• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як не даць сябе зламаць? Івулін — пра гатовых і не гатовых да зоны, віну перад іншымі вязнямі і карму лукашыстаў

    Аляксандр Івулін, аўтар ютуб-канала «ЧестнОК» і футбаліст, правёў 20 з паловай месяцаў за кратамі па палітычным абвінавачванні. Што вынес ён з турмы? Што застаецца ў ім адтуль? Пра гэта «Наша Ніва» паразмаўляла з ім.

    «Выбраў дарогу — ідзі па ёй»

    Да апошняга спадзяваўся, што мне дадуць хімію з накіраваннем. Але хлопцы ў камеры мне і казалі, што дакладна атрымаю не менш за паўтара года [калоніі], бо доўга быў у СІЗА, пакуль рабілі экспертызу ўсіх маіх ролікаў. Дарэчы, у выніку не знайшлі ў іх ніякіх дзеянняў пабуджальнага характару, распальвання варожасці і гэтак далей, і гэта дадавала мне надзеі на лепшае. 

    Зняволенне для мяне — досвед, які застаецца са мной і які зрабіў мяне лепшым, хаця гэта і можа дзіка гучаць. Ні пра што не шкадую, класна рабіць выбар, калі ў цябе няма альтэрнатывы. Мне прапаноўвалі каяцца, кагосьці здаць і атрымаць «хатнюю хімію», але я абраў іншы шлях — не «сябраваць» з імі і паехаць у калонію.

    У мяне і думкі не было гуляць у іх гульні. Калі б я стаў хітраваць, я б не выйграў у тых людзей, бо ў іх нашмат больш досведу. Таксама, калі б я пагадзіўся на пагадненне, потым мне б спатрэбіўся суперпсіхолаг, каб усё гэта прапрацаваць, бо мне было б цяжка глядзець на сябе ў люстэрка.

    Калі апынуўся ў калоніі, там фатаграфавалі нас для бірак на адзенне. Усе фоткаліся з каменнымі тварамі, а я вырашыў — не, буду ўсміхацца!

    Так што бірка ў мяне была з усмешкай, ды і сам я пастаянна ўсміхаўся, мяне праз гэта сцябалі і іншыя вязні, і канваіры — маўляў, што ты такі давольны? У канцы проста казаў, што ў мяне такі прыкус, адчапіцеся ад мяне. Усміхацца было маёй пазіцыяй, такой схаванай формай пратэсту.

    А яшчэ пасля кожнага этапа ёсць традыцыя, калі разам з табой п’юць гарбату і расказваюць, які ты цудоўны, калі ты насамрэч неблагі чалавек. І пра мяне столькі разоў казалі «пазітыўны», што прасіў гэта не рабіць, пытаўся: «Вам не здаецца, што ў маім выпадку гэтае слова моцна дэвальваванае?». Так што нават у дробязях можна праяўляць пазіцыю.

    Нельга чагосьці дасягнуць, калі ты не выходзіш з зоны камфорту. Пераадоленне нараджае прагрэс, ты робішся мацнейшым, калі нешта пераадольваеш. Мы шмат гадоў прымалі правілы гульні ў нашай краіне, і цяпер яны сталі зусім пякельныя, але само сабой нічога не зменіцца. Выбраў дарогу — ідзі па ёй, вось і ўсё.

    «Сістэма хоча нанесці такі боль, каб ты не хацеў яго паўтараць»

    У мяне была байка з надпісам «Кайф, кайф, кайф», і я паехаў у ёй кантавацца на Акрэсціна.

    Насамрэч байка была дужа класная, з вялікім капюшонам, і можна было закрываць ім вочы, каб не бачыць святло, што не выключалі на ноч. Хацеў у ёй ісці на суд, але адвакат сказаў мне, маўляў, спачатку вырашы свае пытанні, а потым кайфуй.

    Акрэсціна дакладна павінна стаць музеем. Увогуле, [пенітэнцыярную] сістэму трэба змяняць, бо яна цябе не выпраўляе, і гэтыя перамены ў сістэме — пытанне не аднаго года і дзесяцігоддзя. Яна хоча запужаць, каб ты стаў максімальна згаворлівы, як па Оруэле, нанесці такі боль, каб ты не хацеў яго паўтараць, гэта не пра выхаванне.

    У калоніі мяне надта трыгерыла стаўленне да [вязняў] нізкага статусу. Гэта людзі, якія ўвесь тэрмін толькі мыюць туалеты, яны камунікуюць толькі з гвалтаўнікамі і [вязнямі з] іншымі артыкуламі, звязанымі з палавой недатыкальнасцю. Гэтыя людзі нават візуальна страшныя. Для мяне было дзіка, калі я пабачыў, як вязень нізкага статусу ўціскваецца ў сценку, калі я праходжу міма, бо, па правілах, ён мусіць даць мне прайсці.

    Прабыў шэсць дзён у ШІЗА, але ў параўнанні з Акрэсціна там было норм — нас было двое ў ШІЗА на шэсць месцаў! Атрымаў заказны ліст і чытаў яго, лежачы на ложку ў бараку. Мяне пабачылі — і ўсё, паехаў на ШІЗА.

    Самае страшнае — трапіць туды ў міжсезонку, калі там не працуе ацяпленне: усё холадна, адусюль скразняк. А мяне закрылі летам, калі на вуліцы было спякотна, у ШІЗА таксама было нармальна па тэмпературы. Спаць на дошках мяне навучыла Акрэсціна, так што ўсё файна. Хапала месца на тое, каб прайсціся, пазаймацца спортам, хаця ў асноўным у ШІЗА ты проста думаеш і аналізуеш жыццё.

    Калі прыязджаеш у калонію і сядзіш на каранціне, табе даюць падпісаць паперу, што ты абяцаеш станавіцца на шлях выпраўлення, наведваць розныя мерапрыемствы і гэтак далей. Некаторыя вязні яе прынцыпова не падпісваюць, гэта ўспрымаецца як непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі, і іх адпраўляюць у ШІЗА. Трымаюць там, пакуль чалавек усё не падпіша. Калі ён гэтага не робіць, могуць адаслаць яго на турэмны рэжым ці дадаць тэрмін па 411 артыкуле («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». — «НН»).

    Я сядзеў з такім «безпапернікам», ён меў тэрмін за цяжкія цялесныя [пашкоджанні]. Казаў яму, што яго, хутчэй за ўсё, раскруцяць па 411 артыкуле, ён мне, маўляў, застаўся год сядзець, усё будзе нармальна. А для таго, каб цябе раскруцілі па 411‑м, дастаткова некалькіх ШІЗА, ПКТ і некалькіх адмоў выконваць законныя патрабаванні адміністрацыі. Праз паўгода пабачыў яго прозвішча на стэндзе сярод тых, каму дадалі тэрмін па 411‑м.

    Наконт стэндаў: у калоніі ёсць білборды, дзе напісаныя розныя «моцныя» цытаты. Маёй улюбёнай была цытата Вальтэра: «Праца пазбаўляе чалавека ад трох галоўных зол — нуды, заганы і галечы». Калі гэта пабачыў, адразу ўспомніў Асвенцім і шыльду над уваходам туды «Arbeit macht frei», то-бок «Праца вызваляе».

    «На зоне ёсць пэўныя правілы, і калі ты нармальны чалавек са стрыжнем, усё будзе файна»

    Кожны палітвязень успрымае падтрымку па-рознаму. Мне было цікава, што мне пішуць незнаёмыя людзі, прасіў іх расказваць пра сябе, пра побыт і падарожжы, радаваўся, што ў людзей ёсць сваё жыццё. Камусьці, наадварот, было цяжка чытаць у лістах ад сяброў, як яны паехалі на мора ці купілі новую машыну. Але я такім лістам радаваўся, бо і на зоне ты можаш атрымліваць задавальненне ад жыцця, усміхацца і кайфаваць ад некаторых рэчаў.

     

    Трэба проста знайсці ў лістах баланс паміж пазітывам і негатывам, расказваць чалавеку, што адбываецца, каб ён не страціў сувязь з рэальнасцю. Лепш за ўсё, калі адчуваеш эмпатыю і клопат, і вельмі важна разумець, што ты не адзін і пра цябе памятаюць. А яшчэ любы вязень — не дурны, і нават калі яму нешта не кажаш, ён можа зразумець з паўнамёкаў, што ў цябе адбываецца.

    Вядома, што перадаюць не ўсе лісты, але нічога не робіцца ў пустэчу, і зараз даведваюся, колькі мне на самай справе пісалі. Гэта надта прыемна. Адзін палітвязень намаляваў сябрам 15 вельмі класных паштовак, а атрымаў толькі адну ці дзве ў адказ, і незразумела, ці выйшлі яго паштоўкі з калоніі. Ён вельмі лаяўся пра цэнзараў, і я быў з ім згодны.

    Шмат каму з палітвязняў там цяжка. Не кажу пра ўсіх, але сярод такіх людзей хапае тонкіх душэўных натур, звыклых да перапісак у фэйсбуку і не гатовых да зоны, хаця ніхто невінаваты не павінен быць да яе гатовы. Ім цяжка, бо іх там шмат хто не разумее.

    На зоне ёсць людзі, якія сядзяць 5, 10 гадоў, і яны не надта ўсведамляюць, што было ў 2020 годзе. Пытаюцца, навошта былі пратэсты, і багата хто з бчб-хлопцаў не можа даць абгрунтаваны адказ, ад гэтага ўзнікае дысананс. Яны класныя, але не бачыў у некаторых з тых вязняў нейкага жыццёвага досведу, адаптацыі да жыцця, разумення, што і як рабіць.

    Таксама, калі з’явілася шмат палітвязняў, на зоне стала цяжка і звычайным вязням, бо стаўленне да ўсіх стала больш жорсткім. У такіх умовах негатыў ідзе ў бок інтэлігентных хлопцаў, не прыстасаваных да жыцця ў такіх умовах.

    Але на зоне ёсць пэўныя правілы, і калі ты іх прытрымліваешся, калі ты нармальны чалавек са стрыжнем, усё будзе файна. Хаця і ў мяне там не ўсё было класна, месяцы чатыры сышло на адаптацыю.

    «Для мяне было важна не змарнаваць гэтыя 20 з паловай месяцаў, а чамусьці навучыцца»

    Пасля вызвалення правёў некалькі дзён у Мінску. Быў у спальным раёне, бо не хацеў з’яўляцца ў цэнтры, каб мяне ніхто не пазнаў і не стала заўчасна вядома, што я выйшаў. Але і там адчуваў, нібыта навокал шмат людзей і ўсе на цябе глядзяць. Сам Мінск мне падаўся вельмі шэрым, пустым і дэпрэсіўным, хаця я вельмі мала дзе хадзіў, але шмат хто кажа, што так яно і ёсць.

    Калі прыляцеў у Грузію, мы сустрэліся з сябрамі і паехалі ў тусовачнае месца накшталт нашай Зыбіцкай. Заходзіш туды і бачыш, як людзі проста кайфуюць, выпіваюць і атрымліваюць задавальненне ад жыцця. Ты глядзіш і думаеш — вау, у іх увогуле няма клопатаў, так можна? Гэта было вельмі незвычайна і незразумела для мяне. У Беларусі напоўніцу саджаюць палітвязняў, ва Украіне ідзе вайна і людзі паміраюць тысячамі, але ў людзей жыццё працягваецца.

    Што ўва мне змянілася пасля турмы? Цяпер кожны раз мыю посуд, а да гэтага ў мяне ў кватэры магла стаяць гара немытых талерак. Зараз жа мне кажуць, што можна карыстацца пасудамыйкамі, але ў мяне рэфлекс мыць за сабой посуд, бо на зоне ты мусіш вельмі сачыць за ўсімі побытавымі рэчамі.

    Таксама ў мяне моцна пашырыліся гарызонты, стаў лепш разбірацца ў людзях. Зразумела, што ёсць розныя людзі, добрыя і дрэнныя, але пакуль не маеш адпаведнага досведу, не ўсведамляеш гэта надта глыбока. Сяброўства, каханне, дабро і зло — шмат якія рэчы для мяне цяпер сталі аб’ёмнымі, раней гэта было 2D, а цяпер — 3D.

