• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Заканадаўства дазваляе да пачатку крымінальнай справы праводзіць агляды і забіраць на экспертызу абсталяванне журналістаў

    У сучасных рэаліях у Беларусі практычна кожны журналіст можа патрапіць пад увагу правахоўных органаў з затрыманнямі, выняткам тэхнікі і нават перспектывай пачатку супраць яго крымінальнай справы. Яскравы  прыклад таму — пераслед гродзенскіх журналістаў-фрылансераў Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса ў 2018 годзе. Карэспандэнт служба маніторынгу ГА «БАЖ» аднаўляе храналогію падзей.

    Год таму на тэлеканале «Белсат» быў паказаны рэпартаж  пра ўмовы жыцця ў інтэрнатах унітарнага жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага прадпрыемства Ленінскага раёна Гродна. Паводле яго аўтара, жыхары інтэрнатаў падазравалі ў хабарніцтве прадстаўніцу прадпрыемства. Відэарэпартаж Сцяпана Святлова (блогер «Nex­ta») выйшаў у эфір у красавіку 2018 года і меркавана стаў прычынай рэзанаснага пераследу мясцовых журналістаў.

    Праз некалькі месяцаў пасля яго трансляцыі, 23 ліпеня 2018 года, гродзенскіх журналістаў Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным. Спачатку іх амаль тры гадзіны трымалі ў Кастрычніцкім РАУС Гродна, пасля павезлі рабіць агляды жылля. У выніку вобшукаў у журналістаў забралі ўсе электронныя носьбіты інфармацыі: відэакамеру, ноўтбукі, тэлефоны, флэшкі і інш. У выпадку з Дзянісавым апроч яго кватэры здзейснілі агляд і ў жыллі яго маці. У той жа дзень у яе здарыўся гіпертанічны крыз.

    Журналісты мяркуюць, што заяву супраць іх напісала фігурант згаданага вышэй рэпартажу, што і стала нагодай для затрымання і далейшых следчых дзеянняў.

    Алесь Дзянісаў узгадвае:

    “У красавіку 2018 года да нас звярнуліся жыхары аднаго з інтэрнатаў УЖРЭП, каб мы прыехалі і зрабілі рэпартаж пра нялюдскія ўмовы пражывання, а таксама знялі іх сустрэчу з кіраўніцтвам інтэрнатаў. Як толькі мы выйшлі з аўто з камерай, некалькі камендантаў інтэрнатаў збеглі ад нас праз «чорны» ход. 23 ліпеня 2018 года мяне і Аляксея Кайрыса схапілі на вуліцы міліцыянты і  адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС. Там патлумачылі, што будзе распачатая крымінальная справа за нібыта паклёп. Нам паведамілі, што праводзіцца праверка, дзеля гэтага будзе вынятая ўся тэхніка, а таксама праведзеныя агляды ў нашых кватэрах”.

    Праверка ў дачыненні да Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса цягнулася да другой паловы лістапада 2018 года. Пасля трох месяцаў чакання журналісты напісалі заяву ў міліцыю, каб “альбо распачыналі справу, альбо вярталі апаратуру”.

    “У выніку мне патэлефанаваў лейтэнант Вайцешка і паведаміў, што праверка скончылася, мы можам прыехаць і забраць тэхніку. На месцы ён патлумачыў, што справа не распачатая з прычыны адсутнасці складу злачынства. Апаратуру вярнулі ў поўным аб’ёме”, — распавёў Алесь Дзянісаў.

    Выкарыстанне падобнай практыкі пераследу беларускіх журналістаў каментуе намеснік старшыні ГА “БАЖ”, юрыст Алег Агееў.

    “Дзеючае заканадаўства, на жаль, дае следчым органам паўнамоцтвы да пачатку крымінальнай справы праводзіць агляды і забіраць на экспертызу абсталяванне. Безумоўна, гэта спосаб ціснуць на журналістаў,  актывістаў грамадзянскай супольнасці ці палітычных партый. У большасці краін падобныя дзеянні, якія суправаджаюцца ўмяшальніцтвам у прыватнасць людзей, павінны санкцыянавацца судом. У Беларусі нават калі справа распачатая, то падобны вобшук ці агляд можа санкцыянаваць пракурор.

    Праблема ў тым, што абскарджваць такія дзеянні таксама складана, бо яны замацаваныя ў працэсуальным заканадаўствае пра органы ўнутраных справаў. На жаль, супрацоўнікі міліцыі карыстаюцца гэтым даволі часта. Такія выпадкі былі ўжо ў Бабруйску, у Брэсце. Гэта сведчыць пра тое, што ў нашай краіне ў працу журналістаў можа ўмяшацца амаль любы міліцыянт, і гэтаму складана супрацьстаяць прававымі сродкамі”.

    Алег Агееў падкрэслівае, што нагодай, каб распачаць падобную праверку ў дачыненні да журналістаў, можа быць не толькі заява службовай асобы пра паклёп, але і іншыя чыннікі, пералічаныя ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе РБ. У межах такой праверкі і здзяйсняецца агляд і вынятак тэхнікі.

    “Мы заўсёды кажам: калі супраць журналістаў ужываюць падобныя захады, то гэта з’яўляецца парушэннем закона “Аб СМІ”. У журналіста ёсць абавязак захоўваць таямніцу сваіх крыніц, а калі следчыя органы забіраюць камп’ютары, то яны маюць магчымасць атрымаць доступ да гэтай таямніцы, якая, між іншым, ахоўваецца законам”, — зазначае Агееў.

    Юрыст акцэнтуе ўвагу на тым, што любы журналіст проста абавязаны рыхтавацца, што да яго могуць прыйсці і атрымаць доступ да асабістай інфармацыі.

    З гэтай прычыны яе трэба належным чынам абараняць: ужываць захады шыфравання, граматна карыстацца электроннай поштай, бо следчыя органы і спецслужбы могуць атрымаць доступ і да ліставання.

    Абарона інфармацыі і яе крыніц — гэта і абавязак, і пэўная магчымасць для журналіста супрацьстаяць наўпроставай перашкодзе ў прафесійнай дзейнасці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці