Вынесеныя прысуды за абразу прэзідэнта
БАЖ паслядоўна выступае за дэкрыміналізацыю дыфамацыі, то бок правапарушэнняў, звязаных з выказваннем ацэначынх меркаванняў і інш.
У судзе Полацка і Полацкага раёна 4 красавіка вынесены прысуд жыхарцы вёскі Дуброўны Любові Цвярдовай. 60-гадовую жанчыну абвінавацілі ў «абразе прэзідэнта Беларусі» па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
На сваёй старонцы ў «Аднакласніках» жанчына пакінула паведамленне, «якое мае негатыўную ацэнку прэзідэнта Рэспублікі Беларусь («фашыст»), напісала каментар са словамі («усе фашысты»)». Таксама яна пакінула каментар «фашыст» у адным з тэлеграм-каналаў пад пастом з фотаздымкам Лукашэнкі.
Суддзя Віктар Баліка прысудзіў Любові Цвярдовай чатыры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і штраф у памеры 3 200 рублёў, паведамляюць праваабаронцы.
А ў судзе Ашмянскага раёна вынесены прысуд у дачыненні да Ягора Багдзевіча, якога вінавацілі ў абразе прэзідэнта паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Паводле абвінавачвання, Ягор з дапамогай спецыяльнага прыкладання зрабіў 10 ролікаў з урыўкамі з фільмаў і музычных кліпаў працягласцю да 10 секунд, у якіх твар кінагероя ці спявачкі мяняў на твар Лукашэнкі. Ён размясціў ролікі ў гарадской групе ў тэлеграме.
Варта адзначыць, што злачынства, якое ставіцца ў віну Ягора, было здзейсненанае да ўступлення ў сілу зменаў у Крымінальны кодэкс. Паводле папярэдняй рэдакцыі кодэкса, абвінавачанаму па ч. 1 арт. 368 не можа быць прызначана больш за два гады абмежавання ці пазбаўлення волі. Аднак суддзя Віталь Казакевіч прызначыў Багдзевічу 2,5 года «хіміі».