адвакатаў пра “неразгалошванне працэсуальнай таямніцы” не было нават вядома, якія тэрміны запатрабаваў пракурор. Таму суддзя Вячаслаў Тулейка проста канстатаваў персанальнае рашэнне. 

    Ірына Леўшына, галоўная рэдактарка БелаПАН – 4 гады калоніі.

    Дзмітрый Наважылаў, экс-генеральны дырэктар БелаПАН – 6 гадоў калоніі.

    Андрэй Аляксандраў, колішні намеснік дырэктара БелаПАН – 14 гадоў калоніі.

    Ірына Злобіна, сацыёлаг, грамадская актывістка – 9 гадоў калоніі.  

    Акрамя таго, бальшыні прызначылі буйныя штрафы: з Андрэя Аляксандрава — 1000 базавых велічыняў на момант прысуду (32 000 рублёў), з Ірыны Злобінай — 800 базавых (25 600 рублёў), з Дзмітрыя Наважылава — 700 базавых (22 400 рублёў).

    Суд над белапанаўцамі пачаўся 6 чэрвеня, затым быў аб’яўлены перапынак на “экспертызу”, а ў канцы верасня аднавіўся аж да фінальнага пасяджэння.  

    Сілавікі прыйшлі з ператрусамі да Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава і яшчэ некалькіх дзейных і былых супрацоўнікаў БелаПАН 18 жніўня 2021 года. Вобшук адбыўся і ў мінскім офісе агенцтва. Згодна з ордэрам Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама, пастанова была выпісаная 10 жніўня. Сілавікамі былі вынятыя амаль паўсотні адзінак абсталявання: серверы, ноўтбукі, жорсткія дыскі, бухгалтарская дакументацыя і г. д.

    Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава затрымалі на падставе падазрэння ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Аднак абвінавачанне высунулі іншае — ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Па ходу з’явіўся яшчэ адзін пункт — ч. 1 арт. 361–1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

    Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна за кратамі шмат раней, ад 12 студзеня 2021 года. Фармальна іх затрымалі за “падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў беспарадках”. Падставай стала аплата штрафаў грамадзянам, што пацярпелі ў выніку пратэстнай актыўнасці.

    Неўзабаве справы чатырох фігурантаў перапляліся ў розных варыяцыях. Журналістам Андрэю Аляксандраву, Ірыне Леўшынай і Дзмітрыю Наважылаву інкрымінавалася “стварэнне і дзейнасць экстрэмісцкага фармавання”, хоць усіх затрымалі яшчэ да адпаведнага рашэння Камітэта дзяржбяспекі. Інфармацыйная кампанія БелаПАН была прызнана КДБ “экстрэмісцкім фармаваннем” больш чым праз два месяцы пасля затрымання Леўшынай і Наважылава — 1 лістапада 2021 года. Запіс на сайце МУС у адпаведным спісе з’явіўся 12 лістапада.  

    Андрэю Аляксандраву і Ірыне Злобінай крымінальны артыкул за  “фінансаванне пратэстаў” ужо за кратамі разбавілі “здрадай дзяржаве”. Усё той жа Андрэй Аляксандраў, толькі ў тандэме з Дзмітрыем Наважылавым, праходзіў як падазраваны ў нявыплаце падаткаў на 200 тысяч долараў. Санкцыі ўсіх артыкулаў былі ўзятыя за аснову падчас складання канчатковых тэрмінаў зняволення.

    Падчас працэсу ніхто з фігурантаў не прызнаў сябе хоць у чымсьці вінаватым, праваабаронцы аб’явілі усіх палітычнымі вязнямі.

    Адвакаты Ірыны Леўшынай і Андрэя Аляксандрава падалі скаргі на “неадэкватныя тэрміны зняволення”, агучаныя суддзёй Вячаславам Тулейкам, кіраўніцтву Мінскага абласнога суда. Аднак заява засталася не задаволенай. А канчатковую кропку ў працэсе паставіў Вярхоўны суд, дзе  таксама не зразумелі, якія прэтэнзіі асуджаныя белапанаўцы маюць да “беларускай Феміды”.

    Чытайце яшчэ:

    “Гэта свята без пафасу, аднак свята…” Алег Груздзіловіч пра тое, як палітвязні адзначаюць Новы год у СІЗА

    Не успел открыть дверь проверяющим — отправили в изолятор. Как отбывают домашнюю химию в Беларуси

    «Просіць падручнікі, значыць, мае пляны на будучыню». Навіны былых гомельскіх журналістаў, якія трапілі за краты

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці