• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я думаў, мяне арыштуюць па крымінальнай справе». Журналіст Ігар Ільяш расказаў пра свой арышт і справу супраць жонкі

    Пасьля 15 дзён арышту выйшаў на волю журналіст тэлеканалу «Белсат» Ігар Ільяш. Яго накіравалі ў ізалятар за тое, што ён нібыта браў удзел у пратэсьце.

    У турме застаецца жонка Ігара журналістка Кацярына Андрэева. Яе затрымалі, калі вяла стрым з акцыі пратэсту на «плошчы Перамен», дзе быў зьбіты Раман Бандарэнка.

    І калі Ігара быў пад адміністрацыйным арыштам, то супраць Кацярыны распачалі крымінальную справу — яе абвінавачваюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Журналістку ўтрымліваюць СІЗА ў Жодзіна. Ёй пагражае да трох гадоў турмы.

    Ігар Ільяш расказаў «Настоящему времени» пра тое, як ён адбываў свой арышт і што яму вядома пра справу супраць жонкі.

    — Як вы сябе адчуваеце, як правялі гэтыя дні?

    — Адчуваю сябе добра. Гэтыя дні правёў, скажам так, няроўна. Першыя чатыры дні пасьля этапу ў Баранавічах мы былі ў жудаснай камэры. Гэта быў паўпадвал, бэтонная падлога, сырое халаднаватае памяшканьне, іржавыя жалезныя нары. Памер камэры — 3×5 мэтраў, куды ўціснулі дзесяць чалавек. Гэта значыць, там нават проста хадзіць — стандартная турэмная забава, хадзіць з кута ў кут — было немагчыма. Там не было дзе зрабіць больш за тры крокі. Празь некалькі дзён разумееш, што ты ў нейкім дурмане ад адсутнасьці руху, ад сырасьці пастаяннай і адсутнасьці сьвежага паветра.

    Але пазьней нас перавялі ў больш прымальныя ўмовы, у камэру, дзе быў нават нейкі касмэтычны рамонт. І, у прынцыпе, рэшту тэрміну адміністрацыйнага мы правялі, скажам так, у больш-менш нармальных умовах, наколькі гэта магчыма ў турме. Так што нельга сказаць, што менавіта ў турме, у СІЗА ў Баранавічах, пэрсанальна спрабавалі стварыць мне нейкія невыносныя ўмовы. Я быў у тых самых умовах, у якіх цяпер знаходзяцца ўсе палітычныя, якія ў Беларусі цяпер праходзяць паводле артыкулу 23.34 КаАП, па якім асудзілі ў тым ліку і мяне, па якім праходзяць тысячы людзей.

    — Сьледзтва ад вас нечага дамагалася? Як увогуле да вас ставіліся наглядчыкі?

    — Зноў жа, не было заўважана з майго боку нейкай перадузятасьці менавіта да мяне. Ставіліся да мяне гэтак сама, як і да астатніх палітычных затрыманых. Я скажу, што, у прынцыпе, я рыхтаваўся да гэтага затрыманьня, я разумеў, што пасьля таго, як арыштавалі маю жонку, хутчэй за ўсё, з дня на дзень прыйдуць і па мяне. Больш за тое, калі да мяне ўламіліся ў кватэру, я думаў, што мяне будуць арыштоўваць у крымінальнай справе. Але ўсё абышлося «суткамі».

    Але тым ня менш я выдатна разумею, што ціск на мяне наўрад ці скончыўся, і цалкам магчыма, мяне неўзабаве паспрабуюць ізаляваць зноў. Адзначу, што пратакол на мяне фальсыфікаваў асабіста намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі маёр Пунчык. Гэта вышэйшы афіцэрскі склад Цэнтральнага РУУС. Гэта дазваляе меркаваць, што замова «закрыць» мяне, ізаляваць на гэтыя 15 дзён паступіла як мінімум ад ГУУС, ад кіраўніцтва менскай міліцыі, а то і зь міністэрскага ўзроўню.

    — У справе жонкі вас дапытвалі? Што вядома пра яе?

    — У гэтыя 15 дзён не было допытаў у справе жонкі. Я заставаўся ў інфармацыйнай ізаляцыі. Я пісаў адразу пасьля затрыманьня лісты жонцы ў жодзінскае СІЗА, але адказу ад яе не прыходзіла за гэты час. І гэта падстава думаць, што ёй спрабуюць стварыць нейкі інфармацыйны вакуўм. Але, як мне ўжо паведамілі пасьля майго вызваленьня родныя, са Сьледчага камітэту тэлефанавалі наконт мяне і прасілі прыйсьці на допыт у якасьці сьведкі. У якасьці сьведкі пакуль што ў справе жонкі. Трэба сказаць, што ў Беларусі, асабліва ў такіх палітычных справах, статус сьведкі вельмі хутка пераходзіць у статус падазраванага і абвінавачанага. Так што мы яшчэ паглядзім, чым гэта ўсё закончыцца.

    Яшчэ раз падкрэсьлю: для мяне было зьдзіўленьнем, што мяне вызвалілі пасьля 15 сутак, не дадалі новага адміністрацыйнага арышту, не арыштавалі ў крымінальнай справе. Але зараз паглядзім, якія пляны на мяне ў спэцслужбаў.

    — Гэта значыць, у якім стане Кацярына і што зь ёй, вам таксама невядома?

    — Наколькі я даведаўся ад родных і калег, яна працягвае вельмі стойка трымацца, яна не прызнае сваёй віны і не дае паказаньняў у сваёй крымінальнай справе, цалкам сфальшаванай. Гэта значыць, Каця працягвае адстойваць лінію сваёй невінаватасьці і таго, што яна знаходзіцца ў зьняволеньні з палітычных матываў.

    — Ці маеце вы намер выяжджаць з краіны?

    — Не, безумоўна, я не паеду з краіны, пакуль мая жонка застаецца за кратамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці