• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістаў выклікаюць у Следчы камітэт па «справе 14 ліпеня»

    Журналістаў недзяржаўных СМІ выклікаюць у Следчы камітэт па "справе 14 ліпеня". Позву з'явіцца 6 жніўня ва ўпраўленне СК РБ па горадзе Мінску атрымаў карэспандэнт Еўрарадыё Міхаіл Ільін.

    14 ліпеня ён і яго калега Арцём Маёраў былі затрыманыя ў жывым эфіры супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным адзенні. Еўрарадыё вядома яшчэ як мінімум пра аднаго журналіста, які быў затрыманы 14 ліпеня і якога таксама выклікаюць у СК.

    Следчая, якая выклікае Ільіна, па тэлефоне пацвердзіла яму, што выклік звязаны з акцыямі пратэсту 14 ліпеня.

    — У сувязі з падзеямі, што адбываліся 14.07 у Мінску, у нас заведзена крымінальная справа па факце арганізацыі і правядзення масавых беспарадкаў. І вы будзеце дапытаныя ў якасці сведкі, бо знаходзіліся там у той момант.

    — Але я быў затрыманы на 13‑й хвіліне стрыму і наўрад ці змагу быць вам карысны.

    — Вось пра гэта і раскажыце. Мы ўсіх дапытвалі.

    На пасяджэнні Цэнтрвыбаркама 14 ліпеня не былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў прэзідэнты Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала, якія набралі больш за ўсё подпісаў у сваю падтрымку. Увечары ў розных гарадах Беларусі адбыліся мірныя вулічныя акцыі нязгоды з гэтым рашэннем ЦВК. Міліцыя затрымала ад 250 да 300 чалавек, найбольшая колькасць — у Мінску. Сярод затрыманых былі паўтара дзясятка журналістаў, якіх праз тры гадзіны адпусцілі з РУУС.

    Затрыманні праходзілі жорстка, што выклікала сілавую рэакцыю мінчукоў у адказ. Паводле фактаў сутыкненняў з міліцыяй Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. Яго ўдзельнікаў падазраюць у арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса). У дачыненні да чатырох падазраваных распачалі таксама крымінальныя справы паводле арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) і арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

    Паведамлялася, што траўмы атрымалі шэсць амапаўцаў, чацвёра з іх былі шпіталізаваныя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці