• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Заключэнне экспертаў ПЦ “Вясна” па кейсу, што ілюструе права на свабоднае выказванне меркавання

    Экспертнае заключэнне па крымінальным пераследзе Вячаслава Касінерава.

     

    Фота са старонкі Вячаслава Касінерава ў Фэйсбуку

    Фота са старонкі Вячаслава Касінерава ў Фэйсбуку

    Падрыхтавана экспертамі Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцінам Стэфановічам і Паўлам Сапелкам. 

    28 сакавіка 2017 года стала вядома, што актывісту Вячаславу Касінераву, які адбываў 15-суткавы адміністратыўны арышт за ўдзел у дэманстрацыі 17 лютага у г. Мінску, было прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства). Абвінавачаны быў узяты пад варту і пераведзены ў СІЗА МУС у г. Мінску.

    Падставай для крымінальнага пераследу В. Касінерава стала праведзеная ім 12 сакавіка 2017 г. акцыя-перформанс каля будынка МУС у г. Мінску. У ходзе перформансу В. Касінераў накінуў пятлю на статую паліцэйскага-гарадавога часоў расійскай імперыі, якая была ўсталявана ля будынка МУС падчас святкавання 100‑й гадавіны стварэння беларускай міліцыі ў лютым бягучага году. Такім чынам актывіст вырашыў выказаць свой публічны пратэст супраць міліцэйскага бясчынства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.  

    У сувязі з узбуджэннем крымінальнай справы і ўзяццём пад варту В. Касінерава, мы адзначаем наступнае:

    Згодна з ч.1 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь, крымінальнай адказнасці падлягаюць наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць яўную непавагу да грамадства, пры гэтым суправаджаюцца прымяненнем гвалту ці пагрозай яго прымянення альбо знішчэннем ці пашкоджаннем чужой маёмасці альбо якія адрозніваюцца па сваім змесце асаблівым цынізмам (хуліганства).

    Такім чынам, такія кваліфікуючыя прыкметы хуліганства як прымяненне гвалту ці пагроза яго прымянення альбо знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці, а роўна дзеянні, якія адрозніваюцца па сваім змесце асаблівым цынізмам, могуць як суправаджаць дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць яўную непавагу да грамадства, так і выступаць у якасці самастойнай формы грубага парушэння грамадскага парадку і праявы яўнай непавагі да грамадства.

    Парушэнне грамадскага парадку само па сабе, нават калі яно і выражае яўную непавагу да грамадства, не ўтварае склад крымінальна каранага хуліганства, калі ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічае якая-небудзь з указаных прыкметаў [1]. 

    Грубае парушэнне грамадскага парадку можа праяўляцца ў здзяйсненні такіх дзеянняў, якія пацягнулі зрыў масавага мерапрыемства, часовае спыненне нармальнай дзейнасці ўстановы, прадпрыемства, грамадскага транспарту і г.д., а таксама прычыненне шкоды здароўю, законным правам і інтарэсам чалавека. Такога кшталту дзеянні могуць праяўляцца ў працяглым парушэнні грамадскага спакою, знішчэнні ці пашкоджанні маёмасці, збіцці пацярпелых.  

    Яўная непавага да грамадства характарызуецца пагардай да агульнапрынятых нормаў паводзінаў у грамадстве, актыўным супрацьпастаўленнем сваёй асобы інтарэсам грамадства ці асобных індывідаў.

    Суб’ектыўны бок хуліганства выражаецца як наўмысныя дзеянні, скіраваныя на грубае парушэнне грамадскага парадку з матывам яўнай непавагі да грамадства.

    Здзейснены В. Касінеравым учынак, які выражаўся ў накідванні пятлі на статую паліцэйскага-гарадавога, усталяваную каля будынка МУС, паводле нашага меркавання, не меў намеру на парушэнне грамадскага парадку, паколькі ніякім чынам не прывёў да зрыву працы МУС, іншых установаў, грамадскага транспарту, не прычыніў шкоды здароўю іншых грамадзян.

    Само дзеянне было кароткім па часе і не магло прывесці да парушэння спакою іншых грамадзян, да таго ж было зроблена ў позні час сутак, калі на вуліцы ў дадзеным месцы фактычна адсутнічалі мінакі. Такім чынам, паводле нашага меркaвання, нельга сцвярджаць, што дзеянні Касінерава з’яўляліся грубым парушэннем грамадскага парадку і выражалі яўную непавагу да грамадства.

    Сваімі дзеяннямі В. Касінераў не прычыніў нейкай шкоды самой статуі, не пашкодзіў і не зламаў (не знішчыў) яе.  

    Нельга таксама сцвярджаць, што дзеянні В. Касінерава былі спалучаныя з асаблівым цынізмам, паколькі асаблівы цынізм у складзе хуліганства азначае праяву ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць непавагу да грамадства, скрайне пагардлівага стаўлення да асноўных маральных каштоўнасцяў грамадства. Выключным цынізмам, у прыватнасці, можа быць прызнана праява бессаромнасці, здзек над хворым, састарэлым, асобамі, якія знаходзяцца ў бездапаможным стане, абняслаўленне звычаяў і традыцый і г.д.

    Дадзеная статуя паліцэйскага-гарадавога не з’яўляецца гістарычнай ці архітэктурнай каштоўнасцю (не занесеная ў адпаведны рэестр). Нельга сцвярджаць і тое, што гэтая статуя з’яўляецца адлюстраваннем (сімвалам) нейкіх нацыянальных традыцый ці звычаяў народаў, якія насяляюць Рэспубліку Беларусь, сімвалізуе сабой памяць аб ахвярах, панесеных нашай краінай у шматлікіх войнах і рэвалюцыях, ці з’яўляецца помнікам супрацоўнікам органаў МУС, загінуўшым пры выкананні імі сваіх службовых абавязкаў. Па сутнасці, дадзеная скульптура ўяўляе малую архітэктурную форму кшталту іншых падобных скульпур, усталяваных на вуліцах гарадоў Беларусі.

    Абагульняючы вышэйсказанае, мы лічым, што ў дзеяннях В. Касінерава адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны ч. 1 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь.

    Інфармацыя аб дадзеным перформансе была размешчаная на некаторых інтэрнэт-рэсурсах. З аналізу тэкстаў да відэа з дадзенай акцыі можна зрабіць выснову, што такім чынам В. Касінераў публічна выказаў сваё меркаванне адносна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, якія, на ягоную думку, мелі месца ў апошнія некалькі месяцаў (выпадак прымянення агнястрэльнай зброі супрацоўнікам міліцыі супраць грамадзяніна на Новы год у г. Мінску, затрыманні грамадзян у грамадскім транспарце пасля санкцыянаванай уладамі дэманстрацыі 15 сакавіка і інш.). 

    Варта адзначыць, што кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці шляхам друку ці мастацкіх формаў выяўлення, ці іншымі сродкамі па сваім выбары.

    Карыстанне правам на свабоднае выказванне свайго меркавання накладае асаблівыя абавязальніцтвы і асаблівую адказнасць, і таму дазваляюцца некаторыя абмежаванні ў дачыненні да гэтага права, якія могуць быць выкарыстаныя як да асобных індывідаў, так і да грамадства ў цэлым. Аднак, калі дзяржава накладае некаторыя абмежаванні на ажыццяўленне права на свабоду выказвання свайго меркавання, гэтыя абмежаванні не павінны ставіць пад пагрозу сам прынцып гэтага права. У Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах выкладаюцца ўмовы, пры якіх могуць быць устаноўленыя падобныя абмежаванні. Па-першае, абмежаванні павінны быць “устаноўленыя законам”, а па-другое, яны павінны пераследваць адну з мэтаў: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці насельніцтва; і дзяржава павінна абгрунтаваць тое, што яны з’яўляюцца “неабходнымі” для дасягнення адной з гэтых мэтаў.

    З выпадку крымінальнага пераследу В. Касінерава, які такім чынам выказаў сваё меркаванне адносна дзейнасці праваахоўных органаў, якая носіць публічны характар і, адпаведна, можа падвяргацца крытыцы з боку грамадзян, не вынікае, што, абмяжоўваючы такім чынам свабоду выказвання меркавання В. Касінеравым, дзяржава пераследвала адну з указаных вышэй мэтаў.

    Выглядае на тое, што такая непрапарцыйна жорсткая рэакцыя ўладаў на ўчынак В. Касінерава выклікана толькі тым фактам, што дадзеная статуя была святочна ўсталяваная з удзелам кіраўніцтва МУС падчас святочных мерапрыемстваў з нагоды 100-годдзя з моманту ўтварэння беларускай міліцыі (у выніку лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі у 1917 годзе ў Мінску была створана ўсерасійская міліцыя аховы грамадскага парадку).

    Таксама варта адзначыць, што гэта ўжо не першы выпадак спробы ізаляцыі і асуджэння Касінерава з боку праваахоўных органаў. Так, 11 жніўня 2015 г. супрацоўнікамі МУС былі затрыманыя моладзевыя актывісты Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў і Яраслаў Ульяненкаў па падазрэнні ў дачыненні да нанясення на сцены некаторых будынкаў у г. Мінску графіці палітычнага зместу. Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму былі прад’яўлены абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоснае хуліганства), абодва былі ўзятыя пад варту і змешчаныя ў СІЗА МУС. Пасля рэакцыі праваабаронцаў на гэтыя затрыманні, 31 жніўня М. Пякарскі і В. Жаромскі былі вызваленыя з‑пад варты пад падпіску аб нявыездзе. Пры затрыманні супрацоўнікамі МУС В. Касінераў быў жорстка збіты, у выніку чаго ён быў шпіталізаваны. Праваабарончыя арганізацыі тады выказалі меркаванне аб палітычна матываваным пераследзе маладзёнаў. У выніку, 9 студзеня падчас разбіральніцтва судом Фрунзенскага раёна дзеянні В. Касінерава былі перакваліфікаваныя з ч.2 арт. 339 КК (хуліганства) на арт. 341 КК (псаванне маёмасці). Касінераў быў прыгавораны да штрафу ў памеры 30 базавых велічыняў. Варта нагадаць, што пераслед В. Касінерава суправаджаўся сюжэтамі прапагандысцкага зместу па нацыянальным тэлебачанні, у якіх яго фактычна абвінавачвалі ў экстрымісцкай дзейнасці і нават распальванні нацыянальнай варожасці, хаця дадзеныя дзеянні яму ніколі афіцыйна не інкрымінаваліся.

    Пералічаныя акалічнасці дазваляюць рабіць высновы аб палітычным матыве ўлады ў пераследзе Вячаслава Касінерава ў мэтах спынення ягонай публічнай дзейнасці.


    [1] Пастанова Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 24.03.2005 г. № 1 “Аб судовай практыцы па крымінальных справах аб хуліганстве”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці