• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як не пераесці інфармацыі? Разважае псіхолаг

    Калі вы бескантрольна седзіце ў навінах або сацсетках, ці думалі вы, што гэта можа несці шкоду? Разам з псіхолагам Наталляй Скібскай расказваем, як зразумець, што ў вас перадазіроўка інфармацыяй і што з гэтым рабіць.

    «Лішак інфармацыі часта толькі ўзмацняе трывожнасць і выклікае лжывае разуменне свету»

    Наталля пачынае з таго, што інфармацыя — карысная для нас рэч, яна дае яснасць. Каб выжываць, нам важна разумець, што адбываецца навокал, якія ў нас пагрозы і перспектывы, мець пэўнасць: «Напрыклад, мы мусім ясна бачыць, куды ідзём і дзе знаходзімся, нам патрэбная зразумелая карцінка, каб арыентавацца на мясцовасці. Але калі вакол туман, мы нічога не бачым. Так і з негатыўнай інфармацыяй — яна не дае цалкам успрымаць рэальнасць».

    Таксама нам патрэбныя рэсурсы для апрацоўкі інфармацыі. Калі даных занадта шмат і мы не паспяваем іх засвойваць і сартыраваць, тады лішак інфармацыі робіцца для нас шкодным. Гэта выклікае стрэс і не дае нам адпачываць, бо мозг, як страўнік, запоўнены непераваранай інфармацыяй. Вынік — шкода эмацыйнаму і фізічнаму здароўю.

    Навіны і інфармацыя робяцца злом і тады, калі ў іх занадта шмат негатыву, калі мы адчуваем, што гэта нас засмоктвае. Тады ўсё навокал робіцца дрэнным, пагрозлівым і страшным, і гэты фон пачынае змяняць наша ўспрыняцце рэальнасці. Так могуць азмрочвацца іншыя часткі жыцця, калі мы на фоне негатыву перастаём заўважаць тое добрае, што маем.

    Як зразумець, што інфармацыі ў вашым жыцці занадта шмат? Псіхолаг тлумачыць: «Першая прыкмета — калі для нас усё робіцца цямнюсенькім, дэпрэсіўным і дрэнным. Напрыклад, калі паглядзець на жыццё аб’ектыўна, там шмат добрага, але мы бачым адно негатыў.

    Па-другое, бывае, што мы не можам заснуць, бо бясконца круцім у галаве атрыманую інфармацыю. Пасля такога чалавек можа ранкам адчуваць сябе так, быццам не адпачнуў ноччу, то-бок ён «пераеў» і мозг не паспявае апрацоўваць інфармацыю. Гэта першыя сімптомы таго, што ў нас інфармацыйная перагрузка. Тады трэба ладзіць дэтокс, дапамагаць мозгу перапрацаваць тое, што «з’елі». 

    Наталля расказвае, што інфармацыйная перагрузка — папулярная праблема, асабліва ў наш час. Сёння мы спажываем за дзень больш інфармацыі, чым паўстагоддзя таму чалавек мог атрымліваць за год, і часам наш мозг не ў стане пераварыць столькі даных. Атрымліваецца знясіленне, бо біялогія наша практычна не змянілася з пачатку інфармацыйнай эры, мы маем тыя ж мазгі, што і нашы продкі. Пры гэтым свет змяніўся, стаў больш хуткім і напоўненым інфармацыяй, і ў выніку мы жывём у істотнай перагрузцы.

    На людзей з больш далікатнай нервнай сістэмай лішак інфармацыі можа ўплываць негатыўна. Але і звычайныя людзі здольныя трапіць пад скажэнне ўспрыняцця свету, мозг можа адказаць на навіны доўгай стрэсавай рэакцыяй, і ў выніку церпіць фізічнае здароўе, не кажучы пра псіхіку. Напрыклад, калі чалавек увесь час напружаны, у яго мускульныя заціскі, праз гэта пачынаюцца праблемы з мускуламі, галаўныя болі, парушаецца забеспячэнне органаў крывёй, што ў выніку выклікае іх хваробы.

    «Мы часам скануем інфармацыю менавіта з патрэбы яснасці — каб разумець, што адбываецца ў свеце, і своечасова кудысьці бегчы, даць рады дрэнным падзеям, карацей, каб выжыць. Аднак лішак інфармацыі часта толькі ўзмацняе трывожнасць і выклікае лжывае разуменне свету — маўляў, ён страшны, варожы і нідзе няма выратавання. Гэта абсалютна не спрыяе душэўнай раўнавазе, чалавек сыходзіць у свет страхаў і дрэнных фантазій», — лічыць Скібская.

    «Уключайце фільтр: трэба мне гэтая інфармацыя ці не, а калі так, то навошта»

    Наш мозг пастаянна паглынае даныя, кажа псіхолаг. Просты прагляд тэлебачання, кнігі, фільмы, усё, што мы чытаем і бачым — гэта ўсё запісваецца ў нашай памяці, і таму трэба фільтраваць тую інфармацыю, што мы спажываем. Для мозга няма вялікай розніцы, мы глядзім фільм жахаў ці перажываем нешта ў рэальнасці, — усё гэта на нас уплывае. Таму трэба быць вельмі выбіральным у тым, што мы спажываем, чытаем ці глядзім, даваць свайму арганізму дастаткова часу, каб перапрацаваць тое, што мы з’елі, і абавязкова ладзіць рэгулярны інфармацыйны дэтокс.

    Наталля адзначае, што

    вечар — час падрыхтоўкі да сну, таму не трэба нагружаць у гэты час мозг. Вельмі важна апошнія пару гадзін дня рыхтаваць арганізм да адпачынку, а не чытаць страшныя навіны, якія нас пужаюць і не даюць нам заснуць.

    Таксама варта правільна перапрацоўваць інфармацыю: «Мы лічым значнымі тыя факты, на якія рэагуем эмацыйна. Таму калі вы ў сябе бясконца загружаеце навіны пра тое, як недзе кагосьці забіваюць, гэта ўплывае на псіхалагічны стан, і мы самі сябе так накручваем. Здаецца, матыў добры: мы хочам разумення і яснасці, магчымасці кіраваць нашым жыццём. Але мы робім сабе горш. Варта чытаць толькі тое, што нам сапраўды трэба, і не больш.

    Задача медыя — даваць навіны, якія будуць вабіць, а задача спажыўцоў — утрымлівацца. Вы ідзяце да касы ў магазіне, і вам ля яе прапануюць непатрэбныя і шкодныя прадукты, і вы на гэта купляецеся, хаця яно вам абсалютна не трэба. Уключайце фільтр: трэба мне гэтая інфармацыя ці не, а калі так, то навошта. Калі я хачу супакоіцца ці нешта зразумець, якая інфармацыя мне для гэтага патрэбная? І не варта ўражвацца».

    Ведаеце пра феномен думскролінгу, калі мы бяздумна сядзім у тэлефоне і гартаем стужку з дрэннымі навінамі? Наталля тлумачыць гэтую з’яву так:

    «Мы запраграмаваныя на тое, каб знаходзіць і прадбачваць небяспеку. Калі чалавек у курсе парадку дня, у яго складаецца адчуванне, што калі ён нешта ўпусціць, гэта можа быць небяспечна. Інфармацыя паглынае чалавека, і ён не можа сябе адтуль выцягнуць. Гэта павышае ўзровень трывогі і патрабуе супакаення, а каб супакоіцца, нібыта трэба больш яснасці. І ты пачынаеш шукаць новую інфармацыю, чытаць болей».

    Без сілы волі тут не справіцца, але Наталля падказвае адзін лайфхак. У той час, калі вы ў рэсурсе, абмяжуйце час за экранам так, каб пасля пэўнага перыяду тэлефон блакаваўся. Або, калі вы заўсёды з тэлефонам, выдаліце дадаткі сайтаў з навінамі ці заблакуйце ў сябе гэтыя рэсурсы. Арганізуйце жыццё так, каб у вас было канкрэтнае месца і час на спажыванне інфармацыі.

    Ранкам вы маеце пэўны запас сілы волі і траціце яго на тое, каб устаць з ложку, пачысціць зубы, дайсці да працы і папрацаваць. Увечары ў вас гэтай сілы волі ўжо можа не быць, таму варта дапамагчы псіхіцы, загадзя прадугледзець свае паводзіны.

    Яшчэ важная падтрымка адзін аднаго, лічыць Скібская: «Можна папрасіць блізкіх ці знаёмых выцягваць нас, калі мы завісаем у навінах, прапаноўваць заняцца чымсьці іншым. Калі мы маем добрыя, цёплыя і стабільныя адносіны, у якіх мы адчуваем сябе бяспечна, час разам з гэтымі людзьмі інвестуе ў наш спакой. У нас ёсць іншыя спосабы даць рады трывозе, акрамя як бясконца скроліць навіны. Варта развіваць схільнасць карыстацца гэтымі спосабамі».

    Абставіны сацыяльнай ізаляцыі — напрыклад, вы эмігрант, у вас няма блізкіх, вы не маеце з кім сустракацца і бавіць час — робяць нас больш трывожнымі. Такое пачуццё трывогі стымулюе пошук спосабаў даць рады, і можна аказацца ў сітуацыі, калі вы седзіце адзін у пустой кватэры, усё навокал жахлівае, і вы пагружаецеся ў думскролінг.

    Калі мы перагружаем наш мозг інфармацыяй, кажа псіхолаг, мы трацім уласныя рэсурсы. Мозг вымушаны скіроўваць энергію, якую ён бы скіраваў на працу нашых органаў і сістэм, на тое, каб даць рады «з’едзенай» інфармацыі. 

    «На дзецях добра бачым, як зацягваюць гаджэты: даеш дзіцяці тэлефон, і яно сыходзіць у віртуальную рэальнасць»

    Як пачынаць лічбавы дэтокс? «З некаторымі кліентамі я разам вызначала, якія навінавыя рэсурсы яны чытаюць. Можна зрабіць гэта самастойна, скласці такі спіс на паперцы. Варта падумаць, як навіны з розных крыніц на мяне ўплываюць і навошта я ўвогуле туды заходжу. Калі я ведаю, якая інфармацыя мне патрэбная, то, як я зайду на пэўны сайт, я не скролю, а шукаю нешта канкрэтнае. Можна і выдаліць, напрыклад, падпіску на пэўныя каналы. Смела вычышчайце лішняе, тое, што робіць ваша жыццё горшым, а ваша светаўспрыманне — больш дэпрэсіўным», — раіць Скібская.

    Прасачыце за сваім экранным часам, тым больш, што для гэтага сёння існуюць спецыяльныя мабільныя дадаткі. Дзе канкрэтна ў віртуальным свеце вы траціце шмат часу? Навошта вам гэта? Нармальна, калі мы ідзём у булачную па хлеб, а ў магазін мэблі — па мэблю, тлумачыць экспертка. Вось і падумайце, ці адказвае крыніца інфармацыі, куды вы звяртаецеся, вашаму запыту.

    Таксама Наталля рэкамендуе арганізоўваць свой час так, каб у вас быў адпачынак ад інфармацыі — напрыклад, выдзяляць дзень, калі вы ўвогуле нічога не чытаеце. Свядома правярайце ўвечары навіны, чытайце выніковыя зводкі за дзень ці глядзіце выніковыя выпускі навінаў. Калі нейкая навіна ў такой зводцы вас зацікавіла, можна прачытаць пра яе больш, але не чытаць усё запар, трэба быць літасцівым да сваіх мазгоў. 

    Усё гэта датычыць дарослых людзей, але ж інфармацыю спажываюць і дзеці. Папулярная з’ява сярод сучасных бацькоў — надоўга ўключыць малому мульцікі ці пакінуць яго сам-насам з іншым кантэнтам. Як на гэта глядзіць псіхолаг? «Трэба вельмі дазіраваць інфармацыю вакол малых дзяцей і добра думаць над тым, калі даваць ім гаджэты. Зразумела, што бацькі і надалей будуць даваць малым гаджэты і ўключаць мульцікі, бо гэта просты спосаб трохі адпачыць ад дзяцей. Дарэчы, на іх добра бачна, як зацягваюць гаджэты: даеш дзіцяці тэлефон і яно сыходзіць у віртуальную рэальнасць. 

    Ёсць карысны кантэнт, а ёсць шкодны, і варта гэта фільтраваць. Вы ж не будзеце даваць дзіцяці ртуць або нітраты, так і з інфармацыяй. Дзеці не усё могуць пераварыць, у іх нясталая нервовая сістэма. Прагляд мульцікаў часта расхіствае яе, у тым ліку праз дзіцячыя перажыванні. Таксама ва ўсіх казках закладзеная пэўная сістэма поглядаў, так што падумайце, што вы загружаеце дзіцяці ў галаву і якія перакананні «з’есць» дзіцё, пакуль яно маленькае і не мае фільтру».

    Чытайце яшчэ:

    Как белорусские журналисты переживают травмы последних трех лет

    «Лучше думать так: „Я уехал навсегда“». Мнение психолога, как избежать синдрома Улисса — возможно, он уже есть и у вас

    «Любое чувство не захватывает нас навсегда». Психолог о том, как сегодня читать плохие новости

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці