• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выдаўца Рамуальда Улана перад вызваленнем затрымлівалі за «экстрэмісцкія падпіскі»

    Заснавальнік «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан тыдзень таму вярнуўся да сям’і ў родны горад — ягонае абмежаванне волі ў Гомелі скончылася амаль на паўгода раней за прызначаным судом тэрмін дзякуючы амністыі. Стала вядома, што перад самым вызваленнем журналіста затрымлівалі паводле КаАП за распаўсюд забароненых матэрыялаў.

    Напярэдадні правабаронцы са спасылкай на інфармацыю ў праўладных каналах паведамілі, што шэраг гомельскіх «хімікаў» схапілі і прымусілі прызнацца ў падпісцы на рэсурсы, прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі». У адным з «пакаяльных відэа» фігураваў і выдавец-палітвязень Рамуальд Улан, на пачатку 2021-га асуджаны да 2,5 гадоў абмежавання волі па абвінавачанні ў паклёпе на міліцыянтаў. 

    Крыху пазней ён сам патлумачыў, што адбылося насамрэч: затрыманне сапраўды было, але не ў Смаргоні, а яшчэ ў Гомелі. 

    «Я на волі ў роднай Смаргоні! Гэта «таварышы» запознена выклалі відэа ад 6 траўня, калі я знаходзіўся на «хіміі» ў Гомелі і быў затрыманы. Забралі чатырох: Дзмітрыя Палтарака (10 сутак), Барыса Мамоненку (5 сутак), Аляксандра Бруяку (20 базавых велічыць) і мяне. Тады ж і знялі відэа, дзе я «прызнаюся». Праз два дні судзілі пераважна за падпіскі на «экстрэмісцкія каналы», канфіскавалі мабільнікі. А ўжо 9‑га я выйшаў з гомельскага ізалятара, адседзеўшы толькі 3 сутак (дзякуй суддзі). Назаўтра мяне тэрмінова вызвалілі з «хіміі» па амністыі», — аднавіў ён храналогію апошніх дзён перад выхадам на волю. 

    Рамуальд Улан удзячны за салідарнасць і запрашае землякоў у свой смаргонскі выдавецкі офіс, дзе ў свой час месцілася «Новая газета Смаргоні», які цалкам аднавіў працу. 

    Нагадаем, Рамуальда Улана затрымалі 26 верасня 2020 года на падставе калектыўнай позвы смаргонскіх міліцыянтаў паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса. Журналіст сфатаграфаваў расклееныя ў горадзе налепкі са звесткамі пра сілавікоў, якія «сведчылі» на судовых працэсах,  і выклаў у гарадской суполцы «Чуткі Смаргоняў» сацсеткі «ВКонтакте». Гэтыя дзеянні ў далейшым прыраўнялі да «паклёпу». 

    5 студзеня 2021 года суддзя Смаргонскага райсуда Сяргей Боландзь агучыў вырак — 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго, абвінавачаны мусіў сплаціць пацярпелым за «маральныя пакуты»: чатыром міліцыянерам па 300 рублёў, траім — па 500, а таксама 600 рублёў дзяржпошліны.

    Спробы адваката абскардзіць прысуд на абласным узроўні аказаліся марнымі, а 25 сакавіка, каб не ўзнікла спакусы адзначыць Дзень Волі, асуджанаму загадалі прыбыць для адбыцця пакарання ў адпаведную ўстанову № 17 на ўскрайку Гомеля. 

    Рамуальда Улана добра ведаюць не толькі на Смаргоншчыне. У сярэдзіне 1990‑х ён быў сярод першапраходцаў, якія пачалі развіваць у рэгіёнах незалежную прэсу. Заснаваная ім «Новая газета Смаргоні» хутка набрала папулярнасць і ўтрая абышла паводле накладу дзяржаўную раёнку. На хвалі пазнавальнасці яго выбралі ў мясцовы савет народных дэпутатаў.

    Напярэдадні 10-гадовага юбілею газеты паспяховы медыйны праект задушылі эканамічна, а наваспечанага народнага абранніка пазбавілі паўнамоцтваў. Пасля вымушанай змены спецыялізацыі Рамуальд Улан арганізаваў друкарска-тэхнічны цэнтр: зараджаў картрыджы, раздрукоўваў фотаздымкі, наносіў прынты на майкі і посуд, рэалізоўваў канцылярскія прылады і сувеніры з нацыянальнай сімволікай.

    Паводле іроніі лёсу, сталымі гасцямі ягонага офіса былі супрацоўнікі міліцыі, пракуратуры, суда. Плённая супраца скончылася на пачатку восені 2020-га, калі з ператрусам заявіліся сілавікі. Тое, што Рамуальд Улан спецыялізаваўся на паслугах друку, стала асноўным абгрунтаваннем яго датычнасці да тыражавання «паклёпніцкіх звестак».​ 

    Апошнія больш ужо чым два гады палітвязень адбываў пакаранне і працаваў на розных вытворчых участках гомельскай «хіміі». Летась у лютым яго прыцягнулі да адказнасці пасля экспертызы тэлефона, склаўшы аналагічны нядаўняму пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Быў асуджаны да 14 сутак адміністрацыйнага арышту, які адбываў у гомельскім ІЧУ.

    З «хіміі» палітвязень павінен быў вызваліцца сёлета ў верасні. Аднак нечакана дагнала «амністыя», нюансы прымянення якой пакуль невядомыя. Прынамсі да таго высокапастаўленыя чыноўнікі навыперадкі сцвярджалі, што палітычным падобная палёгка «не паложана». 

    Чытайце яшчэ:

    Журналісты сутыкаюцца з такімі ж праблемамі, як іншыя беларусы ў выгнанні — даклад ПАРЕ

    Сайт MOST, а таксама ўсе праекты і сацсеткі журналіста Руслана Кулевіча прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

    Экспрэс-фактчэкінг. Як заўважыць фэйк і спыніць маніпуляцыю?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці