Журналіста Ігара Ільяша перавялі ў СІЗА ў Калядзічы
Затрыманага 22 кастрычніка журналіста Ігара Ільяша перавялі ў следчы ізалятар № 1. З гэтага вынікае, што яму афіцыйна прад’яўлена крымінальнае абвінавачанне.
Пра затрыманне Ігара Ільяша, мужа палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай, стала вядома раніцай 22 кастрычніка. Яго фотаздымак у кайданках апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. У допісе аднаго з тэлеграм-каналаў, блізкіх да сілавікоў, ускосна паведамлялася, што затрыманне журналіста нейкім чынам звязана з тэлеканалам «Белсат». У наступным паведамленні была пагроза затрымаць сяброў і калег Ігара Ільяша, якія нібыта паведамілі пра сітуацыю з ім у незалежныя СМІ.
І ўжо ўвечары 22 кастрычніка той жа тэлеграм-канал, звязаны з сілавікамі, апублікаваў відэа з Ігарам Ільяшом. У тэксце да відэароліка было напісана:
«Па шляху жонкі. Гэты польскі журналіст-шпіён разам з жонкай займаўся судзейнічаннем з экстрэмісцкім фарміраванням і зборам звестак для замежных выведак. Судзельніца ўжо даўно сядзіць за экстрэмізм і здраду дзяржаве, а муж дагэтуль быў на волі, бо яго дзейнасць старанна дакументавалася. Выпраўляем гэту абуральную несправядлівасць».
У самім відэароліку былі выкарыстаныя кадры, зробленыя міліцэйскім відэааператарам: на іх відаць, што ў кватэры Ільяша яго затрымліваюць мінімум чацвёра байцоў атрада спецыяльнага прызначэння МУС «Беркут» у поўнай амуніцыі.
На відэа Ільяш распавядае, што да ліпеня 2021 года «з’яўляўся кадравым супрацоўнікам тэлеканала «Белсат», пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам.
«Цягам гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыям, у ліку якіх былі і рэсурсы, прызнаныя на тэрыторыі Беларусі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» ў той ці іншы час».
Ён таксама дадае, што да яго звярталіся па інтэрв’ю і каментары замежныя СМІ, у тым ліку ўкраінскія. Напрыклад, звяртаўся «ўкраінскі журналіст, які праводзіў расследаванне з нагоды магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну».
Паводле слоў журналіста, яго затрымалі менавіта «за гэта» — за інтэрв’ю медыям, прызнаным беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
25 кастрычніка глабальная сетка IPI ( Іnternational Рress Іnstitute) запатрабавала вызвалення Ільяша.
Ігар Ільяш — журналіст і муж палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), якая з 2020 года знаходзіцца ў зняволенні па абвінавачанні за прафесійную дзейнасць. Яе асудзілі да 8 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі. Ігар Ільяш прынцыпова не хацеў з’язджаць з Беларусі, каб мець магчымасьць рыхтаваць перадачы для жонкі і ездзіць да яе на спатканні ў гомельскую калонію № 4.
За журналістцкую дзейнасць Ігар Ільяш таксама трапляў пад рэпрэсіі сілавікоў. Так, у лістападзе 2020 года Ільяша арыштоўвалі на 15 сутак за «ўдзел у пікетаванні». У ліпені 2021 года яго таксама затрымлівалі на 15 сутак падчас масавых вобшукаў і затрыманняў незалежных журналістаў па ўсёй Беларусі. Тады ў кватэры журналіста правялі ператрус, забралі тэхніку і кнігі.