Журналіста Аляксандра Сідарэўскага выклікалі ў РАУС
23 верасня магілёўскага журналіста-фрылансера Аляксандра Сідарэўскага выклікалі ў Ленінскі РАУС паводле арт. 23.34 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Сёння раніцай трое ў цывільным чакалі маці журналіста ў пад’ездзе. Калі яна выйшла з кватэры, ціхары абступілі яе з усіх бакоў і прымусілі ўзяць позву для сына. Гэта ўжо не першы прыход міліцыянтаў да маці Сідарэўскага. Самога ж журналіста на днях затрымлівалі і ўручалі позву ў РАУС у сувязі з іншай прычынай — паводле арт. 22.9 КаАП за супрацу з «Белсатам».
Сідарэўскі прыходзіў па позве ў Ленінскі РАУС 21 верасня, але ніякіх пытанняў наконт удзелу ў мітынгах яму не задавалі.
Ужо некалькі тыдняў запар міліцыя ў Магілёве адпрацоўвае арт. 23.34 на ўсіх удзельніках мірных маршаў. Штодзень у РАУС выклікаюцца дзясяткі грамадзян, з якімі праводзяць размову, а пасля складаюць пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння. У судзе за дзень разглядаецца каля 10 спраў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.