Затрымалі відэааператара Андрэя Толчына, які быў вызвалены па памілаванні. Тры месяцы пра яго няма звестак
Відэааператар з Гомеля Андрэй Толчын у сакавіку 2024 года быў асуджаны да 2,5 гадоў зняволення, але ў верасні выйшаў на волю. Журналіст-палітвязень трапіў у лік памілаваных паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі ад 16 верасня. Але праз паўтара месяца журналіста зноў затрымалі.
Як стала вядома, вызваленага ў верасні з папраўчай калоніі Андрэя Толчына ізноў затрымалі 31 кастрычніка 2024 года. У яго жыллі сілавікі зладзілі ператрус. Пра тое, што стала прычынай пераследу і дзе на сёння ўтрымліваюць журналіста, — невядома.
5 снежня 2024 года яго імя фігуравала ў раскладзе суда Савецкага раёна Гомеля. У той дзень Толчына было запланавана судзіць паводле адміністрацыйнага абвінавачання за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Справу, распачатую паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП, разбіраў суддзя Анатоль Мохараў.
Якое рашэнне вынес суддзя Мохараў і каторы па ліку гэта быў пасля затрымання ў кастрычніку адміністрацыйны працэс над журналістам-фрылансерам, пакуль не вядома. Бо ў судовых раскладах згадваюцца далёка не ўсе суды па палітычна матываваных адміністрацыйных справах.
Зрэшты, невядома і тое, ці не распачалі супраць Андрэя Толчына новую справу па нейкім крымінальным артыкуле і дзе ён цяпер знаходзіцца. Прынамсі, дома журналіста няма.
Праваабаронцы адзначаюць, што пасля вызвалення па памілаванні Андрэй Толчын мусіў знаходзіцца пад пільным кантролем з боку міліцыі. Тым болей, што ў траўні 2024 года яго залічылі да «асоб, схільных да экстрэмісцкай дзейнасці» (адпаведны пералік складае Міністэрства ўнутраных спраў РБ).
З усіх магчымых варыянтаў найбольш верагоднымі застаюцца дзве версіі: альбо Андрэя Толчына ўжо тры месяцы трымаюць пад адміністрацыйнымі арыштамі, прызначаючы іх адзін за адным, альбо супраць яго распачалі чарговую крымінальную справу і змясцілі пад варту ў СІЗА.
Хто такі Андрэй Толчын
Андрэю Толчыну 65 гадоў, ён досыць вядомая асоба ў Гомелі. Прычым яго ведаюць не толькі як журналіста-фрылансера, але і як даўняга грамадскага актывіста. У 1990 годзе ён быў абраны дэпутатам Гомельскага гарадскога савета. За гады свайго дэпутацтва Андрэй Толчын спрыяў беларусізацыі абласнога цэнтра, падтрымліваў адкрыццё незалежных сродкаў масавай інфармацыі.
У прыватнасці, адной з ягоных заслуг з’яўляецца стварэнне незалежнай гарадской газеты «Гомельскія ведамасці», якая на пачатку 1990‑х падтрымлівала дэмакратычныя змены ў грамадстве. Толчын быў і сябрам ліквідаванай цяпер уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, працяглы час быў кіраўніком гарадской партыйнай структуры.
Пасля выбараў 2010 года Толчын у якасці відэааператара супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі, за гэта яго шмат разоў судзілі, штрафавалі і адпраўлялі «на суткі» па адміністрацыйных абвінавачаннях. У 2020 годзе Толчына таксама прыцягвалі да адказнасці за прафесійную дзейнасць — за асвятленне мірных пратэстаў у рэгіёне. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, ён разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай нібыта браў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
Журналіста затрымалі 27 верасня 2023 года, на наступны дзень у яго кватэры правялі ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты. Тады следчыя тлумачылі, што дзейнічаюць «у межах справы за экстрэмізм». Некалькі дзён Толчына трымалі ў ІЧУ, а 5 кастрычніка стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу і перавялі ў гомельскі СІЗА.
21 сакавіка 2024 года суддзя Гомельскага абласнога суда Дзмітрый Казлоў прызнаў Андрэя Толчына вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэкса: па ч. 1 арт. 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Адбываць прысуджаныя два з паловай гады зняволення журналіста накіравалі ў магілёўскую ПК-15. Там ён прабыў каля трох месяцаў, але агульным лікам ад дня затрымання да вызвалення па памілаванні — за кратамі правёў практычна год.