• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Жанна Літвіна: У ЕС павінны быць дакладныя індыкатары, каб ацэньваць сітуацыю ў Беларусі

    Сябра Праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна ўзяла ўдзел у святкаванні 30-годдзя Прэміі Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава, пераможцам якой арганізацыя стала ў 2004 годзе.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/0001_0.jpg

    Урачыстасці з удзелам лаўрэатаў Прэміі мінулых гадоў адбыліся на гэтым тыдні ў Брусэлі. Падчас сустрэчаў размова ішла і пра свабоду медыя ў Беларусі:

    — Адно з самых яркіх уражанняў, якое засталося пасля сустрэчаў у Брусэлі, — гэта ўсведамленне, колькі болю, жорсткасці, гора застаецца на нашай планеце. Найбольш выразна гучаў голас прадстаўнікоў Венесуэлы — краіны, дзе за кратамі знаходзяцца сотні людзей, якія змагаліся за дэмакратычныя перамены. “70 % венесуэльцаў не галасавалі на мінулых выбарах, але ўсё роўна адбылася перадача тыраніі”, — казалі на сустрэчах прадстаўнікі гэтай краіны.

    Падчас сустрэчы з лаўрэатамі Прэміі імя Сахарава выступіла віцэ-спікер Еўрапарламента Хэйдзі Хаўтала (Hei­di Hau­ta­la), якая падкрэсліла, што абарона правоў чалавека — гэта глабальная барацьба.

    — Важнай тэмай абмеркаванняў у Брусэлі стаў стан справаў у саміх праваабаронцаў і тэндэнцыі на дэвальвацыю правоў чалавека ў свеце. Гучалі меркаванні, што правы чалавека перастаюць быць прыярытэтнай каштоўнасцю і нават у новай палітыцы Еўрасаюза замест каштоўнасцяў найперш пазначаныя бяспека, стабільнасць, эканамічная ўстойлівасць. Менавіта таму праваабаронцы ў свеце павінны выступаць адзіным голасам, — расказала Літвіна.

    — Калі Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымлівала Прэмію Еўрапарламента, Беларусь была фактычна ў самаізаляцыі. Унутры краіны прайшла масавая хваля ліквідацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя. Сёння Беларусь, канешне, зусім іншая. Улады абвясцілі гатоўнасць ісці шляхамі дэмакратыі. Гэта ўжо не апошняя дыктатура, а краіна, якая мае амбіцыі стаць месцам урэгулявання канфліктаў. Больш таго, Беларусь разам з ЕС распачынае першую камунікацыйную кампанію пад дэвізам “Разам мы паляпшаем жыццё”.

    Але я паўсюль падкрэслівала, што, нягледзячы на гэта імкненне наблізіцца да супрацоўніцтва з ЕС, тэндэнцыі ў сферы СМІ ў нас застаюцца вельмі трывожнымі. Гэта і пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя, гэта і абмежаванне свабоды выказвання ў інтэрнэце, і многае іншае. Таму міжнародныя інстытуты павінныя мець дакладныя індыкатары, якія б адлюстроўвалі рэальныя змены ў нашай краіне.

    Яшчэ вельмі важна для Беларусі, каб грамадзянская супольнасць стала суб’ектам трохбаковых перамоваў і трохбаковага дыялогу паміж палітыкамі ў Брусэлі і Мінску. Такую пазіцыю я выказвала на ўсіх сустрэчах. Таксама я казала пра тое, што ў сённяшняй сітуацыі партнёрства з ЕС у нашай краіне павінен быць адменены дэкрэт аб выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі. На мой погляд, мусіць быць уведзены заяўны прынцып рэгістрацыі такой дапамогі, — расказала Жанна Літвіна Прэс-службе ГА “БАЖ” па выніках візіту.

    ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» была ўзнагароджана Прэміяй Еўрапарламента “За свабоду думкі” ў 2004 годзе.

    Фота медыя-службы Еўрапейскага парламента.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці