Беларуская асацыяцыя журналістаў > Навіны > «З горыччу і болем гляджу за тым, што адбываецца на тэлевізіі». Былая прэс-сакратарка ОНТ падтрымала Бабарыку
«З горыччу і болем гляджу за тым, што адбываецца на тэлевізіі». Былая прэс-сакратарка ОНТ падтрымала Бабарыку
Былая прэс-сакратарка ОНТ Тацяна Курбат рэзка выказалася пра сытуацыю ў Беларусі. Пра гэта яна расказала ў сваім акаўнце ў Instagram.
Тацяна Курбат прыгадала, як у 2010 годзе з ОНТ звольнілі Сяргея Дарафеева, якія дазволіў сабе задаваць нязручныя пытаньні Лідзіі Ярмошынай увечары 19 сьнежня. Тады Ярмошына пакінула студыю.
«У 2010 годзе, у год чарговых выбараў, я была прэс-сакратаром тэлеканала ОНТ. Упэўнена, хтосьці памятае выпуск праграмы «Выбар», калі Сяргея Дарафеева звольнілі амаль у жывым эфіры. Бо адышоў ад узгодненага сцэнара і ня змог стрымаць свайго абурэньня і грамадзянскай пазыцыю. Праз што галоўная ў падліку галасоў проста выбегла з студыі. А дагэтуль цэлы год «нас гулялі» ў дэмакратыю і свабоду слова. Дазвалялі мачыць чыноўнікаў у эфіры і задаваць ім нязручныя пытаньні, прыдумлялі правакацыйныя шоу, каб жартаваць з палітыкаў, стваралі ілюзію сумленнасьці і неперадузятасьці. Мы ўсе падмануліся. Мне было 23. І я, да свайго сораму, мала што разумела ў тым, што адбываецца», — піша Тацяна Курбат.
Яна прыгадвае, што пасьля тых падзеяў звольнілася не адразу, бо было страшна страціць «працу, чаргу на ільготнае жыльлё», але пасьля звальненьня ёй «адразу стала лягчэй», а жыцьцё «не пагоршылася».
«З горыччу і болем гляджу на тое, што адбываецца ў эфіры беларускай тэлевізіі цяпер. І некалькі разоў на дзень літаральна крычу ў слухаўку маме і бабулі: „Гэта няпраўда!!! Слухайце мяне, а не БТ!!!“ А яшчэ навучыла іх глядзець правільны інтэрнэт і ДУМАЦЬ»,— напісала журналістка.
У інстаграме Тацяны Курбат ёсьць фатаздымак з знакам кампаніі аднаго з прэтэндэнтаў на кандыдацтва ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Яна запісалася назіральніцай на выбары.
Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.