• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Зміцер Лупач пра пчол, КГБ і пра тое, як на чужыне адбівацца ад адчаю

    «Белсат» наведаўся ў госці да глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача, які зараз жыве і працуе Варшаве. Расказаў нам, як жывецца без глыбоцкай згушчонкі і якім чынам на пачатку журналісцкага шляху зарабіў на свой першы ноўтбук, а таксама – як адбіваўся ад КГБ і чаму вырашыў прымераць белы халат лекара псіхіятрычнай клінікі.

    У варшаўскую «кавалерку», якую здымае глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач, заходзім амаль адначасова з выхадам на канале NEXTA Live чарговай «Палаты нумар жэсць», у якой Зміцер – у ролі лекара-псіхіятра. Сам здымаецца, сам здымае і сам мантуе. Да нашага прыходу паспявае скінуць белы халат і амаль канчаткова выйсці з вобразу, але выбачаецца, што адчувае сябе як выціснуты лімон: клаўся а першай ночы, а ад паловы пятай ужо працаваў – падціскаў дэдлайн.

    «Ну не заўсёды ў такім рэжыме, але відэа ж трэба здаць. Сцёпа (Сцяпан Пуціла – заснавальнік Nex­ta) пазваніў, падагнаў. Гэтым разам у якасці эксперыменту зрабілі «Палату нумар жэсць» па-беларуску. Відаць, народ «задалбала» мая расейская з беларускім акцэнтам», – смяецца Зміцер.

    Кажа, што, калі служыў у савецкім войску, размаўляў па-руску добра і троху нават падсмейваўся са сваіх землякоў, якія гаварылі з акцэнтам. Але на пачатку нулявых пачаў працаваць у газеце «Вольнае Глыбокае» і тады цалкам перайшоў на беларускую мову.

    Пасвіў цялят, каб зарабіць на ноўтбук

    Зміцер ідзе гатаваць каву і выбачаецца, што, на жаль, не можа пачаставаць нас глыбоцкай згушчонкай. Але прызнаецца, што сам да яе абыякавы – не любіць згушчонку («Калі і сумую па чым, дык па сале – няма ў Варшаве такога, як у Глыбокім»).

    «Дык вось пра «Вольнае Глыбокае». Адтуль я і пачынаў сваю кар’еру журналіста. Першы артыкул недзе ў 1999 годзе напісаў. А ў 2003‑м ужо працавалі з Алесем Касцянём (журналіст «ВГ», яго не стала ў 2009 годзе). Дык паколькі я журналіст, які нічога такога не заканчваў, то вучыўся ад яго», – расказвае Зміцер Лупач.

    Да «Вольнага Глыбокага» Зміцер прайшоў сапраўдную школу жыцця. Працаваў паляводам, лесарубам, аграномам, брыгадзірам, электрыкам, будаўніком (ездзіў, дарэчы, на заробкі ў Польшчу), паштальёнам…

    «А на свой першы ноўтбук зарабіў працуючы пастухом. Ох, некаторыя мяне гэтым папракалі: два сезоны цялят пасвіў у 2007–2008 гадах. Тады ноўтбукі з’явіліся, а ў мяне грошай свабодных не было купіць», – расказвае.

    Кажа, што грошы тады за такую працу плацілі добрыя, але, каб купіць ноўтбук, усё адно давялося ісці ў банк па крэдыт.

    «І было, дзяўчына звоніць мне з банку і запытвае: «А зачэм вам ноўтбук?» Ну бо там жа напісана што я пастух, а на халеры ён пастуху? Я адказваю: газеты вярстаць. «А дак вы ешчо і газеты вярстаеце?..»

    Ну вось тады гэта была апошняя такая праца. Далей на хлеб толькі журналістыкай зарабляў. Хоць было – і слесарам працаваў на зернетаку. Можна будзе цікавыя ўспаміны напісаць. Але – ці дабяруся?..» – пасміхаецца Зміцер.

    «А цяпер і белы халат псіхіятра прыйшлося прымераць», – жартуем.

    Як адбіваўся ад КГБ

    «Вольнае Глыбокае», «Каталіцкі веснік», «Еўрарадыё», «Белсат», цяпер – Nex­ta. А яшчэ была рэкламная газета «Прэфект-інфо» (2009–2014), дзе Зміцер быў галоўным рэдактарам.

