• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ён жадаў пры любым раскладзе спраў застацца тут, “на” ці “ў” беларускай зямлі

    2018-ы год назаўсёды запомніцца для мяне яшчэ й трагедыяй майго старога-старога сябрука, журналіста і дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая.

    Пазнаёміліся мы яшчэ ў 1987‑м годзе, калі Алесь, быўшы студэнтам журфаку, далучыўся да нашай суполкі маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Ён, вясковы і сьціплы хлопец, пісаў вершы, болей слухаў нашыя гарачыя спрэчкі, чым браў у іх удзел. Размовы пра беларускую мову, якой нельга здраджваць, пра закінутую культуру, якую трэба адраджаць, пра нашую гісторыю, якую трэба ўздымаць зь нябыту – усё гэта стала і ягоным. Паэзія Анатоля Сыса, лідэра і ідэолага  “Тутэйшых”, стала для яго ўзорам і ва ўласнай творчасьці. У 90‑я ён шукае сваё месца ў журналістыцы і спрабуе арганізаваць сваю справу. Самыя спрытныя з журналістаў пачыналі выдаваць выданьні дайджэстаў, красвордаў, соньнікаў, турыстычных і дэдэктыўных газетаў і гналі гэтую расейскамоўную руду на ўсход, так і зараблялі. Алесь жа замахнуўся на ўласнае незалежнае інфармацыйнае агенцтва. Так і ўзьнік БелаПАН – галоўнае і найдаражэйшае ягонае дзіця.

    Далей ішлі мы па жыцьці паралельна, толькі зрэдку перасякаючыся на разнастайных сустрэчах і прыёмах. Алесь жа заставаўся такім мягкім з выгляду, але цьвёрдым у сярэдзіне беларусам, якім і быў. У студзені 2014 года, калі я трывала сядзеў у бабруйскай калоніі, падчас сустрэчы з журналістамі, якія Лукашэнка праводзіць штогод, Алесь Ліпай адкрыта спытаўся пра мой лёс. Прэзідэнт зманіў, калі сказаў: «Клянуся вам, я яго ня ведаў і ня ведаю», бо згадваў пра мяне ў сваіх выступах перад гэтым некалькі разоў. Ён прыгадаў, што «падаткі – гэта сьвятое», але паабяцаў разабрацца. У выніку, у чэрвені 2014 года мяне выпусьцілі «па амністыі».

    Праз тры гады ўжо, калі Алесь прыяжджаў з Уладзімірам Някляевым да майго кума ў Ракаў, мы прабылі разам цэлы дзень, смажылі мяса, хадзілі ў цэнтр мястэчка да царквы і касьцёла, аглядалі котлішча паноў Зьдзяхоўскіх, Іслач і замчышча. Я тады спытаўся ў яго, ці сам ён вырашыў задаць гэтае пытаньне Лукашэнку пра мяне, ці хтосьці падказаў яму, бо – прыйшоў час?

    “Сам”, – адказаў ён.

    І быў ён тады ўжо нейкім аддаленым ад будзённай мітусьні. Я ж памятаў яго па белапанаўскіх кабінетах на Сурганава і на Акадэмічнай, засяроджанага і заклапочанага працоўнай мітусьнёй, у тройцы і пад гальштукам. А тут – усё. Проста адчувалася ягоная радасьць ад быцьця і болей нічога. Яму было прыемна быць зь Някляевым-паэтам, як, дарэчы, і ўсім нам. Ён даражыў гэтымі гадзінамі ў супольнай кампаніі. Я таксама заўважыў зьмены ў ягоным унутраным настроі па пастах у фэйсбуку, дзе ўсё болей было фатаздымкаў з прыроды, ваблокаў і палёў. Відавочна, што ён ў выніку нейкіх унутраных зьменаў, пачаў болей цаніць чалавечыя стасункі зь людзьмі, зь якімі ён хацеў быць, а таксама тую прыроду, якая сёньня акаляе нас і якая застанецца, калі нас ужо ня будзе.

    А потым быў чэрвень 2018 года. Алесь патэлефанаваў мне і папрасіў сустрэцца. Быў ужо вечар, і было зразумела, што штосьці зрабілася. Мы дамовіліся сустрэцца ў горадзе. Ужо цямнела. Ён устрывожаным голасам распавёў, што яго выклікалі ў падаткавую і паказалі паперы на ягоны рахунак у адной зь еўрапейскіх краінаў, які ўлады той краіны выдалі беларусам. Ён у бліжэйшыя дні мусіў даць тлумачэньні. Усё было дакладна як у мяне ў 2011 годзе. Я аж не паверыў напачатку, так гэта было банальна. Здаецца ж, пасьля таго міжнароднага скандалу, які адбыўся з маімі рахункамі ў Літве і Польшчы, на якія ішлі грошы на дзейнасьць “Вясны” і за якія мяне ўрэшце пасадзілі, ані іншыя дзяржавы не павінны былі выдаваць беларускім уладам рахункі актывістаў запроста так, ані актывісты не павінны былі наступаць на тыя самыя граблі, на якія давялося наступіць мне. Але ж не, мы няўважліва слухаем пра памылкі іншых і любім вучыцца на ўласных.

    “Што рабіць?” – спытаўся ён.

    “У цябе два шляхі, – адказаў я, – ці ты па-ціху зьяжджаеш з Беларусі, пакуль гэта яшчэ магчыма. Ці застаесься і ідзеш у турму”.

    “Я не магу зьехаць, бо ў мяне будзе аперацыя”, – адказаў ён.

    “Тады рыхтуйся, што гэтую аперацыю табе правядуць у турэмнай бальнічцы, – адказаў я. – А калі зьедзеш, дык будзеш тады лячыцца там на волі”.

    Алесь папрасіў параіць яму адваката, і мы разыйшліся. Урэшце, як аказалася праз нейкалькі дзён, ён усё зрабіў па-свойму. Так часта бывае, і з гэтым я сутыкаўся не адзін раз: калі ты, сыходзячы з свайго досьведу, раіш штосьці адное, людзі выслухоўваюць цябе і робяць па-свойму. Я стаўлюся да гэтага спакойна. Пэўна, што кожны чалавек мае поўнае права на свой уласны выбар.

    Затым праз некалькі дзён патэлефанаваў Алесь і распавёў, што нявыплачаную суму падаходнага падатку ён выплаціў, тым самым фармальна прызнаўшы, што гэтыя грошы на замежным рахунку былі ягоным даходам. Але літаральна пасьля абеду яго выклікалі ў дэпартамент фінансавых разсьледваньняў і паведамілі, што ўзбуджаная крымінальная справа.

    “Ці ўзялі з цябе падпіску аб нявыезьдзе?” – спытаўся я.

    “Не”, – адказаў Алесь.

    “Ну дык гэта твой апошні шанец”, – адказаў я.

    Выплата “схаванага” за некалькі гадоў падатку, улічваючы суму, якая была на ягоным рахунку, не пазбаўляла яго ад крымінальнай адказнасьці. Вядома, суд мог бы гэта ўлічыць, калі б захацеў…

    А затым было 14-га чэрвеня. З самага ранку я ехаў на працу зь вёскі, не было яшчэ восем гадзінаў, як у кішэні затрымцеў тэлефон. Тэлефанаваў Алесь.

    “Да мяне грукаюць нейкія маладыя хлопцы, патрабуюць, каб я адчыніў дзьверы”.

    “Гэта мабыць дэфээраўцы, – адказаў я. – Ты адгукнуўся?”

    “Не”, – адказаў Алесь.

    “Пачакай адчыняць пакуль я не пад’еду, а дабірацца мне дзесьці сорак хвілін”.

    “А чым ты дапаможаш?” – спытаўся Алесь.

    “Яшчэ ня ведаю, – адказаў я, – але можа і дапамагу”.

    Дзьверы Алесь адчыніў толькі праз паўтары гадзіны, калі дэфээраўцы выклікалі сьлюсара, каб узламаць замкі.

    Затым было чатырохгадзіннае стаяньне пад дзьвярыма Алесевай кватэры, пакуль там адбываўся вобшук. Так склалася, што сапраўды мне і маім калегам удалося ў гэты час яму ў нечым дапамагчы. І там, на калідорнай пляцоўцы я даведаўся, што Алесь хворы на рак, што яму ўжо рабілі аперацыю і неўзабаве мусілі зрабіць яшчэ адную. Для сьледчых, якія праводзілі вобшук, гэта таксама было навінай і мабыць адным з сур’ёзных аргументаў, чаму яго пакінулі на волі. І я зразумеў, чаму Алесь не хацеў зьяжджаць зь Беларусі. Ён жадаў пры любым раскладзе спраў, будзе ён на волі ці не, будзе ён жыць ці не, застацца тут, “на” ці “ў” беларускай зямлі. За апошні тыдзень мне адкрыліся дзьве ягоныя вусьцішныя таямніцы. Усё ж такі мы не былі блізкімі сябрамі. Ён нават пра рак свой мне нічога не сказаў.

    Пасьля вобшуку аператыўнікі вышлі разам з Алесем, у руках яны несьлі ўсяго толькі невялікую скрынку, ня так, як некалі ў мяне, калі адразу пазабіралі ўсе кампутары і павыграбалі ўсе паперы. Алесь быў звонку спакойны і пасьміхаўся. Значыць ня ўсё так кепска, зрабілі выснову мы.

    Праз пару тыдняў я быў на прыёме ў амерыканцаў. Прыём праходзіў у Доме Дружбы на Вайсковым завулку. На ўваходзе стаяў бліскучы храмаваны Харлей, і кожны, хто жадаў, мог сесьці на яго і сфатаграфавацца. Няхітрыя амерыканскія забаўкі. Сам прыём адбываўся ў прысядзібным парку. Папуры з маршаў і гімнаў граў беларускі вайсковы аркестр. І вось, калі я пачуў знаёмы матыў “Боже, царя храні!”, я пры Валерыю Карбалевічу не стрымаўся:

    “Беларускае войска, маць іх так! Хоць сёньня гатовы пад гэты гімн ісьці сьпяваць і таньчыць!”

    Карбалевіч паныла са мной пагадзіўся.

    Там на прыёме быў і Алесь Ліпай. Ён стаяў самотны, адзін за столікам. Знаёмыя, а сярод запрошаных было некалькі рэдактароў, палітолагаў і журналістаў, ня лічачы нашых палітыкаў, ня надта сьпяшаліся зь ім павітацца і паразмаўляць. Як быццам бы чорную метку пачапілі яму дэфээраўцы на штрыфель пінджака. Я падыйшоў да Алеся. Мы паразмаўлялі. Ён ужо быў пад падпіскай. Падчас вобшуку ў яго амаль нічога не забралі. Яму прад’явілі абвінавачваньне па артыкуле 243, частка 2. Маім “родным” артыкуле. Колькі разоў мне прыходзілася называць яго пры прадстаўленьні ў СІЗА і ў калоніі. Там гэта было ў абавязковым парадку: імя, прозьвішча, імя па бацьку, год нараджэньня, артыкул Крымінальнага кодэксу, пачатак і канец тэрміна зьняволеньня.

    “Для суда ў іх ужо ёсьць усё, што ім трэба, – адказаў я. – Добры знак, што ня ўзялі пад варту, але маглі. Зараз ужо і не ўцячэш, і суда не пазьбегнуць”.

    Алесь з разуменьнем кіўнуў галавой. Але ізноў я ня меў рацыі. Яму гэта ўдалося.

    За тыдзень перад сваім апошнім днём Алесь напісаў мне смску, што хацеў бы сустрэцца. Я быў у ад’езьдзе, але, устрывожаны, напісаў яму, што вяртаюся заўтра ўвечары і гатовы да сустрэчы. Гэта было перад выходнымі, і ён напісаў мне, што справа церпіць і што мы можам сустрэцца на наступным тыдні. А затым праз пару дзён мне напісаў Дзіма Наважылаў, намесьнік Алеся, і паведаміў, што Алесь зараз ня можа спаткацца і прасіў перанесьці сустрэчу яшчэ на пару дзён. І я пагадзіўся. Праз гэтых пару дзён я даведаўся, што Алеся ня стала. Так мы зь ім і не сустрэліся. І мне верадзіць ад пачуцьця віны ад гэтай запланаванай і нязбытай сустрэчы. Я так ужо ніколі і не даведаюся, што ж ён хацеў сказаць мне.

    І вось тут, у Грозным, кладучыся спаць, я думаю:

    “Нашто Бог даў яму такія турботныя апошнія месяцы, тыдні і дні? Можа ён не хацеў адпускаць яго адсюль, ад беларускіх справаў да апошняй хвіліны? Нават сплаціўшы адзін аднаму жыцьцёвую пазыку, мы ўсё-роўна застаемся павінныя адзін адному”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці