«Зеркало» запусціла на YouTube новае шоу з Арцёмам Шрайбманам
У новай праграме пад назвай «Как это понимать» аналітык Арцём Шрайбман будзе абмяркоўваць актуальныя падзеі, якія датычацца ўнутранай і міжнароднай палітыкі, разам з папулярным журналістам Глебам Сямёнавым.
Напрыканцы 2024 года Арцём Шрайбман аб’явіў пра закрыццё перадачы «Шрайбман ответит» на ютуб-канале «Зеркало».
Праект праіснаваў 3 гады, зроблены 73 выпускі, якія прагледзелі больш за 10 мільёнаў разоў на розных пляцоўках.
У межах той перадачы палітычны аналітык адказваў на пытанні чытачоў пра беларускую і замежную палітыку.
Тады ж «Зеркало» падкрэслівала, што Шрайбман абавязкова вернецца ў эфір з новы праектам. Рэдакцыя стрымала абяцанне: 15 студзеня на YouTube выйшаў першы выпуск праекта «Как это понимать». Сувядучым спадара Шрайбмана выступае харызматычны журналіст Глеб Сямёнаў.
У першай праграме абмяркоўвалася, чаму ўлады вырашылі паказаць Віктара Бабарыку, ці варта чакаць публікацыі фота і відэа з іншымі вядомымі палітвязнямі, а таксама чаму Аляксандр Лукашэнка хаміць Уладзіміру Зяленскаму і так востра рэагуе на словы ўкраінскага прэзідэнта пра тое, што беларускі палітык прасіў прабачэння за атаку з тэрыторыі Беларусі.