Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд аўтарам Regnum, асуджаным за распальванне нацыянальнай варожасці
Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд аўтарам расійскага інфармацыйнага агенцтва Regnum, асуджаным за распальванне нацыянальнай варожасці або розні.
14 чэрвеня Вярхоўны суд вынес рашэнне па апеляцыйнай скарзе Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыпценкі. Скарга засталася без задавальнення, а прысуд — пяць гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тры гады — у сіле.
— Прысуд пакінуць без зменаў, апеляцыйную скаргу без задавальнення, — зачытаў рашэнне суда старшыня на працэсе суддзя Вярхоўнага суда Уладзімір Давыдаў, перадае Tut.by.
Раніцай у чацвер судовы працэс працягнуўся выступам старшага пракурора аддзела генеральнай пракуратуры Савановіча.
У сваім выступе прадстаўнік пракуратуры назваў віну аўтараў Regnum цалкам даказанай, крытычна адазваўся пра апеляцыйныя скаргі на прысуд і довады саміх падсудных.
На яго думку, ніякіх сумневаў у вінаватасці Паўлаўца, Алімкіна і Шыпценкі не ўзнікае, а папярэдняе следства і Мінскі гарадскі суд усебакова разглядзелі сабраныя доказы і далі правільную прававую ацэнку.
Прадстаўнік пракуратуры заклікаў судовую калегію Вярхоўнага суда пакінуць рашэнне Мінскага гарадскога суда ў сіле, а апеляцыйныя скаргі аўтараў Regnum адхіліць.
2 лютага аўтараў расійскага інфармацыйнага сайта Regnum Юрыя Паўлаўца, Сяргея Шыпценку і Дзмітрыя Алімкіна пакаралі пяццю гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тры гады за распальванне варожасці на нацыянальнай глебе ў складзе групы асобаў (арт. 130 Крымінальнага кодэкса).
Аўтары Regnum, якія больш за год правялі за кратамі падчас следства, не згадзіліся з прысудам і падалі апеляцыйныя скаргі. 12 чэрвеня ў судзе выступілі Юрый Паўлавец і Сяргей Шыпценка, а таксама іх адвакаты.
Трэці аўтар Дзмітрый Алімкін у апеляцыйным судзе не ўдзельнічаў.