    У Беларусі жудасная цэнтралізацыя, з рэгіёнаў шмат хто едзе ў Мінск, каб дастойна зарабляць. У рэгіёнах застаюцца тыя, каму і так добра, і чым далей ад Мінска, тым больш адчуваецца розніца. Гэта нюанс, які я для сябе зразумеў і прапрацаваў, бо

    адна справа — людзі, з якімі сядзіш на Акрэсціна і Валадарцы, і зусім іншая — тое ж СІЗА ў Баранавічах.

    Просты прыклад: закідваюць да нас алкаголіка, які ўвесь трасецца, расказвае, што ўзялі яго за туі. Ён прыйшоў ноччу да гарвыканкама ў Мікашэвічах, выкапаў ля яго дзесяць новых туй, прадаў мянту за сто рублёў, той яго здаў, і зараз ён едзе ў калонію.

    Гэта вялікая розніца з палітычнымі асуджанымі, якія ўвогуле не павінны знаходзіцца ў такіх месцах, з імі можна пра нешта пагутарыць, а з такім чалавекам ты пра што будзеш гутарыць? Калі ляглі спаць, у яго яшчэ белачка пачалася, крычаў, што па ім бегаюць пацукі.

    Шмат хто мне кажа, што за зняволенне мой унутраны свет і прынцыпы не надта змяніліся, проста ў вачах стала больш глыбіні, разумення і асэнсаванасці.

    Для мяне было важна не змарнаваць гэтыя 20 з паловай месяцаў, а чамусьці навучыцца, прачытаць як мага больш — у мяне атрымалася прачытаць 135 кніг.

    Дарэчы, калі сабраў сяброў на наваселле, яны пыталіся, што мне падарыць — прасіў у іх кніжкі. Яны кажуць, што планавалі мне набыць адпарвальнік, адказваю, маўляў, вы не разумееце, гэта ўсё мірское (смяецца)!

    «Шмат для каго толькі пачынаецца тое, праз што я прайшоў»

    Калі трапляеш у нейкія экстрэмальныя сітуацыі, думаеш пакінуць сабе памяць пра іх, і прасцей за ўсё зрабіць гэта з дапамогай татуіроўкі. Мама, калі прачытала недзе, што я жадаю сабе нешта набіць, вельмі прасіла, каб толькі не рабіў гэта за кратамі. Але ў «Воўчых норах» ужо даўно не б’юць татуіроўкі, гэта забаронена, бо лічыцца падтрымкай зладзейскіх традыцый.

    Жадаю вынасіць ідэю пра татуіроўку, але, хутчэй за ўсё, нешта я сабе наб’ю. Напэўна, гэта будзе тату на назе, нешта пра лічбу 25, вельмі важную для мяне, бо з ёй звязана вельмі шмат падтрымкі, якую я атрымаў. Расказваў, чаму ўзяў у «Крумкачах» нумар 25 — бо ён у мяне асацыюецца з Днём Волі, дужа важнай для мяне датай, пачынаючы з БНР-100, стараўся хадзіць на ўсе яе святкаванні. Потым, у «Воўчых норах», сядзеў на сектары 2.5, і калі праз Расію ляцеў з Беларусі, пасадачны талон у мяне быў з нумарам 2.5, нейкая магія (усміхаецца).

    Памятаю ўсе тыя гісторыі, калі людзі пакутавалі проста праз тое, што хацелі мяне падтрымаць: дзяўчаты з шарыкамі з лічбамі 2 і 5, суткі за цішотку з лічбамі 2 і 5, хлопец, які прыходзіў да мяне на суд, футбалісты, якім зрабілі ата-та за публічную падтрымку мяне. Гэтая ўвага — класная, але адчуваю сябе трохі складана, бо людзі праз падтрымку мяне вымушаныя цярпець.

    Я выйшаў і ў бяспецы, усё добра, жыву ў цэнтры Варшавы і атрымліваю шмат увагі. Часам лаўлю сябе на думцы, што кладуся спаць у зручным ложку, ем што хачу і магу выбіраць, што рабіць, а ў той жа час людзі ў беларускіх турмах ідуць на промку і з промкі, стаяць на праверках, і гэты дзень сурка ў іх усё працягваецца. Адчуваю дыскамфорт, што я — тут, а яны — там. Шмат для каго толькі пачынаецца тое, праз што я прайшоў, прычым пачынаюцца не мае два гады, а страшныя тэрміны, 10–12 гадоў і гэтак далей.

    Разумееш, што жыццё ў гэтых людзей не цукар, і ў той жа час табе трэба жыць сваё жыццё, але не можаш забыць той свет. Максімум, што зараз можна зрабіць — гэта добра і якасна выконваць сваю працу і тое, што ў цябе атрымліваецца, а таксама па магчымасці дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў месцах зняволення — напісаць ліст, заданаціць у фонд, нешта зрабіць для родных. Гэта нейкае неўсвядомленае пачуццё віны, я яго прапрацую, і ўсё будзе файна, але зараз яно прысутнічае.

    «Жыццё іх усё роўна пакарае, і больш строга, чым праз пазбаўленне волі»

    Калі ты за кратамі, ты сканцэнтраваны, бачыш абставіны і прыкладна разумееш, як трэба сябе паводзіць. Родныя і сябры вязня, наадварот, не могуць ні на што паўплываць, яны вымушаныя проста чакаць, і гэта нашмат цяжэй. У працэсе [зняволення] ты чамусьці вучышся, а твае родныя тым часам жывуць не толькі сваё жыццё, а і тваё. Згодны з тым, што незаслужанае пакаранне адбываюць не толькі палітвязні, але і тыя людзі, каму гэты чалавек дарагі. Такіх людзей вельмі шмат: маем афіцыйна паўтары тысячы палітвязняў, дык гэтую лічбу трэба памножыць як мінімум на дзесяць. А яшчэ дужа багата людзей, асуджаных па палітычных артыкулах, якія не прызнаныя палітвязнямі, і ўсё гэта разам — страшныя лічбы. Так, усё сумна і не надта добра, але мы павінны рабіць сваю справу і не апускаць рукі. Калі ты здасіся, лепш не стане.

    Што зараз унутры ў палітвязняў? Усё залежыць ад чалавека і ад узроўню падтрымкі. Выдатна разумею, што меў такую падтрымку, якой бы пазайздросціла большасць палітвязняў, гэта неверагодна. Але дужа сумна, што многім будзе нашмат больш цяжка адаптавацца пасля турмы, бо мне былі гатовыя дапамагаць вельмі шмат людзей. У большасці людзей не будзе такога бонусу, і я, наколькі магчыма, жадаю ім быць карысны, неяк дапамагчы.

    Кожны чалавек — асоба, ён па-свойму перажывае зняволенне. Хочацца, каб хлопцы і дзяўчаты хутчэй выйшлі, гэта самае галоўнае. Думаю, вельмі важна дапамагаць у сацыялізацыі тым вязням, якія выходзяць зараз, якія праседзелі ўжо 2–3 гады. Для мяне ўсякая вялікая гісторыя — гэта тысячы і дзясяткі тысяч маленькіх гісторый, і чым большай колькасці людзей мы, беларускае грамадства, зможам дапамагчы, тым круцей.

    Ні на кога не маю ні крыўды, ні злосці, нават на мянтоў. Упэўнены, што нават калі праз 5 ці 10 гадоў яны не паўстануць перад законам, жыццё іх усё роўна пакарае, і больш строга, чым праз пазбаўленне волі.

    Вельмі веру ў карму, жыццё лепш за нас усё пакажа і раскажа. Усім адплаціцца, і ім будзе нашмат цяжэй, чым мне, — я разумеў, што нічога дрэннага не зрабіў, і спаў добра. 

    Чытайце яшчэ:

    «Калі рэжым Лукашэнкі будзе зрынуты, то, напэўна, добрыя стасункі паміж украінцамі і беларусамі адновяцца». Гутарка з рэдактаркай «ВалыньPost» Іванкай Рудзішын

    Ласма Антоневича: Журналисты из Беларуси демонстрируют энтузиазм, но их слабая сторона — неверие в собственные проекты

    «Беларускамоўны TikTok? Так, чулі». Топ TikTok-каналаў па-беларуску

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці