Выйшаў чацвёрты нумар “Слонімскага краю” (+ PDF версія)
Сёлета ў сакавіку ў Слоніме закрыўся апошні ў горадзе кінатэатр “Мір”, які ўрачыста адкрылі на кастрычніцкія святы ў 1959 годзе. З такой навіны на першай старонцы пачынаецца № 4 электроннага краязнаўчага бюлютэню “Слонімскі край”.
У свой час аўтар гэтых радкоў пачынаў працоўную дзейнасць у Слонімскіх кінасетках і “круціў” кіно ў якасці кінамеханіка-стажора ў кінатэатры “Мір”. Таму, натуральна, я і пачаў знаёмства са зместам апошняга нумару бюлютэня якраз з гэтага матэрыяла Сяргея Чыгрына.
На першай яго паласе (бюлютэнь звярстаны як часопіс і прапануецца чытачам у PDF-фармаце) ёсць анонс артыкула пра слонімскія публікацыі ў нямецкамоўных газетах “Deutsche Kriegszeitung von Baranowitschi” (“Нямецкая ваенная газета ў Баранавічах”) і “Kriegszeitung von Baranowitschi” (“Ваенная газета ў Баранавічах) у 1916 – 1918 гадах аўтарства Сяргея Ярша, які таксама адзначыўся ў гэтым нумары артыкуламі “Пра “мора Герадота” каля Слоніма на шведскай карце 17 ст.”, “Анатоль Іверс: Павінен ехаць на месячныя курсы кіраўнікоў узрыўных работ…”, падрыхтаваў слонімскі краязнаўчы каляндар на травень і краязнаўчую хроніку.
Вялікі матэрыял “Слонімскае княства і яго князі” пра гісторыю Слонімскага княства ХІІ — ХІV ст. і пра лёсы яго князёў змясціў Васіль Герасімчык. Ён жа прааналізаваў кнігу 1898 года выдання Івана Раманоўскага пра “рускі” Слонім.
У нумары змешчаны працяг успамінаў пра жыровіцкія святыні Васіля Супруна. Знойдзе тут чытач і артыкул пра першага рэдактара слонімскай раёнкі “Вольная праца” 1939 года выдання Іосіфа Чарняўскага аўтарства Сяргея Чыгрына.
У рубрыцы “Іn memoriam” — сумная навіна пра смерць у Гродне краязнаўцы і грамадскага дзеяча Аляксандра Талерчыка, ураджэнца вёскі Парэчча на Слонімшчыне.
Адзін з аўтараў “Слонімскага краю”, Сяргей Ёрш, заўважыў, што ў іх творчым калектыве няма галоўнага рэдактара, а ёсць рэдактар нумара, якім на гэты раз ён і з’яўляецца. Такая вось дэмакратычная рэдакцыйная і аўтарская суполка склалася ў землякоў.
Тым часам выдаўцы бюлютэню запрашаюць да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых у гэтым слонімцаў, дзе б не жылі яны ў свеце.
Дапытлівы чытач можа заўважыць у выдавецкіх дадзеных электроннага “Слонімскага краю” пазнаку тыражу — 100 асобнікаў. Як патлумачылі на гэты конт выдаўцы бюлютэню, у іх планах — выдаць з часам усе нумары ў папяровай версіі, таму і пазначаюць тыраж.
А наогул, ад нумара да нумара бюлютэнь атрымліваецца ўсё больш змястоўным і цікавым не толькі для гісторыкаў ды краязнаўцаў, але і для звычайных жыхароў Слонімшчыны. Прынамсі, аўтар гэтых радкоў — адзін з іх.