Жукоўскі балатуецца ў парламент ад АГП. Бастунец: Не трэба блытаць журналістыку з палітыкай (Абноўлена)
Журналіст-фрылансер з Гомеля Кастусь Жукоўскі вылучае сваю кандыдатуру на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Жукоўскі гаворыць, што подпісы збіраць не будзе, бо стаў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі і вылучыцца праз партыйныя спісы.
— Я шмат працую з людзьмі, ведаю многа інфармацыі пра карупцыю ва ўладзе і падчас выбарчай кампаніі паспрабую гэту інфармацыю данесці да людзей. Да таго ж, я скарыстаюся статусам кандыдата ў дэпутаты (калі яго атрымаю), каб трапіць у кабінеты чыноўнікаў і нарэшце мець магчымасць запісаць усё на тэлекамеру, — заявіў Жукоўскі прэс-службе ГА “БАЖ”.
Па словах журналіста, ён не лічыць, што парушае статут ГА “БАЖ” і таму намераны працягваць удзел у палітычнай кампаніі. Разам з тым, Кодэкс журналісцкай этыкі ГА “БАЖ” наўпрост патрабуе ад журналіста быць нейтральным да палітыкі.
“Як і любы грамадзянін, журналіст мае права на палітычныя ды іншыя перакананні і прыхільнасці. Аднак у сваёй прафесійнай дзейнасці ён павінен заставацца нейтральным і аб’ектыўным”, — гаворыцца ў Кодэксе.
Каментуючы сітуацыю, старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец кажа: журналісту не варта змешваць журналістыку з палітыкай і займацца адначасова і тым, і гэтым, бо такія паводзіны могуць паставіць пад пагрозу аб’ектыўнасць.
Кастуся Жукоўскага сёлета ўжо 7 разоў судзілі за працу без акрэдытацыі на карысць спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Журналіст-фрылансер з’яўляецца свайго роду рэкардсменам па колькасці такіх штрафаў летась і сёлета.
upd. Увечары 13 ліпеня стала вядома, што Кастусь Жукоўскі вырашыў прыслухацца да парадаў калег і адмовіцца ад свайго удзелу ў выбарчай кампаніі.