Якую літаратуру прызналі экстрэмісцкай?
“Кнігі А. Гітлера, Д. Рокуэла, А.аль-Бадра, дапаможнікі па ваеннай справе і іншыя...”
ГА “БАЖ” атрымала ад Міністэрства інфармацыі адказ на свой запыт пра вынікі працы Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет экстрэмізму.
Паводле ліста за подпісам намесніка міністра Уладзіміра Матусевіча, на разгляд камісіі “паступаюць матэрыялы ад мытных органаў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання”.
“Сярод матэрыялаў, у якіх выяўлены прыкметы праяўлення экстрэмізму, – кнігі А. Гітлера, Д. Рокуэла, А. аль-Бадра, дапаможнікі па ваеннай справе і іншыя”, – гаворыцца ў лісце.
“У далейшым Рэспубліканская камісія будзе больш падрабязна інфармаваць аб выніках сваёй дзейнасці праз сродкі масавай інфармацыі”, – піша намеснік міністра.
Нагодай для звароту ГА “БАЖ” стаў выступ Ліліі Ананіч 5 лютага на калегіі Міністэрства інфармацыі. Паводле міністра, на той момант рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармпрадукцыі на экстрэмізм разгледзела ўжо больш за 100 матэрыялаў і знайшла ў 25‑і з іх “прыкметы, якія падпадаюць пад пазіцыі “экстрэмізм, прапаганда ідэй нацызму, расавай, рэлігійнай нецярпімасці” ці “літаратура, якая магла б выкарыстоўвацца ў тэрарыстычных мэтах”.
У канцы лютага ГА “БАЖ” накіравала ў Мінінфармацыі ліст з просьбай паведаміць, на падставе чыіх зваротаў праводзілася экспертыза інфармацыйнай прадукцыі і ў якіх канкрэтна матэрыялах былі выяўленыя прыкметы экстрэмізму. Акрамя гэтага, журналісцкая арганізацыя цікавілася, у чым менавіта праяўляўся экстрэмізм у кожным з 25‑і згаданых выпадкаў.