За абразу прадстаўніка ўлады палітзняволенай Вользе Класкоўскай прысудзілі два з паловай года калоніі
Палітзняволенай Вользе Класкоўскай прысудзілі 2,5 года калоніі за абразу прадстаўніка ўлады.
У судзе Маскоўскага раёна Брэста вынеслі прысуд па справе палітзняволенай Вольгі Класкоўскай, якую распачалі супраць яе, калі яна ўжо абдывала тэрмін у гомельскай жаночай калоніі па іншай справе. Год таму Вольгу асудзілі да двух гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, цяпер яе судзілі па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) за каментар у адрас брэсцкага міліцыянта.
За «абразу прадстаўніка ўлады» Вользе прысудзілі 1,5 года хатняй хіміі. Шляхам складання тэрмінаў Класкоўскай прызначылі 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.
Год таму Вольгу асудзілі да двух гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе.
У судовым працэсе Вольга Класкоўская ўдзельнічаць адмовілася, паколькі «суд над ёй незаконы і несправядлівы» і са словамі «Жыве Беларусь» пакінула пасяджэнне.
У снежні 2020 года Вольгу Класкоўскую пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі па абвінавачанні ў грубым парушэнні грамадскага парадку (частка 1 артыкула 342 КК) за перакрыццё руху ў раёне Серабранка 13 кастрычніка. У судзе Класкоўская адмовілася ад дачы паказанняў і не прызнала сваю віну.
У папраўчай калоніі №4 Класкоўскую неаднаразова змяшчалі ў карцэр і памяшканне камернага тыпу. Пасля таго, як была заведзеная новая крымінальная справа, Вольгу перавялі ў СІЗА‑7 у Брэсце і паставілі на ўлік як «схільную да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці» і «схільную да захопу закладнікаў, напад на адміністрацыю і хуліганства».
У снежні 2021 года жанчына тыдзень правяла ў Навінках, куды яе адправілі на псіхіятрычную экспертызу. Як перадаюць праваабаронцы, этапаванне назад у Брэст было доўгім — за месяц Класкоўская дважы пабывала ў баранавіцкім СІЗА‑6 і мінскім СІЗА‑1. Падчас этапу яна прастудзілася. З моманту затрымання ў кастрычніку 2020 года ў Класкоўскай пагоршыўся зрок, ацякаюць ногі, ёсць болі ў спіне і галаве.