• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Яны баяцца і разумеюць, што нас думаць па-іншаму не прымусіш». Інтэрв’ю з Вольгай Такарчук

    Напярэдадні выбараў у парламент рэжым зладзіў прэвентыўныя праверкі журналістаў і блогераў, якія закранулі і Вольгу Такарчук. Разам з дзецьмі і бацькам яна вымушана была тэрмінова з'язджаць з Беларусі. Цяпер блогерка знаходзіцца ў бяспечным месцы і можа свабодна расказаць аб тым, што адбылося некалькі тыдняў таму, як прайшоў тэрмін у зняволенні і аб цяперашніх марах. БАЖ скарыстаўся магчымасцю паразмаўляць з блогеркай.

    «Быццам я раскайваюся, што брала “экстрэмісцкую” каўбасу і больш так не буду»

    — Пасля таго, як да вас у канцы студзеня 2024 года прыйшлі сілавікі, як развіваліся падзеі? Чаму вырашылі з’язджаць? Што стала апошняй кропкай?

    — У 7.30 23 студзеня, калі мы з дзецьмі яшчэ спалі, а муж ужо з’ехаў на працу, да мяне дадому прыйшлі два супрацоўнікі КДБ, прад’явілі дакументы і сказалі, што трэба будзе прайсці з імі. Яны паводзілі сябе дастаткова культурна. Дачакаліся пакуль прыедзе мая сястра, якая засталася з дзецьмі. Нават дазволілі патэлефанаваць маме.

    У КДБ мне сталі паказваць выпіскі з E‑dostavka. Спыталіся, хто заказваў? Я пацікавілася, у чым справа? Аказалася, цяпер INeed­Help — «экстрэмісцкая» арганізацыя. Ну дык я прычым? Ніякага дачынення да яе не маю. Апошнія месяцы мне, сапраўды, дапамагала адна жанчына. Але я нават не ведаю, хто яна такая… Калі выйшла з калоніі, многія прапаноўвалі дапамогу. Але аніякай сувязі з «экстрэмістамі» не прасочваецца.

    Мяне пратрымалі да вечара. Разбіраліся з дастаўкамі, выпісвалі сумы, складалі пратаколы, а потым папрасілі напісаць яўку. Пытаюся: у чым я павінна прызнацца? Кажуць, добра, калі не яўка, ну давайце хаця б чыстасардэчнае прызнанне. Быццам я раскайваюся, што брала «экстрэмісцкую» каўбасу і больш так не буду. Цырк!

    Відавочна, яны самі не разумелі, за што затрымліваюць людзей. У іх было ўказанне адпрацаваць тых, у каго прасочваецца сістэмнасць у атрыманні прадуктаў праз E‑dostavka. А што далей — незразумела. Якое прад’яўляць абвінавачанне? Склалася ўражанне, яны самі не ведалі.

    — Чаму затрымалі вашу маці?

    — У той жа дзень яны сказалі, што паедуць да яе. Мне дазволілі патэлефанаваць і па гучнай сувязі папярэдзіць маму. А пасля допыту сказалі, што пакідаюць яе, і адвезлі на Акрэсціна. На трэці дзень прад’явілі абвінавачанне па артыкуле 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Тады ж нам удалося пабачыцца. Канвой нават дазволіў абняць яе. Цяпер яна знаходзіцца ў Жодзіна.

    Я, як і бацька, адмовілася сведчыць супраць мамы. Але праз пару дзён нам стала вядома, што ў таты ў тэлефоне нібыта нешта знайшлі, і ёсць рызыка крымінальнай справы. Мой смартфон таксама заставаўся ў іх — мала што яны там «выявяць»…

    Было б зусім не смешна, калі б мы ўтрох апынуліся за кратамі. Таму рашэнне прынялі за суткі — трэба з’язджаць. Перад выбарамі рэжым напэўна нікога не збіраецца пакінуць у спакоі.

    — Звязваеце гэтыя падзеі з электаральнай кампаніяй (25 лютага 2024 года павінны адбыцца парламенцкія выбары — Аўт.)?

    — Адназначна. За паўтара года пасля вызвалення такіх праверак ніхто не ладзіў. Было досыць ціха. Так, мяне правяралі, трэба было адзначацца кожны панядзелак у РАУС. Я падпісвала дакументы, што не збіраюся ладзіць тэракты і іншае. Але такога ніколі не было. Нават турма не падзяліла маё жыццё як тое, што адбылося 23 студзеня, калі ў рэпрэсіі ўплялі ўсю маю сям’ю.

    — Думаеце, маглі б яны пасадзіць і вас, і вашых бацькоў?

    — Лёгка. Да 25 лютага яны маглі б знайсці неабходны ім «кампрамат». У любым выпадку стала псіхалагічна складана, і вытрымліваць гэта ўжо не было ніякіх сіл. Апошнім часам мы баяліся кожнага шоргату. Дзеці былі навучаныя: калі хтосьці тэлефануе ў дзверы — усе гаджэты выключаць, сядзець ціха як мышы. Сама бегла на балкон і глядзела, якія аўтамабілі стаяць пад акном. У такіх умовах жыць стала абсалютна невыносна. А калі на гэта яшчэ і накладваецца пагроза апынуцца ў турме… Лёс чалавека — гэта ж не рулетка, каб гуляць у яе.

    — Як праходзіла сямейная нарада, на якой прымалася лёсавызначальнае рашэнне?

    — А не было ніякай нарады! Калі стала вядома, што бацьку пагражае крыміналка, я сказала: трэба будзе бегчы. Сабралі сабе і дзецям па маленькай торбачцы, звязаліся з BYSOL і сталі планаваць, як будзем эвакуявацца.

    «Хацела сустрэць перамогу дома»

    — У гэтых экстрэмальных умовах, што было найбольш складаным? Як праходзіла эвакуацыя?

    — Самае складанае давялося перажываць бацьку. Я ж разумела, што мне калісьці, магчыма, прыйдзецца ўцякаць. А для таты ўсё было раптоўна. Ён за дзень страціў усё, што будаваў на працягу жыцця. У Беларусі засталася жонка ў турме, ягоная мама-інвалід, з якой ён нават не развітаўся, кватэра, сябры… Усё! Ён не еў, пачарнеў за гэтыя дні. Да таго ж у яго хворыя калені. Ён з цяжкасцю ходзіць…

    — Але ўсё прайшло добра?

    — Мы беглі рознымі шляхамі. Мая эвакуацыя заняла больш часу. Былі складанасці і нечаканасці. Але цяпер можна выдыхнуць. Дзеці і тата пакуль не са мной. Трэба сёе-тое аформіць і яны прыедуць у Вільню, дзе мы плануем заставацца.

    — Ці ведала ваша мама аб эвакуацыі?

    — Па факце. У лістах завуалявана ёй паведамілі. Калі яна даведалася, што нас ужо няма ў краіне, то супакоілася, паколькі была ўпэўненая, што нас таксама затрымалі.

    Мяркуючы па адказах, мама трымаецца бадзёра. Яна моцная, актыўная, жыццярадасная. Касцяк сям’і. Упэўнена, яна вытрымае… У яе ёсць адвакат. Як нам сказалі, следства працягнецца месяц-два. Яна гатовая да ўсяго. Але я баюся, што да гэтага не гатовы тата.

    — Канешне, цяпер лёгка распавядаць, але чаму не з’ехалі раней? Такія думкі былі? Што спыняла?

    — Як заўзяты аптыміст я верыла, што вайна ва Украіне не зацягнецца, і ў Беларусі таксама зменіцца сітуацыя. Акрамя таго, пасля вызвалення сказалі, што калі буду паводзіць сябе ціха, то чапаць мяне не будуць. Так яно і было да 23 студзеня. Ну і там жа шмат нашых людзей засталося, я хацела сустрэць перамогу дома. Зноў жа праца, бацькі, дзеці… Шмат было фактараў, але галоўны — жаданне заставацца ў краіне.

    «Дзеці думалі, што я памерла…»

    — А як сабе тлумачылі, чаму была такая ўвага да вас з боку ўладаў?

    — Я гаварыла услых. Цяпер жа любое іншадумства душыцца і будзе душыцца, таму што гэта ж усё ў мінус уладзе. Яна баіцца і разумее, што нікому не патрэбная, што ніхто яе не любіць і не выбіраў…

    — Не стала здзіўленнем, што рэжым стаў ваяваць з жанчынамі, хоць Лукашэнка гэта неаднаразова адмаўляў?

    — Для мяне нечаканасцю стаў увесь 2020 год… А што ім заставалася? Якая розніца — з жанчынамі змагацца ці не? Ён жа не з гендэрам змагаецца, а з іншадумствам. Улада разумее, што яна злачынная і змагаецца, каб застацца. Для мяне, вядома, шок, калі саджаюць падлеткаў, шматдзетных маці, бабуль. Але патлумачыць гэта я магу толькі дзікім страхам. Яны баяцца нас і разумеюць, што колькі не саджай — у галаву да нас не ўлезеш і думаць па-іншаму не прымусіш.

    — Вы знаходзіліся ў Беларусі і дагэтуль было няшмат інфармацыі, як прайшоў ваш тэрмін ў зняволенні. Раскажыце?

    — Самым цяжкім быў час, праведзены ў турме ў Жодзіна. Горш месца на зямлі, напэўна, не прыдумаеш. У цесным карцэры — пекла. Там было вельмі холадна, нягледзячы на пачатак лета. Пасля галадоўкі я не магла рухацца, балела галава, лекі не давалі.

    Як чалавеку, які ні разу не парушаў закон, для мяне ў прынцыпе было дзіка, што са мной абыходзіліся, як з мацёрым злачынцам — бралі адбіткі пальцаў, вадзілі з канвоем, прымушалі голай прысядаць. Гэта было надзвычай зневажальна. Хто вы такія? І за што са мной так?

    А яшчэ мне не далі развітацца з дзецьмі. Праз гэта балела кругласутачна. Гэта было самае страшнае на працягу ўсяго тэрміну: я іх не бачыла, не магла абняць, пакласці спаць, пацалаваць, пагаварыць… Камунікацыя вялася толькі праз лісты.

    А яны думалі, што я памерла ці больш іх не люблю і кінула: «Чаму мама не тэлефануе? Вы нам ўсё хлусіце. Напэўна, мы дрэнна сябе паводзілі і яна з’ехала. А можа, гэта не яна піша, а нехта іншы?» Такія дзіцячыя страхі… Яны выдыхнулі толькі пасля суда. Старэйшы сын толькі тады паверыў, што я жывая: мая мама — гераіня, яна не злачынца!

    — Пасля вызвалення людзі казалі, што ў няволі вельмі негатыўна адбіваўся недахоп у інфармацыі. Як вы з гэтым спраўляліся і як даходзілі звесткі?

    — Калі я сядзела ў СІЗА, прыходзілі ўсе лісты — і ад падпісчыкаў, і ад родных. Мама досыць адкрыта пісала пра розныя падзеі, і я не скажу, што цэнзары моцна лютавалі. Потым стала крышачку прасцей — у нас былі спатканні. Мама намёкамі праз шкло нешта распавядала. 

    А вось калі пачалася вайна ва Украіне, сталі прыходзіць лісты толькі ад сваякоў і то пасля страшнай цэнзуры. Можна было пісаць толькі пра прыроду, надвор’е, каханне і гэтак далей. Інакш — адразу рвалі і выкідалі.

    «Праз паўтара года вастрыня ўспрымання, сапраўды, прытупілася»

    — Калі вы выйшлі на волю, інфармацыйная хваля не захліснула? Здаецца, такое можа збіць з ног…

    — У першую чаргу мяне тады цікавіла Украіна. Калі я паглядзела відэа з Ірпеня і Бучы, то была ў шоку. Пасля бамбёжкі дома ў Дняпры ў мяне істэрыка працягвалася каля тыдня — не магла ні есць, ні спаць. Я адмаўлялася верыць. Увесь час тэлефанавала Сашы Bal­aganoff (украінскі блогер Аляксандр Рыкаў — Аўт.): як такое магчыма? Мне запомнілася яго фраза: ты толькі вярнулася, і для цябе гэта шок, але мы ўжо не так востра рэагуем. Самае жудаснае, што прайшлі паўтара года — і вастрыня ўспрымання, сапраўды, прытупілася.

    — Многія былыя палітвязні казалі, што пасля вызвалення нібыта трапілі з турмы ў іншую турму — праверкі, кантроль і г. д. Як было ў вас?

    — Я пагаджуся. Гэта воля панарошку. Ты ўсё роўна нічога не можаш і ўсяго баішся — цёмных сілуэтаў у падваротні, машын, мужчын. Перад выхадам з дому чысціш тэлефон, нават апошнія пошукавыя запыты выдаляеш. У любы момант да мяне дадому маглі прыехаць і праверыць. Хоць я не на «хіміі» і не абавязаная, але… У той жа час да 23 студзеня мяне не моцна чапалі, ну а далей вы ведаеце.

    Нягледзячы на ўсё, 2020 год успамінаецца ў сонечных колерах. Людзі былі радаснымі, верылі ў перамогу і перамены. А потым у мяне здарылася турма, і калі выйшла, усё прадставілася ў шэрым колеры. Усе вакол паніклыя, панурыя. Баяцца. Маеш зносіны паўжэстамі. Па тэлефоне нічога акрамя «Прывітанне. Як справы?»

    Як да такога можна было давесці краіну? Калі я сядзела, гэта яшчэ была лайт-версія. А як абыходзяцца з палітвязнямі цяпер? Адвакатаў не пускаюць, перадачы ўразаюць, лісты не перадаюць…

    «Часам стваралася ўражанне, што эміграцыя выпадае з рэалій»

    — А ці чытаюць, як думаеце, у Беларусі незалежныя медыя? Ёсць адчуванне, што рэлаканты і краіна жывуць у розных інфармацыйных бурбалках?

    — Зразумела, што людзі завялі па другім-трэцім тэлефоне і ўсё роўна чытаюць навіны, цікавяцца, чакаюць. Відавочна ніхто не стаў глядзець Азаронка і Тура (дзяржаўныя тэлепрапагандысты — Аўт.).

    Але часам у Беларусі стваралася ўражанне, што эміграцыя выпадае з рэалій. Гэтыя вечныя спрэчкі… Думаеш, у нас такая дзічына адбываецца, а там сварацца з‑за глупства. Напрыклад, калі была ўцечка з праекта «Чорная кніга Беларусі», многія спалохаліся. Як можна было дапусціць такі зліў? Гэта ж жыцці людзей!

    — У вас ёсць план, чым займацца цяпер?

    — Не. Мне б цяпер дачакацца прыезду дзяцей і таты. Трэба вызначыцца з жыллём, вырашыць пытанне са школай, ну і нешта думаць з працай. Магчыма, атрымаецца заняцца ўласным праектам або ўладкавацца ў медыя.

    — Дарэчы, што з вашымі акаўнтамі ў сацсетках? Будзеце аднаўляць блогерскую дзейнасць?

    — Магчыма. Але я ж блог вяла не дзеля таго, каб зарабіць грошай або стаць вядомай. У 2020 годзе гэта было актуальна. Людзі глядзелі, і ім было лягчэй. А што цяпер? Як матываваць? Я вельмі б хацела, вядома, чым-небудзь такім заняцца. Я бачу, што людзі мяне чакалі, сумавалі, радыя бачыць. Але я не ведаю, што ім даваць і як іх падтрымліваць, хоць майго аптымізму хопіць яшчэ на кіламетр.

    — Вам не здаецца, што само ваша з’яўленне ў публічнай прасторы можа ўсцешыць многіх?

    — Гэта эфект на першы час. А далей што? Мне ж хочацца рабіць нешта з карысцю і на доўгатэрміновую перспектыву. Я разумею, што магу маральна выцягваць людзей і ў мяне ёсць гэтыя сілы. Але пакуль я не ведаю, якім праектам заняцца.

    — Якую місію асабіста для сябе бачылі ў 2020 годзе? Ці змянілася яна цяпер?

    — У 2020 годзе я сама для сябе адкрыла Вольгу Такарчук. Тады бачыла, што нельга даваць людзям апускаць рукі, сумнявацца ў праваце і перамозе. Каб у людзей нават не закраўся сумнеў. Цяпер мне хочацца таго ж самага. Мэта мая не змянілася.

    Чытайце яшчэ:

    «Бачыў, што хмары згушчаюцца». Блогер Сяргей Пятрухін расказаў пра ад’езд з Беларусі

    «Пачынаў жыццё ад пачатку 6 разоў». Дарафееў пра бежанства, эфэкт Карлсана, «карысных ідыётаў» і беларусаў пад тонамі расійскага кантэнту

    Журналіст праекта Dekoder: «Доўгі час немцам пра падзеі ў Беларусі і Украіне распавядалі карэспандэнты з Масквы»

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці