• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як спрачаліся палітыкі з журналістамі

    Прынамсі з другой паловы 2000-х ніводная палітычная кампанія ў Беларусі не абыходзілася без “высвятлення стасункаў” паміж палітыкамі і журналістамі – у больш ці менш рэзкай форме.

    Днямі былы палітвязень Мікалай Статкевіч ў інтэрв’ю “Хартыі-97” аддаў належнае мужнасці і прафесіяналізму “большасці незалежных журналістаў” і разам з тым зазначыў, што “ў часе гэтай кампаніі медыя паспрабавалі паказаць спектакль як нешта сапраўднае”. “Асвятленне СМІ гэтых тыпу выбараў і тыпу альтэрнатыўных кандыдатаў, фіктыўных супернікаў Лукашэнкі, было часткай спецаперацыі, арганізаванай уладамі”.

    З публікацыяй у адказ выступіў на mediakritika.by кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі. Журналіст даводзіў, што ў журналістыцы ёсць розныя жанры і, адпаведна, правілы: “Рэпарцёр БелаПАН не можа пісаць у заметцы ад свайго імя “так званыя выбары”, “фарс”, “клаўнада” і да т.п. (нават калі прыблізна так іх асабіста і ацэньвае)”. Прэса рэагуе на інфармацыйныя нагоды, колькасць і якасць якіх ­– справа саміх палітыкаў.

    «Гэта не справа журналістаў — вешаць ярлыкі: вось сапраўдныя змагары, а вось псеўды, агенты», – лічыць А. Класкоўскі. Разам з тым, «гэта права СМІ — ставіць акцэнты, а не проста тыражаваць партыйныя прэс-рэлізы».

    Спрэчкі на тэму «адной лодкі» беларускіх палітыкаў і журналістаў доўжыцца не першы год. Ці змянілася рыторыка за  апошняе дзесяцігоддзе? Прэс-служба ГА «БАЖ» прыгадала ключавыя выказванні палітыкаў, грамадскіх дзеячоў і журналістаў на гэтую тэму. (У тэксце фігуруюць пасады на момант публікацыі.)

     

    2007 год. Артыкул экс-старшыні Беларускай партыі працы Аляксандра Бухвостава «Мимикрия» (www.ucpb.org).

    «Чытаеш нашых дэмакратычных «барзапісцаў» і міжволі задаешся пытаннем: «На каго працуеце, спадары?» У Беларусі зараз дзве партыі: партыя ўлады і апазіцыя – «Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы». Незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў прынцыпе няма, і не можа быць. Ёсць незалежныя журналісты. Але гэта ў дэмакратычнай краіне…

    На жаль, такая атмасфера вакол АДС ствараецца, у першую чаргу, журналістамі і палітолагамі, якія працуюць у выданнях, якія называюць сябе дэмакратычнымі. На самой жа справе гэтыя спадары, прыкрываючыся нібыта сваёй прынцыповасцю, («… для нас не існуе «святых кароў». І калі крытыкі заслугоўвае апазіцыя…, мы не маўчым ў анучку…» – цытата з артыкула Старыкевіча) робяць тое, што на руку ўладзе, а значыць, і працуюць на ўладу.

    Відавочная неабходнасць у газетах і іншых выданнях, якія б неслі ў масы ідэалогію АДС, ідэалогію адзінства ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю, сацыяльныя правы і гарантыі. Павінна быць партыйная прэса і журналісты. У нас адна сёння партыя – АДС».

     

    2007 год, лістапад. Апытанне прэс-службы ГА «БАЖ» з нагоды зяўлення артыкула А. Бухвостава.

    Жанна Літвіна, старшыня ГА “БАЖ”: «Журналісты не абавязаныя абслугоўваць ні рухі, ні асобныя партыі, ні іх лідараў. Задача незалежных журналістаў — зрабіць палітыкаў пазнавальнымі. Не было ніколі цвёрдай пазіцыі ў нашай дэмакратычнай апазіцыі ў дачыненні да незалежнай прэсы. З аднаго боку, ёсць жаданне бачыць у нас саюзнікаў — асабліва пад час палітычных кампаній, — але абсалютна не было і няма ніякіх крокаў для таго, каб стварыць сваю партыйную прэсу. Калі такія выданні з’явяцца, здымецца палова пытанняў да незалежнай прэсы».

    Аляксандр Мілінкевіч, лідар Руху “За Свабоду”: «Калі незалежныя СМІ стануць часткай апазіцыі, гэта будзе ўжо не прэса, а прапаганда. А мы не можам паўтараць тое, што робіць улада. Бывае, у беларускай незалежнай прэсе пішацца тое, што не падабаецца апазіцыянерам. Але гэта не значыць, што трэба ў кагосьці адбіраць права на незалежную думку. Апазіцыя павінна быць самакрытычнай».

    Віктар Івашкевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ: «Я думкі А.Бухвостава не падзяляю. Па-першае, з 1990-га года ў дэмакратычных партыях і арганізацыях спрабуюць стварыць свае друкаваныя органы. Але гэта не надта атрымліваецца, таму што іх ніхто не хоча чытаць — у тым ліку і самі сябры партый. Людзям патрэбная рознабаковая інфармацыя, і місія журналістаў — даваць яе людзям. А прапагандысцкія «рэкламкі» — гэта асобны від прадукцыі, які да журналістыкі мае вельмі адноснае дачыненне… Увогуле, сварыцца з прэсай — гэта тое самае, што пляваць супраць ветру».

     

    2008 год, чэрвень. Круглы стол «Узаемаадносіны незалежных СМІ і дэмакратычнай апазіцыі».

    Нагода: ліст групы палітыкаў і грамадскіх дзеячоў Беларусі да міністра замежных спраў Польшчы Сікорскага – з прапановай стварыць назіральную раду за дзейнасцю электронных медыяў, што вяшчаюць на Беларусь з‑за мяжы.

    Уладзімір Колас, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі: «Я лічу, павінна быць пэўнае эмбарга на “адстрэл” палітычных лідараў. Мы часам з сумам назіраем, як дэмакратычны друкаваны орган спачатку нейкую палітычную асобу ўздымае, а потым ён жа яе і нішчыць. І ўзнікае пытанне – для чаго мы гэта робім? Мы павінны разумець і ўлічваць, што знаходзімся ў сітуацыі канфрантацыі, калі адваротны бок працуе ў прапагандысцкім рэжыме».

    Сяргей Калякін, старшыня Партыі камуністаў Беларускай: «Сёння мы з вамі павінны ўсвядоміць, што знаходзімся ў адной лодцы. І, калі мы разам не будзем змагацца за каштоўнасці дэмакратыі і займацца ў пэўнай ступені прапагандай, ні вы, ні мы не будзем мець ніякай перспектывы, так і застанёмся ў гэтым інфармацыйным гета».

    Віктар Івашкевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ: «Палітыкі павінны ўсвядоміць, што на сённяшні дзень адзіная магчымасць для камунікацыі з грамадствам – гэта незалежная прэса. Спроба кантактаваць праз улёткі – неэфектыўная. Калі ёсць разуменне пазіцыі і ідэі, людзі падтрымаюць, а “насильно мил не будешь”».

    Жанна Літвіна, старшыня ГА «БАЖ»: «Прэса, нягледзячы на сітуацыю ў краіне, не павінна абслугоўваць ні палітычныя рухі, ні асобных палітыкаў. Дзеля гэтага самі партыі, палітычныя рухі ці суб’екты палітыкі павінны ствараць сваю палітычную прэсу».

    Аляксандр Старыкевіч, рэдактар «Салідарнасці»: ««Салідарнасць» «Советской Белоруссией» наадварот не будзе ні пры якіх абставінах. Я хутчэй зачыню гэты праект, чым пачну абслугоўваць тую ці іншую палітычную сілу і займацца наўпроставай прапагандай».

    Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН: «Палітыкі і журналісты гуляюць па розных правілах. У гэтым сэнсе паміж намі заўжды будзе дыялектычнае супярэчанне. Але ж і журналісты, і палітыкі зацікаўленыя ў тым, каб пашырыць абсяг дэмакратыі, каб пашырыць абсяг свабоды слова. Вальтэр казаў: «Я не згодны з вашымі меркаваннямі, але я гатоў пакласці жыццё за тое, каб вы іх маглі свабодна выказваць». Вось гэты падыход мне больш сімпатычны».

    Сяргей Вазняк, рэдактар газеты “Товарищ”: «Калі палітык крыўдзіцца на публікацыі ў прэсе, то яму трэба змяніць месца працы. Бо, вырашыўшы стаць палітыкам, ты павінен быць гатовым да таго, што ўсе твае крокі будуць публічнымі. А калегам-журналістам я заўсёды кажу: «Не забывайце, у якой краіне жывяце!» Бо адна справа – калі журналіст у Швецыі альбо Германіі «страляе» ў палітыка: там чытач мае некалькі альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. У нас у Беларусі, калі нейкая недзяржаўная газета трапіла да чытача, то як рэдактар я разумею, што іншая незалежная газета да яго, хутчэй за ўсё, не трапіць. Таму нашая адказнасць значна большая. Але гэта ўжо пытанне асабістай культуры і прафесіяналізму журналіста».

     

    2008 год, верасень. Прэс-канферэнцыя лідэраў АДС.

    Сяргей Калякін, старшыня Партыі камуністаў Беларус­кай: «Я магу ўявіць, як сябе адчуваюць міжнародныя назіральнікі і еўрапейскія паслы, калі яны чытаюць, што пішацца ў Інтэрнеце. Там ужо і пахавалі АДС, і ўсё развалілася, і пажар, і каравул, і ўвогуле нічога не зразумееш… Я гэта хачу вам гэта сказаць, бо вы з’яўляецеся людзьмі, якія даносяць інфармацыю і фармуюць грамадскую думку не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Уся гэта сітуацыя з раздраямі можа прывесці да таго, што мы можам страціць суб’ектнасць як удзельнікі вызначэння будучыні Беларусі. Гэтага нельга дапусціць, таму нашы высілкі, у тым ліку і саступкі адзін аднаму ў тактычных пытаннях, каб захаваць адзінства дэмакратычных сіл, якраз і выкліканы заклапочанасцю пра лёс Беларусі. Як бы яго не вырашылі без дэмакратычнай супольнасці. А такія думкі, на жаль, з’явіліся, таму што пачалі казаць, што няма суб’екта, з якім можна размаўляць у Беларусі з боку дэмакратычных сіл…».

     

    2010 год, жнівень. Дыскусія ў праграме “Праскі акцэнт”. (Нагода: журналістку газеты «Салідарнасьць» Алену Якжык не пусцілі на пасяджэнне Кангрэсу дэмакратычных прафесаюзаў, рэдактары шэрагу выданняў выступілі з асуджэннем пазіцыі кіраўніцтва Кангрэсу, яго старшыня Аляксандр Ярашук выступіў з адкрытым лістом да сваіх апанентаў, заявіўшы, што перастаў чытаць незалежны друк, як яшчэ раней перастаў чытаць дзяржаўны.)

    Аляксандр Ярашук: «Чаму перастаў чытаць? Стала банальна нецікава. З майго пункту гледжання, знізіўся прафесійны ўзровень СМІ, у дадзеным выпадку незалежных. Сёння дастаткова адкрыць СМІ дзесяцігадовай даўніны і параўнаць з тым, што сёння, і думаю, што параўнанне будзе не на карысьць сённяшняга дня. Многа недакладнасцяў, шмат арфаграфічных і стылістычных памылак — яны і раздражняюць і рэжуць вока. Але, напэўна, самае галоўнае — гэта тое, што незалежныя СМІ сталі ў значнай ступені ангажаванымі і неаб’ектыўнымі».

    Аляксандр Класкоўскі: «У апазіцыйных лідараў з’яўляюцца прэтэнзіі да прэсы, калі яна іх асабіста закранула альбо мала піярыць. Заява, што прэса разваліла апазіцыю, увогуле смеху вартая. Да развалу апазіцыі спрычыніліся зусім іншыя фактары, найперш гэта прэсінг дзяржавы, высілкі спецслужбаў, дробныя амбіцыі саміх правадыроў, а не тое, што журналісты пісалі. АДС не таму разваліўся, што журналісты яго крытыкавалі…

    Бяда цэлага шэрагу апазіцыйных палітыкаў, што самі таго не падазраючы, яны мысляць у духу вядомай ленінскай працы пра партыйную арганізацыю ці партыйную літаратуру, што журналістыка павінна быць колцам і шрубкай агульнапартыйнага мэханізму.

    Палітыкі любяць казаць журналістам «Мы з вамі ў адной лодцы». Мы з вамі ў розных лодках. У палітыкаў свая місія, у журналістаў — свая. Місія прэсы — гэта выносіць смецце з хаты, нармальная прэса, як рэнтгенам, высвечвае недахопы і ўлады і апазыцыі. І калі прэса пачынае абслугоўваць ці ўладу ці апазыцыю, гэта дэградацыя. І мы бачым гэта па некаторых апазіцыйных рэсурсах.

    Віктар Малішэўскі, блогер, «артыжурналіст»: «Я як блогер нават вельмі палохаюся, калі пачынаюць казаць пра ўплывовасць нейкіх блогераў. Калі я буду думаць, што раблю ўплыў, я ўжо ня буду пісаць тое, што я бачу, я пачну ўплываць. Зараз, напярэдадні выбараў, мне паступаюць прапановы папрацаваць на таго ці іншага кандыдата. Я ўсім адмаўляю, каб захаваць дыстанцыю ад усіх, каб мець права задаць любому кандыдату самае кепскае пытанне з тых, якія ім будуць зададзеныя. Я не ўпэўнены, што СМІ змогуць задаць такія пытанні тым, на каго яны будуць працаваць».

     

    2012 год, ліпень. Аўтарская калонка сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталя Рымашэўскага на naviny.by.

    “Прынцып 90‑х: «калі ты сапраўдны журналіст, навуковец, бізнэсовец, ваенны, – то ты і палітык, таму што нясеш адказнасць за сваю краіну (такім быў Васіль Быкаў і многія іншыя). Прынцып 2012-га: «калі ты сапраўдны журналіст, навуковец, НДА-шнік … – то ты не палітык, бо «незалежны»…

    Плён 90‑х вядомы: незалежнасць Беларусі, рух нацыянальнага адраджэння, дзяржаўнасць беларускай мовы. Якімі будуць вынікі 2012-га, пакажа час. Відавочна адно: расчараванасць і апатыя – асноўныя пачуцці людзей 2012-га…»
     

    2012 год, кастрычнік. Інтэрв’ю кіраўніка Рады Міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь» Уладзіміра Мацкевіча.

    «Не бывае проста аб’ектыўнага інфармавання праз сродкі масавай інфармацыі. Акрамя інфармавання, СМІ кожны раз ствараюць пэўны вобраз, ўражанне, фармуюць грамадскую думку. І з гэтым неабходна працаваць. Менавіта гэтым і займаецца беларускі прэзідэнт…

    Часта сродкі – чалавечыя сілы, таленты і арганізацыйныя намаганні – растрачваюцца марна, ствараюцца дробныя незалежныя сайты, газеты, радыёстанцыі за мяжой, нават тэлекампанія. Але ўсе яны дзейнічаюць разрознена, усе яны дзейнічаюць не ў рамках PR‑а, а ў рамках павярхоўнага ўяўлення пра журналістыку як пра аб’ектыўнае інфармаванне без удзелу ў ідэалагічнай, светапогляднай вайне ў барацьбе з рэжымам. Таму цяпер дзеянні незалежнай, дэмакратычнай журналістыкі неэфектыўныя…»

     

    2010 год, кастрычнік. Артыкул Аляксандра Класкоўскага “Тэрмінова выдаць журналістам рэвалюцыйныя галіфэ!”, mediakritika.by

    “За ўсім гэтым ментарствам палітыкаў стаіць па вялікім рахунку непрызнанне журналістыкі як прафесіі…

    Увогуле, калі глядзець шырэй, бяда ладнай часткі дзеячаў тытульнай апазіцыі (і тых грамадскіх дзеячаў, што прымерваюць палітычную тогу) ў тым, што яны глядзяць на грамадзянскую супольнасць, улучна з журналісцкім цэхам, як на нейкую недаразвітую апазіцыю, сыраваты чалавечы матэрыял, патэнцыйнае гарматнае мяса для сваіх стратэгій. А потым крыўдзяцца, калі іх з рознай мерай ветлівасці пасылаюць…

    Сапраўды, функцыя прэсы — не толькі інфармаванне. Акрамя журналістыкі фактаў, існуе журналістыка меркаванняў — аналітыка, публіцыстыка. Аднак сумленны аналітык, зноў жа, мае на мэце не мачыць ворага з усіх ствалоў, а даследаваць тэму. Можа, напрыклад, прыйсці да высновы, што рэжым нейкую кампанію зладзіў удала, а вось ягоныя апаненты зноў бяздарна правалілі, павяліся на вуду, рассабачыліся і г.д. З гледзішча канцэпцыі татальнага антырэжымнага піяру такі аўтар, мусіць, страляе ў спіну змагарам. Дык давайце налепім яму на лоб ярлык калабаранта, агента.

    Паверце, прафесіяналы самі ведаюць, як рабіць рэжысуру СМІ. Не трэба апранаць іх у рэвалюцыйныя галіфэ. Не трэба перакоўваць нармальныя выданні ў рупары, думаючы, што гэта дапаможа хутчэй зваліць рэжым.

    Канцэпцыю ж стварэння нейкага антырэжымнага супервыдання (ці некалькіх мегарэсурсаў) замест распылення сіл ды сродкаў выказвалі і раней. Аднак, па-першае, “СБ наадварот” ці “БТ наадварот” — гэта апрыёры правальныя праекты з гледзішча самой канцэпцыі. Па-другое, многія журналісты (прычым найболей таленавітыя) не захочуць ісці ў такі калгас.

    Так, і медыйны працаўнік ёсць грамадзянінам. Ён мае права на пазіцыю. Дыстыляванай журналістыкі няма. Але на нейкай стадыі трэба выбіраць: або ты палітычны ваяр, або ты журналіст. Сумяшчаць звычайна атрымліваецца кепска. Акурат барыкадная журналістыка дэфармуе, псуе прафесіяналізм. Некаторыя ультрарэвалюцыйныя рэсурсы гоняць той самы прапагандос, што і дзяржСМІ, толькі з супрацьлеглым знакам.

    Так, піяр мусіць быць. Аднак жа, спадары палітыкі, не мяшайце боб з гарохам, не блытайце піяр і журналістыку.

     

    2013 год, май. Апытанне прэс-службы ГА “БАЖ” сярод палітыкаў пра працу незалежных СМІ.

    Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

    “Недзяржаўныя беларускія СМІ – гэта франтавая перадавая. Праца журналістаў у Беларусі – гэта не звычайная, даволі камфортная сітуацыя, якую мы назіраем у еўрапейскіх краінах, а змаганне за выжыванне і спроба данесці альтэрнатыўную інфармацыю да грамадскасці…

    Разам з тым, так ці інакш пасля прэзідэнцкай кампаніі амаль у кожным выданні, незалежна ад таго, якое яно – папяровае ці ў інтэрнэце – ёсць, як я кажу, “намеснік рэдактара па самацэнзуры”. У кагосьці ў большай ступені, у кагосьці – у меншай.

    Мне асабіста не хапае добрай грунтоўнай аналітыкі, а не проста пераказвання падзеяў, хай сабе і з нейкай аўтарскай думкай. Хоць ёсць і добрыя аналітыкі, якіх я сам з задавальненнем чытаю. Прэса вельмі хуценька рэагуе на тое, у чаго ёсць смак скандалу. Скажам, выспятак аднаго палітыка другому – гэта супер разыходзіцца!..»

    Уладзімір Някляеў, лідар “Гавары праўду”: «Не справа палітыкі – ацэньваць прэсу. Журналістыка існуе, каб рабіць гэта ў дачыненні да палітыкаў і палітыкі, а не наадварот. Таму гэта на ўзроўні дзіцячых крыўдаў – маўляў, ён не тое напісаў, ён нешта перавярнуў… Дык ты скажы ясна і зразумела, каб не пераварочвалі тое, што ты сказаў!.. А калі здараецца, што не тое ці не так разумеюць – дык бывае і паміж блізкімі людзьмі ў адной сям’і непаразуменне…»

    Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ: «Часам незалежныя СМІ ў пэўнай ступені спрыяюць ускладнненю стасункаў паміж дэмакратычнымі арганізацыямі праз тое, што акцэнтуюць увагу на складаных “момантах” паміж суб’ектамі. Хоць, можа быць, гэта якраз і функцыя такая любой прэсы?.. Я не магу сказаць, што гэта непрафесійна. Але з майго пункту гледжання як дэмакратычнага палітыка, гэта – непрадуктыўна…”

    Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Аргкаміэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя»:

    “Мне здаецца, самае небяспечнае, што можа зараз быць (і некаторыя тэндэнцыі ўжо зараз назіраюцца) – гэта падумаць альбо зрабіць выгляд, што ў сучаснай Беларусі існуе строгі падзел на не залежную ні ад каго журналісцкую супольнасць, не залежную ні ад каго палітычную суполнасць, грамадзянскую супольнасць і так далей. Быццам бы мы жывем не пры аўтарытарным (як мінімум) рэжыме, а ўжо ў дэмакратычным грамадстве.

    Мне здаецца, часам больш адэкватнае пачуццё рэчаіснасці ўзнікае тады, калі пасля акцыі затрымліваюць і журналістаў, і грамадскіх актывістаў. І мне здаецца, што не хапае – не толькі ў журналістаў, але і ў палітычных партый, грамадскіх арганізацый – адчування салідарнасці.

    Нельга  ўсё ж казаць, што прэса ў гэтым свеце можа быць 100-працэнтна аб’ектыўнай, бесстаронняй. Зразумела, што, калі ты – прыхільнік дэмакратычных каштоўнасцяў у Беларусі, дык ты ўжо ў жорсткай апазіцыі да ўлады, дзе б ты ні знаходзіўся – асабліва калі ты працуеш журналістам.

    Мне здаецца, што не хапае камунікацыі, адчування, што мы сёння – у адной лодцы. А насамрэч гэта так. Усе тыя, хто выступае за дэмакратыю ў Беларусі, успрымаюцца рэжымам як палітычныя апаненты, не важна – прэса гэта, палітычныя партыі ці грамадскія актывісты.

    Аляксандр Мілінкевіч, лідар Руху “За свабоду”:

    “Што мяне засмучае – гэта тое, што частка СМІ робіцца своеасаблівымі органамі антыпрапаганды і такім чынам самі становяцца прапагандысцкімі сродкамі. І дыскусіі пра тое, як захаваць аб’ектыўнасць, часта ператвараюцца у выслоўі “на вайне как на вайне”, і “ўсе метады добрыя”…

    Я лічу, што вельмі важна захоўваць праўдзівасць, аб’ектыўнасць, незалежна ад таго, у якіх умовах мы знаходзімся. Нельга, каб СМІ, якое называюць незалежным, дэмакратычным, свабодным, ператваралася ў орган прапаганды. Захаваць чысціню твару – гэта вельмі важна…”

    Сяргей Калякін, Беларуская партыя аб’яднаных левых “Справядлівы свет”:

    “Ёсць пажаданне проста. Не заўсёды ў пагоні з сенсацыйным і хуткім асвятленнем нейкіх падзеяў атрымліваецца якасная інфармацыя. На жаль, бываюць выпадкі, калі тое, што паведамляецца, мякка кажучы, недакладнае”. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці