Журналіста «НЧ» выдалілі з участку для галасавання (відэа)
23 верасня, у асноўны дзень галасавання на парламенцкіх выбарах, Вольга Смірнова, старшыня участковай выбарчай камісіі №752, якая месціцца ў мінскай школе №148, выдаліла журналіста НЧ з памяшкання для галасавання. Мікіта Броўка вёў здымкі на выбарчым участку пасля яго закрыцця і планаваў зафіксаваць на відэа працэс падліку галасоў.
Нягледзячы на тое, што журналіст ужо быў запісаны ў адпаведны журнал уліку прадстаўнікоў СМІ і паспеў бесперашкодна паздымаць на ўчастку, напрыканцы дня галасавання Вольга Смірнова не хацела пускаць яго ў памяшканне для галасавання. Яна спасылалася на нейкае «рашэнне акруговай камісіі», згодна з якім прысутнасць на ўчастках пазаштатных карэспандэнтаў СМІ не дазваляецца.
Тым не менш, Мікіта здолеў патрапіць на ўчастак. Але неўзабаве Вольга Смірнова патлумачыла, што дазваляе пазаштатнаму карэспандэнту прысутнічаць на ўчастку «толькі ў выглядзе выключэння, але без відэакамеры». Заўважыўшы, што журналіст усё адно вядзе здымку, яна запатрабавала супрацоўнікаў міліцыі выдаліць Мікіту Броўку з памяшкання.
Нагадаем, паводле артыкула 13 Выбарчага кодэксу, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі маюць права прысутнічаць у памяшканнях для галасавання. Весці відэаздымку журналістам дазваляе закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Такім чынам, старшыня ўчастковай камісіі непасрэдна парушыла выбарчае заканадаўства і прафесійныя правы журналіста.