    «Зарэгістравалі ў 2009‑м, калі ўлады гуляліся ў лібералізацыю. Хацелі адразу зарэгістраваць і грамадска-палітычнае выданне, але нам адмовілі, маўляў, мая адукацыя не адпавядае. Але рэкламную газету выдавалі і, магчыма, выдавалі б і надалей, аднак, як толькі чарговая выбарчая кампанія пачыналася – нас судзілі і штрафавалі.

    А кіраўнік раёну казаў рэкламадаўцам: «Вы думайце, каму рэкламу даяце – не трэба спансіраваць гняздо апазіцыі», – успамінае Лупач.

    Адным з пераломных момантаў у жыцці Зміцер лічыць спробу КГБ завербаваць яго ў 2015 годзе. Падманам выклікалі ў мясцовы ДФР «для размовы». Начальнік ДФР хвілін 5 сапраўды нешта спрабаваў казаць. А потым заляцелі два чалавекі:

    «У твар мне – свае коркі, што яны з упраўлення контрразведкі з Менску. Ну і мурыжылі гадзіны дзве. А калі сышлі, размаўляў яшчэ з паўгадзіны са сваімі мясцовымі гэбістамі. Ужо больш за 40 гадоў мне было, і ніколі не быў цікавы спецслужбам, а тут… Ну я, вядома, не збіраўся на іх працаваць ніводнай хвіліны, але хацелася па-ціхаму адмовіцца, каб адчапіліся. Аднак не атрымалася – прыйшлося апублічыць. Пасля таго з імі больш ніякіх кантактаў не меў», – кажа журналіст.

    Зміцер мяркуе, што, магчыма, акурат тая адмова супрацоўнічаць з КГБ спрычынілася да шматлікіх судоў над ім. Толькі ў 2018 годзе такіх судоў было дзевяць. Наагул жа, ад 2017 году на Змітра было складзена больш за 30 адміністрацыйных пратаколаў.

    Як стаў «тэрарыстам» і «экстрэмістам»

    8 ліпеня 2021 году, у дзень «журналісцкага хапуна», Змітра выцягнулі проста з возера ў санаторыі «Пліса», дзе ён спрабаваў паправіць праблемы з сэрцам.

    «Я нават сабрацца не мог, так гэта было нечакана. Пакінуў свае рэчы ў санаторыі, зачыніў нумар, аддаў ключ. На той момант у санаторыі шмат расейцаў адпачывала, дык не хацелі мяне адкрыта выводзіць. Акуратна вывелі за корпус, а потым на машыне вывезлі – таксама праз чорную брамку», – расказвае.

    Пасля затрымання ў хаце Змітра правялі ператрус, адвезлі ў РАУС для допыту і кінулі ў мясцовы ізалятар на трое сутак. Як высветлілася пазней, Лупач праходзіў у якасці падазраванага ў крымінальнай справе за распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК). Нібыта ў тэлеграм-канале «Глубокое для жизни» хтосьці выклаў ролік, дзе нейкія людзі ў лесе выраблялі выбухоўку і раілі выкарыстоўваць яе супраць міліцыі.

    Як працуецца з «Нехтам»

    «Так, гэта бадай другі пераломны момант у маім жыцці, калі прыйшлося стаць… эмігрантам. «Уцекачом» неяк няёмка казаць. Прыйшлося зʼехаць, бо немагчыма ўжо было працаваць. І я ніколі не думаў, што на старасці гадоў буду лічыцца «тэрарыстам» і «экстрэмістам», бо і «Белсат» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем, і «Нехту» прызналі», – гаворыць Зміцер Лупач.

    Прызнаецца, што з пераездам многа што змянілася, бо раней было шмат паездак – працаваў, як кажуць, «у полі». Цяпер жа – Варшава: «Тут я сплю, а тут – маё працоўнае месца». Але сцвярджае, што не было часу сумаваць, бо трэба было зарабляць на арэнду жылля, зусім нятаннага ў Варшаве. Ну а праца разганяе любы сум.

    «Я часта, калі кладуся спаць, думаю: ну, лепш класціся на чужую канапу на чужыне, чым на шконку ў глыбоцкім ізалятары», – смяецца Зміцер.

    Кажа, што з Нехтам – Сцяпанам Пуцілам – працаваць лёгка. Першы сюжэт для яго зрабіў яшчэ на «Субʼектыў», які выходзіў на «Белсаце». Сюжэт быў пра Мёрскі металапракатны завод і аказаўся, як кажа Зміцер, прарочым. У ім сцвярджаў, што Мёраў той завод не выратуе. Так і ёсць: завод стаіць – кіраўніцтва сядзіць…

    «Я, па сутнасці, застаюся фрылансерам па жыцці. Прасцей працаваць, калі сам сабе начальнік. Нават калі ў «Каталіцкім весніку» працаваў, то галоўны рэдактар быў за 200 км. Тут нешта, вядома, мне падказваюць, але тэмы я выбіраю сам», – распавядае Зміцер.

    Як адбіваецца ад адчаю

    Кажа, што добрае пачуццё гумару, магчыма, перадаў яму бацька, які працаваў простым трактарыстам. Але і сам у 80‑я любіў глядзець Жванецкага. Гумар і зараз дапамагае жыць і не выключацца з працэсу.

    «Не, з працэсу я не выключыўся. І думаю, што не выключуся ўжо, бо гэта стыль жыцця, і я не ўяўляю сябе ўжо ў іншай прафесіі», – кажа Лупач.

    Але прызнаецца, што бываюць моманты, калі нават здалёк не хочацца глядзець на стужку навінаў («Таго затрымалі, таго збілі, таго пасадзілі…»). Навальваецца стомленасць і адчай.

    «Па-рознаму ратуюся. Вось я быў знаёмы з Антонам Фурсам з Паставаў, які летась на 95-годзе пайшоў з жыцця. Ён быў асуджаны на 15 гадоў, адседзеў 10. І параўноўваеш ягонае жыццё са сваім. Супраць яго была ўся магутнасць савецкай дзяржавы. І ён выстаяў. Гэта дае сілы. Бо зараз, нягледзячы на ўсё, сітуацыя ўсё ж не такая страшная. Прынамсі, людзей не расстрэльваюць, хоць і блізка да гэтага. І ёсць магчымасць выехаць з Беларусі, а пры Сталіну – не было. Ёсць магчымасць атрымліваць незалежную інфармацыю – тады людзі і гэтага не мелі. Таму… Калі апусцім рукі – дык што тады?» – кажа Лупач.

    Не апускаць рукі дапамагаюць і вандроўкі. Нядаўна, першы раз у жыцці, Зміцер пабываў у Празе.

    «Вось гэта першая мая вандроўка была, але зразумеў, што трэба гэта рабіць, што гэта дае сілы. Па скарынаўскіх месцах пахадзіў. Тры дні пабыў, а вярнуўся зусім іншым чалавекам», – усміхаецца Зміцер Лупач.

    Кажа, што вандроўка – гэта і нагода пачытаць у дарозе добрую кніжку. У самалёце на Прагу чытаў «Ферму» Орўэла.

    Пра што марыць і калі пасвятлее ў Беларусі

    «Ці верыш, што, працуючы на чужыне, набліжаеш змены на радзіме?» – пытаемся.

    «Я вельмі хацеў бы, каб гэта было так. Без веры ў гэта не мае сэнсу і працаваць», – адказвае.

    «Можа, прагучыць занадта пафасна, але сапраўды хочацца, каб у Беларусі наступілі змены. І вядома, хочацца, каб хутчэй. І я менавіта праз сатыру, праз смех хачу паказваць тое, што робіць улада, што гэта ні ў якія межы не ўкладаецца. Што нават у псіхушцы цяпер больш адэкватныя людзі», – дадае.

    Зміцер кажа, што з сэрцам цяпер усё ў парадку («Вунь апарат на стале ляжыць – мераю ціск»). Адціскаецца ад падлогі, качае прэс і плануе ўвесну пачаць бегаць, каб пазбавіцца лішняй вагі. Курыць кінуў яшчэ ў 2007‑м, але, седзячы ў ізалятары, зноў закурыў. Прызнаецца, што прыйшлося, зрабіць вялікае намаганне, каб кінуць яшчэ раз.

    «У мяне была мара – завесці пчол. Мой дзед быў пчаляром. І я некалі меў свой вулей. Ну, думаў, паеду ў вёску, дзе нарадзіўся, і завяду сабе пчол. Думаў, завяду, і буду з пчоламі… Ну але лёс так вырашыў, што пакуль мая мара недасяжная», – гаворыць Зміцер Лупач.

    «Калі-небудзь здзейсніцца, – сцвярджаем. – Як былы электрык, скажы: калі ўжо ў Беларусі пасвятлее?».

    Задумваецца. Маўчыць дзясятак секунд. І нарэшце выдае: «Трэба, каб галоўны энергетык змяніўся – тады і пасвятлее».

    Змітру Лупачу 54 гады, ён жанаты, мае дваіх дарослых дзяцей – дачку і сына. Жыве па-за межамі радзімы ўжо паўгода. Яго варшаўская «кавалерка» прасякнутая святлом.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці