Журфакаўцы: плануем і пабегаць, і з дакументамі папрацаваць
Маладыя журналісты расказалі, як уяўляюць будучую прафесію і з якімі цяжкасцямі гатовыя сутыкацца.
Днямі праект Adukacyja.info арганізаваў у Мінску адукацыйнае “Ты-ж-журналіст-Паці” — сустрэчу для маладых і будучых калег, каб расказаць пра ўсе адукацыйныя магчымасці, якімі можна скарыстацца апроч любімага журфака.
Пра запыты працадаўцаў і якасці, каштоўныя для карэспандэнтаў, расказала галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава.
— Навучыцца тэхналогіям лёгка. Мне падаецца, новае пакаленне — digital nativ — ад нараджэння ўмее фоткаць, запісваць відэа, стрыміць, посціць… І нават навучыцца гэтаму не цяжка. Самае ж галоўнае, што павінна быць у журналіста сёння — бясконцая невычарпальная цікаўнасць да усяго! Журналіст не можа быць эгацэнтрычным!
Журналіст не павінен сябе камусьці прадаваць і паказваць. Журналіст мусіць упітваць інфармацыю, мець вялікае жаданне падзяліцца гэтай інфармацыяй з іншымі. Цікавасць у журналіста павінна быць да падзеяў і любых зменаў, якія адбываюцца вакол яго: новая будоўля, новыя знакі, новыя абвесткі на пад’ездах. І, канешне ж, людзі!
Таксама важна ўмець структураваць інфармацыю, фільтраваць і аддзяляць факты ад фэйкаў. Раней усе рэдакцыі скардзіліся на тое, што інфармацыі мала і яе складана атрымаць. А сёння галоўная праблема СМІ – вялізная колькасць інфармацыі, з якой неабходна ўмець выбраць галоўнае.
Важнай якасцю для журналіста з’яўляецца пісьменнасць. Раней ў газетах спачатку пісаў журналіст, потым матэрыял чыталі карэктар, рэдактар і гэтак далей. Цяпер такога вялізнага штата і канвеера нідзе няма. Таму, калі журналіст робіць афігенны матэрыял, але не бачыць розніцы паміж “-тся” і “-ться”, гэта вельмі зніжае каштоўнасць усёй публікацыі.
Але самае галоўнае, у журналіста павінны гарэць вочы, ён павінен быць цікаўны да ўсякай інфармацыі і яе пошуку. Штогод да нас на практыку з Інстытута журналістыкі БДУ прыходзіць даволі шмат людзей, але працаваць застацца адзінкі. Гэта людзі, якія сапраўды хочуць шукаць інфармацыю, цікавіцца, капаць і даносіць яе да чытача.
Пасля Марыны Золатавай пра магчымасці для дадатковай адукацыі ў галіне журналістыкі расказаў прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
— У 2016 годзе журналісцкая арганізацыя правяла шэраг адукацыйных курсаў як для журналістаў-пачаткоўцаў, так і для тых, хто хоча істотна паглыбіцца ў розныя аспекты журналісцкай працы.
Сярод іх «Палітычная журналістыка: правілы гульні», «Эфектыўныя прэс-службы», «Сацыяльныя сеткі — компас журналіста», «Ідэальны рэпарцёр», «Лаві момант. Фотарэпартаж», «Інфармацыйныя жанры журналістыкі», «Спецпраекты», «Журналістыка дадзеных».
Звычайна адукацыйны курс цягнецца 2 месяцы з вочнымі заняткамі з трэнерам па суботах, а напрыканцы курса яго студэнты атрымліваюць магчымасць з’ездзіць на выніковую extra-сесію замежнага трэнера ў Вільні.
Што важна — заняткі бясплатныя.
Сёлета адначасова стартавалі курсы «Стварэнне відэасюжэту ад А да Я», «Сацыяльныя сеткі і месэнджары» і advanced-курс для фатографаў «Фотапраект: ад ідэі да прасоўвання». Традыцыйна ўсе адукацыйныя магчымасці, пра якія становіцца вядома БАЖаўцам, з’яўляюцца ў адмысловым раздзеле сайта “Конкурсы і навучанне”.
Апроч Беларускай асацыяцыі журналістаў свае адукацыйныя праграмы для калег рыхтуе і Школа журналістыкі ІВВ. Бліжэйшым часам будуць апублікаваныя падрабязнасці сёлетняга курсу.
Курсы Школы журналістыкі складаюцца з чатырох двухдзённых сесій цягам года, напісання журналістамі практычных матэрыялаў і адукацыйнай паездкі за мяжу. Сёлета тэмай курса ІВВ стане “Грамадства ў працэсе пераменаў”.
Прэс-служба БАЖ звярнулася да студэнтаў Інстытута журналістыкі і пацікавілася, чаму яны вырашылі звязаць сваё жыццё з гэтай прафесіяй і як уяўляюць працоўныя будні пасля навучання.
Дзмітрый: Я нарадзіўся, каб стаць журналістам. Мае матэрыялы ўжо зараз падабаюцца аўдыторыі, для якой я іх рыхтую, і нават выклікаюць рэзананс. Журналістыка — адназначна мая прафесія. Я больш схіляюся да сацыяльных тэмаў. Думаю, для напісання матэрыялаў трэба будзе і пабегаць, і падумаць, і з дакументамі папрацаваць.
Святлана: Я вырашыла стаць журналістам, бо люблю пісаць, знаёміцца з новымі людзьмі і даведвацца пра штосьці новае. Я не планую працаваць на ТБ, хоць хто ведае. Думаю, я буду працаваць як у офісе, так і “ў полі”: многа знаёміцца і многа пісаць.
Дар’я: Я не люблю сядзець на месцы, таму мне заўсёды будзе цікава браць інтэрв’ю, весці прамы рэпартаж ці нешта такое. Я б хацела быць паўсюль, даведвацца новую інфармацыю, сустракацца з новымі людзьмі. І яшчэ журналістыка мне цікавая,бо ў ёй закранаюцца многія аспекты жыцця, розныя тэмы і погляды.
Ягор: Я навучаюся ў Інстытуце журналістыкі БДУ, па спецыяльнасці я — будучы PR-шчык. Хоць мяне цікавіць і журналістыка. На журфак я вырашыў паступаць, бо люблю камунікаваць з людзьмі. Сфера грамадскіх адносінаў — гэта адназначна маё.
Кацярына: Я з 4 класа хацела стаць журналісткай, цяпер вучуся на журфаку. Пакуль я б хацела проста пісаць артыкулы, развіваць свае навыкі. Ну, а потым — паглядзім.
Надзея: Я вучуся на філалагічным факультэце, але цяпер крыху займаюся журналістыкай. Калі выбірала дзе вучыцца, падумала, што пасля філфака прасцей стаць журналістам, чым пасля журфака лінгвістам. Таму паглядзім, як жыццё складзецца.
Дар’я: Я пайшла ў журналістыку, бо вельмі люблю фатаграфаваць, заўсёды любіла камунікаваць з людзьмі. Бачу сябе ў fashion-журналістыцы. Я актыўна сачу за гэтай галіной, назіраю, хто як піша. Таксама мне вельмі падабаецца праводзіць свае даследаванні пры напісанні матэрыялаў. Але глабальна пакуль я ў пошуку.