Як беларуская прапаганда прадстаўляецца «Белсатам» і што рабіць чытачам, гледачам і экспертам
Беларуская прапаганда пачала практыку фэйкавых званкоў. «Белсат» тлумачыць, што адбылося і як засцерагчыся ад падману.
Што адбылося?
У нядзелю, 18 лютага, на прапагандысцкім канале БТ Марыя Пятрашка паспрабавала пераканаць гледачоў у тым, што на тэлеканале «Белсат» нехта злівае запісы размоваў. У якасці прыкладу прадэманстравалі размову прадстаўніцы кампаніі «Сумленныя людзі» Аленай Жываглод нібыта з журналісткай «Белсата». Спадарыня Пятрашка намякнула: у рэдакцыі ёсць крот, які злівае інфармацыю БТ, і крату гэтаму ўсё залічыцца ў будучыні.
Што адбылося насамрэч?
Як высветлілася, Алена Жываглод сапраўды размаўляла з кімсьці. Вось толькі не з журналісткай «Белсата», а з фэйкавым акаўнтам, зробленым пад журналістку «Белсата». Прапагандысты стварылі клон акаўнту ў «Тэлеграме» журналісткі «Белсата», змяніўшы ў ніку ўсяго адную літару.
Чаму гэта сурʼёзна?
Стварыць фэйкавы акаўнт сапраўды не так складана. Дастаткова ведаць асобу, ейны сапраўдны акаўнт у сацсетках, падмяніць адную літару (ці лічбу), дадаць у профіль фота таго ж журналіста. Гатова! Хто хутка зразумее, калі табе раздаецца званок, што тэлефануе прапагандыст? Наўрад ці нашыя эксперты ведаюць усіх журналістаў па голасе. Выпытаць інфармацыю такім чынам не складана. Зусім нядаўна калегі з «Еўрарадыё» папярэджвалі, што хтосьці стварыў фэйкавы акаўнт рэдакцыі ў «Тэлеграме». Магчыма, дасведчаныя чытачы зразумеюць, што штосьці не так. Але калі з дзесяці чытачоў адзін не зразумее, гэта таксама трагедыя.
Калі ж прапаганда ўзялася за стварэнне фэйкавых акаўнтаў журналістаў, рэдакцыяў, варта быць пільнымі.
Як сябе аберагчы?
Усім чытачам, гледачам і экспертам «Белсат» раіць быць пільнымі. Калі штосьці выклікае ў вас сумнеў (імя журналіста, адсутнасць ранейшай з ім перапіскі), гэтую асобу варта ідэнтыфікаваць. Напішыце ў рэдакцыйны бот (сапраўдны, не фэйкавы), альбо рэдактару ці журналісту, якіх вы дакладна ведаеце, пытанне: гэта ваш журналіст? Цягам пары хвілінаў рэдакцыя адкажа, хто з вамі спрабуе звязацца – журналіст «Белсата» ці прапагандыст з БТ? Перад тым, як тэлефанаваць, журналіст «Белсата» заўсёды вам напіша і прадставіцца.
Будзем пільнымі разам.
Каманда «Белсат» belsat.eu
Чытайце яшчэ:
«Яны баяцца і разумеюць, што нас думаць па-іншаму не прымусіш». Інтэрв’ю з Вольгай Такарчук
«Доўгія тэксты чытаць не будуць». Рэдактарка раёнкі патлумачыла, чаму праграмы кандыдатаў у дэпутаты амаль незаўважныя ў дзяржаўных СМІ
Што рабіць, калі ў Беларусі стануць блакаваць VPN — і ці трэба хвалявацца ўжо зараз