• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ян Роман: «Суд на Анджэем Пачобутам «шыты белымі ніткамі». Таму і зрабілі працэс закрытым»

    У Гродне пачаўся суд над журналістам і актыўным чальцом Саюза палякаў у Беларусі Анджэем Пачобутам. Суд першапачаткова павінен быў распачацца яшчэ ў канцы лістапада, але двойчы пераносіўся. Пачобута абвінавачваюць у закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі, у прыватнасці ў закліках да санкцый, а таксама ў распальванні міжнацыянальнай варожасці. За гэтыя артыкулы журналісту пагражае да 12 гадоў турмы.

    Суддзя Дзмітрый Бубенчык зрабіў працэс закрытым і выдаліў з судовай залы нават тых нешматлікіх людзей, якіх спачатку туды пусцілі – сваякоў Анджэя і некалькіх актывістаў.

    Радыё Ўнэт гэты суд пракаментаваў Ян Роман – журналіст, які ўжо больш за 10 гадоў супрацоўнічае з Польскім тэлебачаннем і асабіста знаёмы з Анджэем Пачобутам.

    У дзень пачатку суда над Анджэем польская прэса шмат пісала, што ў Беларусі судзяць прадстаўніка польскай меншасці, журналіста, які доўгі час супрацоўнічаў з польскімі СМІ. Мы з ім доўгі час рабілі праграму «Над Немнам», тэлевізійную праграму пра жыццё польскай меншасці ў Беларусі.

    А сам гэты суд, якія эмоцыі ён выклікаў у Польшчы?

    Якія эмоцыі можа выклікаць суд над чалавекам, якога ў Польшчы лічаць абсалютна невінаватым. Чалавека, які захоўвае памяць пра польскіх герояў, чалавека, які змагаўся за магчымасць навучання дзяцей на польскай мове, захоўваў польскую культуры і традыцыі на тэрыторыі Беларусі, быў актыўным сябрам Саюза палякаў. Для польскага грамадства дзіўна выглядае, што судзяць асобу, якая прытрымліваецца такіх поглядаў.

    У Беластоку праводзілася кампанія ў падтрымку Анджэя Пачобута і Анжалікі Борыс «у вензені за польскасць». Што гэта за кампанія?

    Гэтая кампанія працягваецца. Гэта з большага такая інфармацыйная кампанія, у межах якой кожны месяц арганізоўваюцца акцыі салідарнасці з Анджэем Пачобутам і Анжалікай Борыс, якая таксама на сённяшні дзень незразумела ў якім статусе знаходзіцца, бо справа супраць яе яшчэ не закрытая. Гэтая кампанія разлічана на інфармаванне польскай супольнасці пра тое, што адбываецца ў Беларусі, у якім стане там знаходзяцца прадстаўнікі польскай меншасці. У панядзелак 16 студзеня акцыя праходзіла ля консульства Беларусі ў Беластоку. Былі прадстаўнікі беларускай дыяспары. Гэта людзі, неабыякавыя да лёсу Анджэя і Анжалікі.

    Анджэя абвінавачваюць у закліках да санкцый і распальванні варожасці. Як вы можаце пракаментаваць гэтыя абвінавачванні?

    Я не ведаю, як наконт абвінавачвання ў закліках да санкцый, бо Анджэй на той час сядзеў у турме, і якім чынам ён мог заклікаць да санкцый, для мяне застаецца таямніцай. Я разумею, што нашыя праваахоўныя органы могуць «прычапіць» любы артыкул. Як казалі ў часу сталінізму: быў бы чалавек, а справа знойдзецца.

    Што тычыцца распальвання варожасці. Анджэя абвінавачваюць у тым, што ён не лічыў 17 верасня 1939 года Днём яднання Беларусі, што ён пісаў у сваіх артыкулах пра жаўнераў Арміі Краёвай, якія падчас Другой сусветнай вайны змагаліся між іншым з немцамі, пасля таго, як Чырвоная Армія прыйшла на гэтыя тэрыторыі, яны пачалі супраць камуністаў змагацца. Беларуская дзяржава, у сённяшнім выглядзе, яна захоўвае савецкія традыцыі і людзі, які нешта маюць супраць савецкай улады, яны да гэтага часу разглядаюцца як ворагі. Для разумнага чалавека гэтыя абвінавачванні абсурдна выглядаюць. Гэта непрыемны для Лукашэнкі перыяд гісторыі, але гэта гісторыя.

    А пра што сведчыць той факт, што гэты суд адразу зрабілі закрытым?

    Гэтая справа «шыта белымі ніткамі» і ўлады не хочуць, каб шырокія колы грамадства ведалі, што там адбываецца. Практыка сведчыць, Анджэй ні першы, каго судзяць у закрытым рэжыме, пасля 20 года гэта нармальная практыка. Бо суд – гэта фількіна грамата. Не думаю, што ў іх ёсць канкрэтныя абвінавачванні. Ведаю, што Анджэй адмовіўся супрацоўнічаць са следствам, мае контраргументы ў сваю абарону, і таму ўлада не зацікаўлена ў тым, каб людзі ведалі, што адбываецца на судзе.

    Падрябязней слухайце ў плэеры ніжэй. 

    Чытайце яшчэ:

    «За 15 год не атрымаў ніводнага ўказаньня ад польскага МЗС». Вялікая размова з намесьнікам дырэктара «Белсату» Аляксеем Дзікавіцкім

    КДБ атрымае неабмежаваны доступ да тэлефоннай базы абанентаў і ўсяго інтэрнэт-трафіка

    Мінінфарм запускае працэс “узбуйнення рэгіянальных рэдакцый”. Што стаіць за эўфемізмам?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці