Заходнія санкцыі прабілі “дзірку” ў беларускай сістэме абароны персанальных дадзеных
З прычыны маштабных эканамічных санкцый Беларусь вымушаная шукаць замену замежным сродкам абароны звестак дзяржаўнай важнасці, прызнаўся падчас прэс-канферэнцыі дырэктар Навукова-даследчага інстытута тэхнічнай абароны інфармацыі Аляксандр Горбач.
Як расказаў журналістам кіраўнік новастворанай структуры, для таго, каб стратэгічная інфармацыя не трапіла ў “сумнеўныя рукі”, даводзіцца пераарыентоўвацца на “айчынныя альбо расійскія аналагі”. Праўда, наколькі надзейныя тыя праграмныя “дублікаты” ад несанкцыянаваных узломаў, чыноўнік заглыбляцца не стаў.
«У Беларусі існуе сістэма заканадаўчых і нарматыўных актаў у галіне абароны інфармацыі. Найбольш важны і значны дакумент у гэтай сферы — закон «Аб абароне персанальных дадзеных» як квінтэсенцыя ўсяго працэсу забеспячэння правоў нашых грамадзян у галіне канфідэнцыйнай інфармацыі. У законе дакладна прапісаныя патрабаванні да апрацоўкі і захоўвання гэтых звестак», — падкрэсліў Аляксандр Горбач, звярнуўшы ўвагу на “вонкавыя выклікі” для ўнутраных інфармацыйных сістэм.
Ён удакладніў, што кожны аператар інфармацыйнай сістэмы, якая апрацоўвае персанальныя дадзеныя, мусіць стварыць неабходныя ўмовы для іх “абароны ад уцечак”. Таму ўсе адпаведныя суб’екты гаспадарання павінны правесці “атэстацыю праграмнага забеспячэння”. Але тут паўсталі сур’ёзныя праблемы.
Аказалася, што ўся ранейшая “сістэмы абароны” базавалася на заходнім абсталяванні. Аднак з увядзеннем санкцый супраць рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі такія пастаўкі сталі немагчымымі. Як вынік, давялося тэрмінова “залатваць дзіркі” тым, што ёсць у наяўнасці.
“Заходнія санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да нашай дзяржавы, у пэўнай ступені паўплывалі на магчымасць закупкі замежных сістэм і сродкаў абароны інфармацыі. Тым не менш, апошнім часам мы правялі вялікі аб’ём працы, дзякуючы чаму забяспечылі наяўныя патрэбы нацыянальнымі або расійскімі сродкамі, якія выконваюць функцыі па абароне інфармацыі”, — адсправаздачыўся Аляксандр Горбач, не ўнікаючы ў надзейнасць падобнай замены ў выпадку магчымых атак вопытных “хакераў”.
Пры гэтым дадаў, што для ліцэнзіятаў Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце, якія акурат займаюцца вырашэннем узніклай праблематыкі, ужо вызначаны рэгламент работ дзеля “тэхнічнай дыверсіфікацыі”. Гэта тычыцца як праектавання сістэмы абароны інфармацыі, так і практычнай дзейнасці па яе наладцы ў арганізацыях. На завяршальным этапе будзе дадзена ацэнка абароненасці дадзеных, якія ў гэты час праходзяць выпрабаванне “саюзнай” інфармацыйнай сістэмай.
Напрыканцы кастрычніка Лукашэнка падпісаў указ № 422 “Аб мерах па ўдасканаленні абароны персанальных дадзеных”. Згодна з дакументам, гаворка пра стварэнне Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных звестак, які надзяляецца статусам “упаўнаважанага органа па абароне правоў суб’ектаў”. У прыватнасці, кантралёры могуць правяраць выкананне заканадаўства аб персанальных звестках, выносіць пісьмовыя прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў, нарэшце, патрабаваць спынення апрацоўкі звестак, калі іншымі спосабамі немагчыма забяспечыць “прававую абарону”.
У якасці аргумента адзначаецца, што выкананне нормаў указа дасць магчымасць павысіць узровень абароны персанальных дадзеных у дзяржаве і забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё.
Уцечкай персанальных дадзеных беларускія ўлады заклапаціліся пасля масавых пратэсных акцый 2020 года, калі ў адказ на гвалт сілавікоў і юрыдычнае беззаконне ў сеціва трапілі звесткі пра суддзяў, пракурораў, следчых, праваахоўнікаў, якія мелі непасрэднае дачыненне да маштабных рэпрэсій у краіне. Пасля жорсткага ўдушэння пратэстаў на гэтай падставе ўжо заведзеныя сотні крымінальных спраў, падазраваных у “злівах” дагэтуль затрымліваюць і караюць значнымі тэрмінамі зняволення.
Чытайце яшчэ:
В Вильнюсе открылся Форум свободной журналистики
За “абразу прэзідэнта” і “распальванне варожасці” судзяць карэспандэнта “Комсомольской правды” Генадзя Мажэйку
Святлана Ціханоўская: “Без незалежных СМІ мы не зможам пабудаваць моцную дэмакратыю”