Юрыя Дудзя двойчы аштрафавалі за мацюкі чытачоў сайта Sports.ru
Раскамнагляд у апошнія месяцы рэгулярна выстаўляе прэтэнзіі да сайта Sports.ru за ненарматыўную лексіку ў карыстальніцкіх блогах. Пра гэта ў сваім фэйсбуку напісаў кіраўнік Sports.ru Дзмітрый Навоша.
РКН ужо склаў 17 пратаколаў, з якіх чатыры былі разгледжаны судамі — па двух з іх суд аштрафаваў былога галоўнага рэдактара выдання Юрыя Дудзя.
Навоша адзначыў, што карыстальніцкія блогі на сайце не маюць дачынення да матэрыялаў рэдакцыі, а таксама выказаў здзіўленне тым фактам, што РКН адразу накіроўвае матэрыялы ў суды — у адрозненне ад выпадкаў нецэнзурнай лаянкі ў іх каментарах, калі ведамства звычайна проста просіць выдаліць кантэнт.
РКН у зваротным допісе падкрэсліў, што для сеткавых выданняў закон не робіць адрозненняў паміж рэдакцыйным і карыстальніцкім кантэнтам і што прадстаўнікі ведамства неаднаразова звярталі ўвагу на гэта адміністрацыі Sports.ru.