Выйшла кніга артыкулаў «Савецкай Беларусі» часоў рэдактарства Міхася Чарота
Новая кніга Ганны Севярынец «Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота» выйшла ў выдавецтве Czabor Publishing. Яе можна будзе набыць у кнігарнях Варшавы і Вільні, а таксама на міжнародным фестывалі інтэлектуальнай кнігі Pradmova.
«Асноўны яе змест — выбраныя артыкулы з газеты «Савецкая Беларусь» у 1925–1929 годзе, — піша аўтарка на сваёй старонке ў Facebook . — Я свядома не ўключала туды матэрыялы з першых палос, і там няма тагачаснай палітыкі. Ёсць — жыццё горада і вёскі. Лёсы простых людзей. Ёсць тагачасны крымінал. Ёсць — развагі пра беларусізацыю і нацыянальную культуру».
Таксама ў кнізе ёсць вялікі архіўны дадатак: рэдакцыйная кніга загадаў, выбранае ліставанне з дзяржорганамі, а таксама ўспаміны наборшчыкаў і метранпажаў тагачаснай «Савецкай Беларусі», то-бок — тэхнічных газетных работнікаў, пра якіх заўсёды забываюць, калі гаворка ідзе пра газету. Гэтыя матэрыялы друкуюцца ўпершыню.
Інфармацыя сістэматызаваная ў пяці алфавітных паказальніках. Па іх можна знайсці, напрыклад, артыкул пра канкрэтную вёску ці чалавека.
У прадмове Ганна Севярынец расказвае гісторыю газеты і яе рэдактара Міхася Чарота.
«Кніга выбраных артыкулаў «Савецкай Беларусі» часоў рэдактарства Міхася Чарота мае мэтай у агульных рысах аднавіць раннесавецкую паўсядзённасць, у тым ліку праз гісторыю рэдакцыйных будняў цэнтральнай беларускамоўнай газеты міжваеннага часу — фарпоста беларусізацыі, пляцоўкі для выказванняў новай беларускай інтэлігенцыі, што фармавалася ў спецыфічных умовах кардынальнай змены дзяржаўнага ладу, збудавання новых ідэалагічных канструктаў і зрухаў геапалітычнага ландшафту», — гаворыцца ў апісанні кнігі.
Набыць кнігу можна на фестывалі інтэлектуальнай кнігі Pradmova, у кнігарнях Варшавы і Вільні ці праз інтэрнэт.