За журналістыку — у ледзяную ваду
Чаго не зробіш дзеля матэрыялу. Гэтым разам давялося ў прамым сэнсе распранацца — і лезці ў ярдань акунацца. Ды не адзін раз, а цэлых тры. У прынцыпе не самая складаная задача. Вунь у 1802 годзе англійскі лекар А. Уайт уцёр сабе змесціва бубоннай чумы ў сцягно, каб даказаць, што чума можа выклікаць прыступ малярыі. Мая задача была нашмат больш простая і бяспечная: увайсці ў ваду з тэмпературай +3 па цэльсію, каб зразумець, што адчуваюць аматары хрышчэнскіх купанняў.
Цёплы хрышчэнскі дзень
Метад “журналіст змяняе прафесію” вядомы кожнаму журналісту. Кім толькі не “працавалі” калегі: ляснікамі, акцёрамі, дворнікамі і нават санітарамі морга. Мне ж дасталася самая хуткая змена прафесіі — акунанне ў палонцы звычайна не займае болей за хвіліну.
“Табе пашанцавала, сёння цёпла: мінус сем”, — сказаў мне мой муж зранку 19 студзеня і паглядзеў на мяне так з усмешкай. Сапраўды, мінус сем — гэта не мінус дваццаць, як было на Раство. Адразу ўзгадалася, як падчас збірання матэрыялу для радыёрэпартажу ў вёсцы Будзішча (што на мяжы з Расіяй) адзін мясцовы жыхар, распавядаючы, як людзі раней бялізну пралі ўзімку ў крыніцы, гаварыў: “Папяры, папяры бялізну пры мінус трыццаці. Во, якія людзі раней моцныя былі!”
Чаму я стала “маржом”
Ідэя зрабіцца “маржом” на Вадохрышча з’явілася спантанна. Проста захацелася адчуць, што гэта такое.
Ніякіх іншых прыгатаванняў напярэдадні я не рабіла. Я не загартоўваюся, не абліваюся халоднай вадой і не практыкую розныя ідэі бессмяротнасці Парфірыя Іванова, калі трэба паступова адмаўляцца ад вопраткі і хадзіць басанож. Я люблю вельмі гарачую ванную, нашу валёнкі, калі тэмпература паветра апускаецца ніжэй за пяць, і апранаю пальчаткі ўжо восенню.
Скажу таксама, што я — не верніца ў поўным сэнсе гэтага слова. Мае стасункі з царквой абмяжоўваюцца зборам каментароў святароў на тую ці іншую тэму.
А мае сімпатыі — на баку народнай рэлігіі (зразумела, толькі без чалавечых ахвярапрынашэнняў). Напрыклад, мне падабаецца ўвесь цыкл Калядаў: ад Раства да Вадохрычша са шчадраваннем, куццёй, поклічам Марозу і варажбой. Але ў такой жа ступені я люблю Купалле і іншыя святы народнага календару.
Зразумела, што свята Вадохрышча з ідэяй ачышчэння ад старога і пераходу ў новае мне спадабалася. А правёўшы заняткі на курсах “Мова нанова” па тэме “Вадохрышча”, маё жаданне акунуцца ў ярдань яшчэ болей узмацнілася. Як гаварыў наш госць (загадчык філіяла Веткаўскага музея Пятро Цалка), “на Каляды людзі елі шмат, пілі, варажылі, пераапраналіся падчас калядаванняў у розных жывёлаў — то бок грашылі. А таму на Вадохрышча яны ішлі ды змывалі свае грахі”. Вось так і я: паеўшы добра на Раство, нашчадраваўшы на Васілле, вырашыла пайсці і змываць свае грахі на Вадохрышча.
Мне б хацелася верыць у гэтае больш-менш лагічнае тлумачэнне жадання акунуцца на Вадохрышча. Сюды яшчэ можна было дадаць развагі пра карысць для здароўя. Маўляў, можна вылечыць хранічныя захворванні. Ці паглыбіцца яшчэ болей і паразважаць на тэму, ці сапраўды наднырачнікі ў стрэсавы момант пачынаюць выпрацоўваць эндарфіны — гармоны шчасця. Аднак тут, хутчэй, проста захацелася паспрабаваць. Кшталту, калі хочацца чагосьці экстрэмальнага, а магчымасцяў паехаць у Антарктыду няма, то хаця б у палонку акунуцца.
Падрыхтоўка
Уся мая падрыхтоўка звялася да таго, што летась я рабіла матэрыялы пра Вадохрышча і людзей, якія акуналіся ў ярдані. Потым мы з мужам яшчэ рыхтаваліся і правялі заняткі “Мова нанова” па тэме “Вадохрышча”, падчас якіх я ўсё ж такі пачула адну вельмі добрую параду. А менавіта, што трэба ўзяць з сабой ручнік, каб падкласці пад ногі. Вось пра гэта я б дакладна не падумала. Бо мае рэчы, якія варта ўзяць на акунанне ў палонцы, мала чым адрозніваліся ад летніх паходаў на рэчку: купальнік і ручнік. Таксама з сабой трэба ўзяць: тэрмас з гарачай гарбатай, другі ручнік і пантофлі ці ваўняныя шкарпэткі, у якіх трэба дайсці да палонкі.
Момант ікс
У цёплым ложку зранку 19 студзеня, я думала, і для чаго мне ўсё гэта трэба. Ляжаць і далей так: а яшчэ цёплы кот побач вуркоча. Аднак тэма замоўленая, трэба ісці. “Уяўляеш, я прыйду, а не асмелюся залезці, што тады рабіць з матэрыялам?”, — пыталася я ў мужа і калегі. “Гэта яшчэ будзе больш цікава: напішаш матэрыял, як я не стала “маржом”, — адказаў мне мой муж і калега.
Задача ўскладнялася яшчэ і тым, што нам трэба было запісаць людзей каля храмаў і вадаёмаў для дзённага эфіру на «Радыё Рацыя». Аднак мне нельга было доўга мёрзнуць. Таму, нягледзячы на цёплы хрышчэнскі дзень і тэмпературу паветра ў мінус сем, давялося хуценька ў дзве рукі з калегам пабегаць і пазапісваць, чаму народ набірае святую ваду, куды яе потым выкарыстоўвае і якія ўражанні ў такіх, як я, “маржоў”. Калі я перад гэтым апраналася дома, то я чамусьці падумала, што, каб распрануцца хутка, я не буду апранаць пад джынсы калготы. А таму пасля збору інфармацыі для матэрыялу, ногі ў мяне ўжо троху пакалвалі ад марозу. На пляжы, на якім я не была са жніўня, калі скончыла купальны сезон, мне хацелася ўжо пахутчэй усё скончыць. А яшчэ я падумала, што калі я распрануся, падыйду да ярдані і перадумаю, то з мяне, відаць, потым будуць усе “маржы” смяяцца. Вось так, пад цяжкасцю грамадскай думкі “маржоў”, я пачала распранацца.
Самым складаным было развітацца з маімі валёнкамі і паставіць ногі на ручнік, які ляжаў на снезе. І хоць я апранула ваўняныя шкарпэткі, аднак холад нагамі ўсё роўна адчуваўся. Абкруціўшыся ручніком, я яшчэ змагла сфоткацца для ілюстрацыі матэрыялу (а рэдактар замовіла мне як мінімум тры фотаздымкі). Аднак, калі я апусцілася ў палонку, у якую, дарэчы, было і не так лёгка зайсці: бо на ільдзе – слізка, шкарпэткі, якія давалі хоць нейкае шчапленне, я ўжо зняла, а парэнчаў там не было аніякіх. Мой муж і калега ў гэты момант выконваў ролю фатографа, спрабуючы не ўпасці ў палонку. Дзякуй нейкаму дзядзечку, які даў руку мне і яшчэ нейкай жанчыне, каб я магла ўвайсці ў раку, а жанчына наадварот выйсці.
Невялікае адступленне. Цяпер модна, каб прысутнічала гендэрная аналітыка. Калі ласка. Маё назіранне. Калі мы прыйшлі, то вакол былі толькі адныя мужчыны ў майтках. Мне нават не па сабе стала, што адбываецца такая гендэрная дыскрымінацыя. У Палаце прадстаўнікоў — 30 % жанчын, а тут — нікога. Аднак варта было з’явіцца каля палонкі адной жанчыне, як адразу падцягнуліся акунацца яшчэ. А потым так жа хуценька зніклі. І зноў засталіся адныя мужчыны.
Калі я ўвайшла ў ваду, то думак у мяне не было аніякіх. Акрамя таго: як холадна нагам. Кажуць, што ў палонцы трэба не больш за хвіліну знаходзіцца. Якое там, я выскачыла праз секунд дваццаць. Гэта было так хутка, што мой муж і калега спытаў: “Чаму я толькі адзін раз акунулася. Трэба ж тры”. Хаця я акунулася менавіта тры разы. І нават перахрысціцца паспела. Пасля чаго куляй выскачыла з той палонкі. Якое там пазіраванне для матэрыялу!
Не паверыце, але сэлфі ў палонцы ніхто не рабіў.
“Я жыць хачу”, — скамандаваў мне мой арганізм. І толькі ўжо на ручніку, у шкарпэтках, хоць і мокрых, але ваўняных, я ўзгадала пра фатаграфаванне.
Зноў гендэр, ці пераапранаемся ўсе разам
Адзін мужчына, якога мы запісвалі яшчэ да таго, як я акунулася ў ярдані, скрадзіўся на арганізацыю палонкі: “Людзі з голай дупай выходзяць, паглядзеў па баках, ніхто не глядзіць — тады здымае майткі”.
Менш за ўсё мне хацелася б патрапіць у негліжэ на старонкі ютуба. Да пераапраналкі трэба было бегчы. І калі да акунання я думала, што змагу. Падумаеш, якія-небудзь пяцьдзясят метраў. То пасля ярдані ў мяне было толькі адно жаданне: апрануцца, надзець шкарпэткі і выпіць гарбаты. Добра, што ўлетку я натрэніравалася пераапранацца хутка пад ручніком, паралельна адсочваючы, каб мой двухгадовы сын не зайшоў вельмі глыбока ў раку. Атрыманы ўлетку досвед спатрэбіўся і ўзімку.
А дзе беларускасць?
“Толькі дзе ва ўсім гэтым беларускасць”, — сказаў мне потым мой муж і калега. Паралельна пытаючы: “Можна за цябе патрымацца, ты ж усе грахі змыла”. “Ну, як дзе? А мы?”, — адказала я. Так што, у 2017 годзе Вадохрышча ў Гомелі было хоць трошкі, але беларускім.
Фота: Мікола Бянько