Як у Зэльве 40 гадоў таму разьвітваліся з Ларысай Геніюш. ФОТА
На пахаваньні паэткі Ларысы Геніюш 10 красавіка 1983 году былі тысячы людзей, якія прыехалі з розных гарадоў Беларусі. За працэсіяй сачылі савецкія спэцслужбы. Здымкі з пахаваньня зьберагаюцца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане.
Разьвітваліся з паэткай Ларысай Геніюш 10 красавіка 1983 году. Праводзіць яе ў Зэльву прыехалі тысячы людзей. За пахаваньнем назіралі службоўцы ў цывільным з Зэльвы і Ваўкавыску.
Сьвятара зэльвенскай Сьвята-Траецкай царквы запалохвалі і настойвалі, каб не было адпяваньня. Але айцец Васіль Чыкіда адпяваў Ларысу Геніюш чатыры гадзіны.
Ён назваў яе чалавекам «з крыштальна чыстай душой, чые творы будуць жыць вечна».
Ад храма да могілак людзі несьлі труну на плячах.
На могілках выступілі Адам Мальдзіс і Ўладзімер Арлоў. Арлоў прачытаў верш Сержука Сокалава-Воюша, напісаны на сьмерць паэткі.
Напярэдадні пісьменьнікаў з Горадні і Менску выклікалі ў райвыканкам і папярэджвалі, каб тыя не гаварылі на пахаваньні прамоваў.
7 красавіка ў Вільні ў 18:00 пройдзе вечарына памяці беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Роўна 40 гадоў таму ў гэты дзень яна памерла.
Вечарыну яе памяці правядзе літаратар і журналіст Сяргей Дубавец, які асабіста ведаў Ларысу Антонаўну.
Вечарына пройдзе ў Віленскім Цэнтры беларускай культуры і супольнасьці (вуліца Vilniaus, 20).
Чытайце яшчэ:
Вольга Класкоўская: Як тут не параноіць, калі ў ваннай ляжыш, а да цябе ГУБАЗіК урываецца?
«Чарговая спроба адарваць ад аўдыторыі». Чаму на асабістыя старонкі журналістаў у сацсетках сталі чапляць экстрэмісцкі цэтлік?
Тэлеграм-бот «Магніт», які сілавікі ставяць затрыманым: якія звесткі ён можа збіраць і як ад гэтага абараніцца