• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Якія шанцы, што забойцаў Паўла Шарамета хутка знойдуць?

    Што кажуць экспэрты адносна першых вынікаў расьсьледаваньня забойства вядомага журналіста Паўла Шарамета, якое здарылася 20 ліпеня ў Кіеве? Якія шанцы на тое, што забойцаў знойдуць? Меркаваньні экспэртаў на гэты конт падзяліліся, як і ацэнкі таго, якая з вэрсіяў злачынства найбольш імаверная.

    «Можна праглядаць і начныя спадарожнікавыя фатаздымкі»

    Былы сьледчы менскай гарадзкой пракуратуры Алег Воўчак не выключае, што пра асобаў, якія падклалі бомбу пад аўтамабіль Паўла Шарамета, сьледзтва ўжо мае пэўныя зьвесткі, але дзяліцца імі з грамадзкасьцю зарана.

    «Бандыты ня могуць усяго прадугледзець, а тое, што ёсьць відэа закладаньня бомбы і непасрэдна выбуху, дае новыя шанцы для сьледчых.

    Мяркую, жыхары прылеглых дамоў ужо апытаныя, нехта нешта мог абавязкова бачыць. Тым больш што адбывалася закладаньне бомбы не глухой ноччу, а пасьля 2‑й гадзіны. У такі час яшчэ нехта вяртаўся дамоў, нехта гуляў па начным горадзе. У памяці людзей павінны застацца дэталі, таму шанцы знайсьці сьведак ёсьць, і высокія.

    То бок на выканаўцаў могуць выйсьці даволі хутка, нават на сярэдняе зьвяно ланцужка, на тых, хто імі кіраваў, забясьпечваў бомбай, інфармацыяй. Але цяпер узьнікае пытаньне: ці будуць выканаўцы яшчэ жывыя? Бо тое, што зьявілася відэа закладаньня бомбы, зьмяншае іхнія шанцы на выжываньне. А калі выканаўцы будуць ліквідаваныя, знайсьці замоўцаў стане вельмі цяжка.

    І ўсё ж ж спадзяюся, што з далучэньнем спэцыялістаў з ФБР ЗША справа мае шанцы на посьпех. Можна вывучыць усе падлучэньні мабільных тэлефонаў у гэтым раёне, можна прагледзець спадарожнікавыя здымкі. Цяпер столькі новых тэхнічных магчымасьцяў, пра якія звычайныя людзі ня ведаюць (і лепш ім гэтага ня ведаць), што пэрспэктыва ў сьледзтва, на маю думку, сапраўды ёсьць.

    Але калі будуць і далей у мэдыі трапляць сакрэтныя зьвесткі пра вынікі сьледзтва, дык гэта можа нанесьці непапраўную шкоду. Так, павінна быць сувязь з грамадзкасьцю, калі ўлічыць рэзананс гэтай гучнай справы. Але павінна зьяўляцца толькі вывераная, узгодненая, афіцыйная інфармацыя — праз прэсавую службу. Інакш ідзе яўнае парушэньне тайны сьледзтва», — мяркуе Алег Воўчак.

    Сам Алег Воўчак не бярэцца зь Менску вызначаць найбольш імаверную вэрсію забойства Паўла Шарамета і заклікае іншых гэтага не рабіць, а здацца на прафэсіяналізм сьледчых, якія займаюцца справай. Паводле Алега Воўчака, праз два тыдні пэўныя зьвесткі пра забойцаў могуць ужо зьявіцца.

    «Ня думаю, што „чалавек з кійком“ датычны да забойства»

    Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў шмат гадоў займаўся раскрываньнем злачынстваў, пошукам і затрыманьнем падазраваных. Мікалай Казлоў адзначыў «шурпатасьці» ў дзеяньні закладнікаў бомбы, якая забіла Паўла Шарамета, і мяркуе, што дзейнічалі яны недастаткова прафэсійна.

    «Мне не падалося, што гэта былі прафэсіяналы вялікага ўзроўню. Узяць хаця б тое, што відэакамэра там была і яны ў яе трапілі. Пры ўмове сур’ёзнай падрыхтоўкі, мяркую, відэакамэру б знайшлі і на гэта адрэагавалі.

    Плюс астатнія дзеяньні — ня вельмі падрыхтаваныя. Міну не змагла хутка паставіць, замітусілася. Уражаньне, што раней не вывучаўся такі аўтамабіль, проста дзейнічалі наўдачу.

    Тое, што мужчына, калі прыкрываў сваю саўдзельніцу, прыкінуўся п’янаватым — гэта збольшага дзеяньні лягічныя: калі натрапяць на патруль паліцыі ці будзе хто праяжджаць побач, дык найперш зьвернуць увагу на яго. Альбо калі да яе наблізяцца, дык ён можа падысьці і пераключыць увагу на сябе, проста прычапіцца, нібыта зусім нецьвярозы. То бок тут якраз яны пралічылі ўсё дакладна. Але з самім закладаньнем бомбы выйшла марудна, і гэта яўная прыкмета недастатковага прафэсіяналізму», — мяркуе Мікалай Казлоў.

    На адным зь відэа падзеяў за некалькі сэкундаў да выбуху аўтамабіля Паўла Шарамета ў кадар трапіў чалавек з кійком і ў кепцы, які стаяў, адвярнуўшыся ад праезнай часткі. Польскі экспэрт, якога цытуюць шмат якія мэдыі, мяркуе, што гэты чалавек мог дыстанцыйна прывесьці ў дзеяньне бомбу, замацаваную ўначы пад аўтамабілем Шарамета.

    Экспэрт заўважае, што чалавек з кійком у момант выбуху трымаў левую руку ў кішэні, на выбух за ягонай сьпінай зьнешне ніяк не адрэагаваў, а потым, калі разам зь іншымі мінакамі кінуўся да аўтамабіля Шарамета, кійком ужо не карыстаўся, пераклаўшы яго ў правую руку.

    Як ставіцца да гэтых дэталяў Мікалай Казлоў?

    «Не падзяляю ўпэўненасьці, што гэты чалавек можа быць датычны да забойства. Зьнешне ён, дарэчы, ніяк не падобны да таго з начнога відэа, гэта зусім іншы чалавек.

    Зьвярніце ўвагу, як ён адхіляе тулава назад. Яму сапраўды патрэбны кіёк, каб пры хадзе быў трэці пункт апоры.

    Што да таго, куды ён глядзеў, чаму нібыта ня чуў гуку выбуху, — тут могуць быць самыя розныя прычыны. У мяне склалася ўражаньне, што чалавек недзе жыве непадалёк, бо сёмая раніцы, ён ідзе не сьпяшаючыся, як ідуць да газэтнага кіёску. Калі гэтак, яго, пэўна, ужо знайшлі і ўзялі тлумачэньні, хто ён і што там рабіў.

    Але па гэтым відэа хоць няма пытаньняў. А вось тое, што ў інтэрнэце зьявілася начное відэа з камэры назіраньня, дзе ёсьць патэнцыйныя злачынцы, — тут вялікая праблема для сьледчых. Гэтае відэа адназначна трапляць у мэдыі не павінна было, бо можа спалохаць злачынцаў. Для пошуку падазроных асобаў гэта вельмі дрэнна. Ці сьвінства, ці непрафэсіяналізм. Або і тое, і тое разам», — мяркуе Мікалай Казлоў.

    Адносна шанцаў на тое, што злачынцаў знойдуць, Мікалай Казлоў адказаў гэтак:

    «Усё залежыць ад узроўню прафэсіяналізму выканаўцаў і таго, хто гэта заказаў.

    Калі ўявіць, што гэта сур’ёзны ўзровень — атрымалі заказ, прыехалі, узарвалі, зьехалі — дык гэта будзе шукацца вельмі доўга, або і ўвогуле ня знойдуць. Калі гэта мясцовыя — бо такое таксама магчыма, улічваючы сытуацыю ва Ўкраіне, колькі там зброі на руках, колькі людзей, якія гэтаму навучыліся, як зьнізілася каштоўнасьць чалавечага жыцьця, — дык тады шанцы ёсьць, і немалыя, што знойдуць даволі хутка.

    У мяне такое ўражаньне. Хоць яно падмацаванае вельмі малой базай доказаў, вы гэта зразумейце».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці