Выйшаў першы рэгіянальны краязнаўчы часопіс “Паазер’е”
Глыбоцкія журналісты разам з краязнаўцамі выпусцілі першы рэгіянальны краязнаўчы часопіс “Паазер’е”. Ён выйшаў накладам 60 асобнікаў на аматарскіх пачатках пры падтрымцы вядомага грамадскага дзеяча і выдаўца з Паставаў Міхася Гіля. Часопіс змяшчае гістарычныя і краязнаўчыя матэрыялы аўтараў так званага заходняга Паазер’я.
Паводле слоў Міхася Гіля, у яго назапасілася вялікая колькасць краязнаўчых і гістарычных матэрыялаў. Раней ён друкаваў кнігі, цяпер вырашыў сістэматызаваць напрацаванае і выдаць у выглядзе часопіса.
— Да гэтага на Пастаўшчыне выдаваўся падобны часопіс “Нашы карані”, але з‑за фінансавых прычын спыніў сваё існаванне. Потым пачалі выдаваць кнігі. Затым узнікла ідэя рэанімаваць выданне часопіса. Але вырашылі змяніць назву, як калісьці называўся наш рэгіён — Паазер’е. У яго ўваходзілі тыя раёны, якія раней належалі Віленскаму ваяводству.
Паводле тэхнічнага рэдактара і ідэйнага натхняльніка стварэння часопіса “Паазер’е” Леаніда Юрыка, ідэя ўзнікла ўжо даўна, але доўгі час не ўвасаблялася ў жыццё.
— Падштурхнула нас да гэтай працы такая падзея, як часопіс “Наша гісторыя”, што выдае “Наша Ніва”. Шмат краязнаўчых матэрыялаў з’яўляецца на сайтах, шмат людзей займаецца гэтым, але ўсё гэта не было абагульнена. Вось і мы вырашылі зрабіць такі часопіс, каб людзі змаглі размяшчаць свае матэрыялы, каб такім чынам засталася памяць і надалей.
Краязнаўчы часопіс “Паазер’е” глыбачане плануюць выдаваць адзін раз на месяц. Да друку абяцаюць прымаць матэрыялы ўсіх зацікаўленых гісторыкаў і краязнаўцаў, нават з іншых рэгіёнаў. Распаўсюджваць збіраюцца праз знаёмых або па замове праз інтэрнэт. Таксама плануюць перадаваць асобнікі ў бібліятэкі і музеі.