• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    За «радыё ад Герасімені і Скардзіна» стаялі расійскія грошы. І хацелі яны не адну, а адразу тры станцыі

    У пачатку тыдня стала вядома, што спачатку Міністэрства інфармацыі, а пасля і Адміністрацыя прэзідэнта адмовілі біятланістцы Надзеі Скардзіна і плыўчыcе Аляксандры Герасімені ў стварэнні радыёстанцыі «Спорт-FM».

    Аляксандра Герасіменя ў інтэрв’ю «Трыбуне» патлумачыла: «Напэўна, камусьці не зусім спадабалася, што мы хочам зрабіць такі праект. Складана адказаць, чаму ўсё ж прыйшла адмова ад Адміністрацыі. Я не бачу ніводнай прычыны казаць «не», вось што галоўнае. Мабыць, ўмяшаліся нейкія асабістыя матывы, якія не далі магчымасці нашаму праекту рэалізавацца».

    Збоку выглядала, што «злачынны рэжым» проста так адмаўляе славутым спартсменкам у стварэнні бяскрыўднага каналу пра спорт. Тым болей што і самі атлеткі ў сваёй канцэпцыі адзначалі, што гаворка вядзецца пра стварэнне «магутнага інфармацыйнага правадніка дзяржавы ў галіне спорту і здаровага ладу жыцця». З усіх бакоў рашэнне ўладаў выглядала непрывабна. Як можна завярнуць тытулаваных спартсменак, якія столькі гадоў прыносілі славу краіне?

    На справе ж гісторыя атрымала зусім іншы паварот. Герасіменя падкрэслівала, што не збіралася прасіць грошы на радыёстанцыі ў дзяржавы, бо мела свайго інвестара. Ананімны тэлеграм-канал «Паца-ваца» апублікаваў зліў, дзе гаворыцца, што група асобаў мела намер зарэгістраваць не адну, а адразу тры радыёстанцыі — «Спорт-FM», EUROPA+ і Ener­gy.

    Пазіцыянуюцца гэтыя медыя як беларускія, але на справе гэта — аднайменныя расійскія СМІ. Усе яны, а таксама сайт «Спорт Беларусь» мусілі аб’яднацца ў адзіны нібыта спартовы холдынг. Толькі фішка ў тым, што спартыўны кантэнт займаў бы там не больш за 15% эфіру.

    Апроч Герасімені і Скардзіна, за праект узяўся буйны айчынны бізнэсмен Віталь Сініцкі (№100 у рэйтынгу самых паспяховых бізнэсоўцаў краіны ад «Ежедневніка»). Сініцкі мае бізнэс у сферы нерухомасці. Аднак вельмі сумніўна, што ён адзін столькі б уклаў у радыёстанцыі.

    Віталь Сініцкі

    Расійскія «Спорт-FM» (цяперашняя Studio21) і EUROPA+ належаць уральскай горна-металургічнай кампаніі, а Ener­gy — гэта прадукт «Газпром-медыя». Можна меркаваць, што за холдынгам стаяў бы буйны расійскі бізнэс. Таксама варта адзначыць, што «Газпрому» належыць яшчэ дзве радыёстанцыі ў Беларусі — «ГумарФМ» і «РэлаксФМ».

    Надзея Скардзіна ў тэлефоннай размове з TUT.BY адзначыла, што пры адмове ў рэгістрацыі згадвалася вялікая канкурэнцыя на рынку. Здагадка ж пра тое, што спартсмены хацелі такім чынам прывесці ў краіну расійскія папулярныя радыёстанцыі «Еўропа Плюс» і Ener­gy, стала для яе нечаканасцю.

    — Мы здзіўлены тым, што наша ініцыятыва была ўспрынятая як спроба прывесці на беларускі рынак расейскіх гульцоў. Ад расійскіх радыёстанцый у праекце заставаліся толькі папулярныя назвы. Капітал — беларускі, грошы ідуць у бюджэт Беларусі. Не ішла гаворка аб расійскім бізнэсе і расійскіх грошах, так, адзін заснавальнік з Расіі — але яго доля толькі 10%. Радыё павінна было вяшчаць з Беларусі, з Мінска, усе праграмы — беларускія. Мы разумеем, што «Спорт ФМ» — гэта радыёстанцыя для спецыфічнай аўдыторыі, сацыяльны праект, не забаўляльны, і яму патрэбна была б фінансавая падтрымка. Беларуская «Еўропа Плюс» задумвалася менавіта як фінансавы донар для «Спорт ФМ», — падзялілася алімпійская чэмпіёнка.

    Тая ж Герасіменя прызнавалася, што на існаванне «СпортFM» патрэбна 500 тысяч даляраў на год. Гэта зусім немалыя грошы. Па нашай інфармацыі, холдынг планаваў забраць сабе больш за 20% рэкламнага радыёрынка краіны, гадавы аб’ём якога складае каля 10 мільёнаў даляраў. Калі дадаць 14%, што маюць «Гумар» і «Рэлакс» ужо цяпер, то атрымліваецца больш за траціна ўсіх рэкламных грошай, што круцяцца ў гэтай сферы.

    У Міністэрстве інфармацыі «НН» паведамілі са спасылкай на Міністэрства сувязі, што на гэты момант для FM-станцый няма вольных хваляў. Тым не менш нам стала вядома, што заяўнікі ўсё адно прасілі іх зарэгістраваць, каб пасля дачакацца хвалі, калі яна з’явіцца.

    Адметна, што ў Расіі, дзе цікавасць да спорта наўрад ці ніжэйшая, чым у Беларусі, радыёстанцыя «СпортFM» не прыжылася. І ў жніўні 2018 года радыёстанцыя была перафарматаваная са спартыўнай у музычна-забаўляльную з назвай Studio21. Была рызыка паўтарэння гэтай сітуацыі і ў Беларусі.

    Удзельнікі рынку мяркуюць, што гэта спланаваная атака буйных расійскіх холдынгаў на беларускую медыйную прастору. Маўляў, ад першай атакі ўдалося адбіцца, але гэта не значыць, што за імі не будуць наступныя.

    Чым можа быць цікавым FM-дыяпазон? Нават не прыбыткамі, бо, у параўнанні з расійскім, беларускі рынак рэкламы не такі і вялікі. FM-станцыі найперш бяруць сваёй вялікай аўдыторыяй. Людзі слухаюць радыё, калі едуць у машыне, працуюць ці проста гатуюць на кухні.

    Ясная справа, не вядзецца гаворка, каб на гэтых частотах вялася б нейкая палітычная прапаганда, але пэўнае прамацванне глебы ў любым выпадку магло б весціся.

    Звяртае ўвагу, што тварамі гэтай кампаніі былі абраныя такія пазітыўныя персанажы, як алімпійская чэмпіёнка Надзея Скардзіна і прызёрка Алімпіяды Аляксандра Герасіменя. Унутры грамадства яны маюць высокі аўтарытэт і прыхільнасць розных пластоў насельніцтва, менавіта таму адмова ў рэгістрацыі выклікала такую негатыўную рэакцыю.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці