• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістка Вольга Класкоўская: «Я заўсёды верыла, што мяне чакаюць. І таму не маю права зламацца»

    Вольга Класкоўская стаіць пасярод вуліцы і здымае на камеру тэлефона, як амонаўцы затрымліваць людзей. Потым – выводзяць з аўтазаку цалкам скрываўленае дзіця. Вольга крычыць: «Што ж вы робіце?»… І прачынаецца.

    «Белсат» пагаварыў пра сны, памяць і будучую кніжку з былой палітзняволенай, якая правяла за кратамі 791 дзень, прайшла праз пяць СІЗА, амаль 5 месяцаў адбыла ў ШІЗА і ПКТ і якая дагэтуль прачынаецца паводле распарадку дня штрафнога ізалятару – а 5-й раніцы.

    Вольга Класкоўская: – Такі сон. Мне часта сняцца сны, што я ўдзельнічаю ў пратэстах, што мяне збіваюць і затрымліваюць. Што – расстрэльваюць… Сняцца аператыўнікі з гомельскай калоніі: яны прабіраюцца да мяне ў швейцарскую кватэру і спускаюць на мяне ваўкоў…

    «Белсат»: – Сапраўдны кашмар. Але, кажуць, ваўкі ўва сне – добры знак. ШІЗА ні разу не прыснілася?

    – Ты ведаеш, каб была ўва сне ў камеры – ні разу. Можа, падсвядомасць блакуе, не ведаю. А пратэсты сняцца. Што збіваюць мяне, расстрэльваюць ва ўпор. Што ўцякаю нейкімі лясамі, заскокваю ў нейкія цягнікі і гэтак далей.

    У суботу — анлайн-марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!» Сабраныя грошы пойдуць на падтрымку палітвязням і іх родным

    «Не магу есці спакойна: заглынаю ўсё разам, даўлюся»

    – А потым прачынаешся і што робіш? Ідзеш на кухню запарваць каву, не?

    – Прачынаюся вельмі рана: а 5‑й гадзіне. Заўжды ў гэты час. Чаму так рана? Гэта гадзіна пад’ёму ў ШІЗА і ПКТ, дзе я агулам правяла 5 месяцаў. У калоніі і СІЗА – пад’ём а 6‑й. Так, я прачынаюся і першае, што раблю, гэта кава. Чорная, моцная, без цукру. І цыгарэта. Пасля кавы – антыдэпрэсанты.

    – Якія яшчэ звычкі прывезла адтуль? Не страшна дзяліцца цыгарэтамі з іншымі людзьмі?

    – Ты пра правіла адчужэння-прысваення ў калоніі? Гэтага, на жаль, пакуль не пазбылася. Калі частую сяброў чым-небудзь ці аддаю падарунак, яно падсвядома спрацоўвае: толькі б ніхто не бачыў! Азіраюся. Не выкараніла пакуль.

    Звычкі? Я толькі нядаўна пачала адчуваць смак ежы. Мяне вельмі чакала сямʼя, і маці клапатліва забіла ўсю лядоўню рознымі прысмакамі. І я так марыла пра пэўныя смачныя рэчы. А калі нарэшце атрымала іх – не магла гэта есці. Не адчувала смаку. Толькі нядаўна, тут ужо, у Швейцарыі, пачала адчуваць.

    Але дагэтуль не магу зʼесці спакойна: заглынаю ўсё зараз, даўлюся. Хоць ужо ніхто мяне не падганяе і няма куды ляцець – атрымлівай сабе асалоду. Але ж не. Як удаў, заглынаю, даўлюся. З сябрамі размаўляла, яны кажуць, што ў іх тое самае.

    Яшчэ я часта хаджу па пакоі. З кута ў кут. Як хадзіла ў ШІЗА і ПКТ. Мяне гэта супакойвае. Хоць часам, бывае, без дай прычыны, пачынаюць ціснуць сцены. Калі доўга знаходжуся ў пакоі. Флэшбэкі з зачыненай камеры. Тады адразу выскокваю з кватэры на вольнае паветра.

    Што яшчэ? Не магу, калі нехта за спінай знаходзіцца. Калі хтосьці ідзе за мной на невялікай адлегласці. Я тады спыняюся і прапускаю чалавека. Бо адчуваю небяспеку.

    Спачатку, ужо ў Швейцарыі, не магла выносіць гук сірэны, а тут яна вельмі гучная. Паліцыя, хуткая дапамога. Першы раз калі пачула – сарвалася з месца і пабегла. Ага, пачала ўцякаць. Зараз гэта прайшло. Але калі бусікі з зацемненым шклом праязджаюць міма – халодная хваля па спіне…

    «Каб людзі ведалі, каб свет ведаў»

    – А татуіроўкі? Ты абяцала кіраўніку УДВП Гомельскай вобласці Андрэю Шабулдаеву зрабіць сабе па вызваленні тату на пальцах: «ЛОРД» («Легавым отомстят родные дети»). Гэта быў жарт ці…

    – Жарт, канечне. Не набіла пакуль (смяецца). Я іх пастаянна троліла, людзей у пагонах. І атрымлівала ад гэтага маральную асалоду. Падабалася садзіць іх у лужыну, назіраць за іх рэакцыяй, калі яны разгубленыя, гэтыя грозныя дзядзькі – маёры і падпалкоўнікі.

    Вельмі культурна троліла – гэта не выклікала ў іх варожасці. І такім чынам бараніла сваю псіхіку ад той рэчаіснасці. Плюс – падтрымлівала маіх паплечнікаў, палітвязняў, уздымаючы ім настрой. Гэта, проста кажучы, дапамагала не зʼехаць з глузду.

    – Сваім тролінгам, пра які распавядаеш ва ўспамінах, дапамагаеш цяпер не зварʼяцець і беларусам-эмігрантам. Некаторыя месцы я не мог чытаць без смеху. Але патлумач, калі ласка, як працуе твая памяць, калі ты пішаш? Апублікавала ўжо 14 раздзелаў кнігі, але будуеш яе не па храналогіі. Пачынаеш з берасцейскага СІЗА і расповедам пра Сандру – грамадзянку Ганы.

    – Калі яшчэ знаходзілася за кратамі, я ўсведамляла, што буду апісваць увесь гэты пакутны досвед. Фактуры назбіралася багата. І дэталяў, і сведчанняў. Адседзела амаль два з паловай года, і шмат дзе – у пяці розных СІЗА, у гомельскай калоніі. Вельмі шмат было сустрэчаў з палітвязнямі, розных сітуацыяў. І яны вельмі прасілі, каб, калі я выйду на волю, абавязкова агучыла ўвесь гэты досвед. Каб людзі ведалі, каб свет ведаў. «Мы не можам самі зараз гаварыць – стань нашым голасам», – казалі. Калі апынулася ў бяспецы, падумала, што найлепшай формай успамінаў будзе менавіта дзённік.

    Чаму не ў храналагічным парадку? Таму што ўспаміны самі па сабе – не ў храналагічным парадку. Прыходзяць абрыўкамі, эпізодамі, не па парадку. Я дагэтуль не магу зразумець, як гэта працуе. Проста настройваюся на хвалю, зноў усё перажываю, вяртаюся ў тыя сцены і ў тыя сітуацыі. І неяк аўтаматычна падсвядомасць пачынае мне падсоўваць розныя фрагменты і моманты, што яна зафіксавала і палічыла, мабыць, найбольш вартымі і важнымі для памяці. Такі працэс.

    – Тую Сандру з Ганы ўжо спрабавала шукаць? Бо пішаш, што яе дэпартавалі потым на яе радзіму.

    – Зараз якраз гэтым займаюся. Большасць сваіх нататак вынесці з калоніі я не змагла. Шмат што аператыўнікі знішчылі, у тым ліку кантакты людзей. І зараз я спрабую рознымі шляхамі знайсці тую дзяўчыну. Вельмі хачу! Тым больш, я ёй абяцала, што абавязкова прыеду да яе ў Гану.

    «Не кажу пра нейкі самасуд»

    – Цікава. У дзённіку ты называеш імёны не толькі начальнікаў розных СІЗА і калоніі, але і прозвішчы звычайных вертухаяў, таго ж Кузняцова (Джасава) ды іншых. Гэта з памяці ці з вынесеных нататак?

    – Гэта памяць. Тыя моманты былі настолькі балючыя, столькі пакутаў гэтыя служкі ўчынялі іншым палітвязням, што іхныя прозвішчы забыць нельга. Усё ў памяці: іх імёны, абліччы, учынкі і словы. Я лічу, што гэта мой маральны абавязак – напісаць дзённік і распавесці пра злачынствы, у тым ліку – канкрэтных асобаў, назваць іх прозвішчы.

    Я перакананая і ў тым, што тыя, хто запэцкаўся ў рэпрэсіях, хто чыніў злачынствы супраць людзей – абавязкова мусяць за гэта адказаць. Не кажу пра нейкі самасуд ні ў якім разе. Але ў дэмакратычнай Беларусі за ўсе гэтыя эпізоды здзекаў і катаванняў людзі ў пагонах мусяць панесці адказнасць па законе.

    – Ну і «лягавым адпомсцяць родныя дзеці» (смяемся). У калоніі, тым не менш, нешта запісвала?

    – Запісвала і ў СІЗА, тэзісна, штосьці шыфравала. Запісвала і ў калоніі. Але нічога не вынесла. Перад тым як вызвалялася, усе паперы змусілі здаць у аператыўную частку. Штосьці я, разумеючы, што гэта не мусіць ім трапіць у рукі, знішчыла сама. А запісы, якія былі зашыфраваныя ці ў выглядзе тэзісаў, усё роўна мне не вярнулі. Як і частку карэспандэнцыі. Забралі ліст ад Змітра Дашкевіча, які напісаў мне, калі яшчэ быў на волі. Толькі канверт вярнулі. Лісты ад іншых людзей. Вельмі шмат чаго забралі і знішчылі.

    «Нават абследаванне прамой кішкі праводзілі праз кармушку»

    – На адной сустрэчы ў Варшаве акторка Дарʼя Новік, чытаючы твае ўспаміны, расплакалася. Гэта была сцэна з уколамі, якія табе рабілі праз кармушку. І не толькі яна плакала…

    – Так, гэта было, Зміцер. І неаднойчы. Было, што ў мяне адкрыўся іншы крывацёк – з прамой кішкі, і я тады ў ШІЗА знаходзілася. Я паклікала лекарку праз гэтых вертухаяў. Прыйшла доктарка Марыя Чарняўская, так яе зваць. І сказала, што таксама не будзе заходзіць да мяне ў камеру, бо я небяспечная. І даруй за натуралістычныя дэталі, але, думаю, не адна я праз гэта праходжу.

    Дык вось: нават абследаванне прамой кішкі яна мне праводзіла праз кармушку. Пад відэакамерамі і відэарэгістратарамі.

    А ты – аголены, без майткоў. І ў такой позе… А там двое дзвярэй, дзве кармушкі – адна закратаваная, адна звычайная.

    Трэба сагнуцца і ў такой зневажальнай позе ты, дарослы чалавек, жанчына, такім чынам сябе падстаўляеш для медычнага агляду і аказання медычнай дапамогі. Гэта кашмар. Катаванне…

    – За кратамі ты перачытала «ГУЛАГ» Салжаніцына і адзначаеш у дзённіку: «Я зразумела, што нам яшчэ пашанцавала». Як думаеш, ці далёка нашая сістэма да гулагаўскай?

    – Зусім блізка. Я б сказала, беларуская пенітэнцыярная сістэма – гэта і ёсць ужо ГУЛАГ, толькі мадэрнізаваны. Ну можа баракі троху інакш выглядаюць. І кветкі растуць у той жа гомельскай калоніі – для паказухі.

    Ну і тое што нас, палітвязняў, пакуль не расстрэльваюць. Гэта адзінае адрозненне. А так, па духу, гэта абсалютны ГУЛАГ. Варункі, метады, катаванні – усё адпавядае лагерам тых часоў.

    Першае, на што звярнула ўвагу, калі мы з Наталляй Хершэ прыехалі ў калонію і мяне прывялі ў аператыўку, – амаль на ўсю сцяну партрэт Дзяржынскага. А пазыўныя ў рацыях супрацоўнікаў былі «Лубянка». І я адразу зразумела, што гэта не выпадковыя дэталі, а яскравае сведчанне пра норавы, каштоўнасці і погляды тых людзей, якія там працуюць. Пазней я ў гэтым цалкам пераканалася на ўласнай скуры.

    Яны – фашысты па сваім мысленні, якія выконваюць усе запаветы свайго ідэйнага натхняльніка – Фелікса Дзяржынскага. І атрымліваюць з гэтага асалоду. Яны – большасць з іх! – лічаць, што выконваюць высакародную місію, змагаючыся з «ворагамі народу». Насамрэч такімі нас лічаць. Той жа начальнік калоніі Талсцянкоў у адкрытую нас называў ворагамі народу. Больш за тое, я перакананая: калі б у іх была магчымасць і паўнамоцтвы нас расстрэльваць – рабілі б гэта з вялікай асалодай.

    «Кожную секунду ўсведамляеш, што можаш згубіць жыццё»

    – Але смерць там і так ходзіць побач з кожным?

    – Дакладна так. Кожны палітвязень вымушаны балансаваць паміж жыццём і смерцю ў кожную хвіліну перабывання там. Ты знясілены, у страшных пякельных варунках, ты пачынаеш хварэць, дагрукацца да лекара амаль немагчыма, а з цябе яшчэ здзекуюцца праз гэта.

    Няма магчымасці аднаўляцца, лекавацца, спаць, адпачываць, увесь час працуеш. Зграбаеш гэты снег, які мы насілі торбамі, палівалі кіпнем лёд, каб растаў, а потым зграбалі лужыны ў вёдры і насілі. Нон-стоп, не маеш нават магчымасці схадзіць у прыбіральню, у якой 4 унітазы на сто чалавек. Таму нядзіўна што арганізм дае збоі. І гэты прэсінг. ШІЗА і ПКТ – увогуле катоўня. І кожную секунду ты ўсведамляеш, што можаш не вытрымаць і згубіць жыццё. Гэта страшна.

    – Не прыходзілі думкі пакончыць з жыццём?

    – Калі шчыра, былі. Мабыць, пра гэта нікому не казала. Ад вялікай-вялікай стомы, калі ты ўжо проста не можаш узняцца са шконкі. У мяне яшчэ, праз частае знаходжанне ў ШІЗА, пачаліся праблемы з нагамі. Зараз чакаю аперацыю, трэба выразаць вены, бо яны не функцыянуюць.

    Часамі стаяла на праверцы, якая магла цягнуцца і паўгадзіны – пад дажджом, снегам, няважна – і адчувала, што ўжо не можаш стаяць, зараз рухнеш. Ці ты настолькі аслабленая ад крывацёкаў, што не можаш узняцца са шконкі. І тады былі думкі, каб скончыць усё раз і назаўсёды, а не пераходзіць праз гэтае пекла. Былі. І дзякуй богу, што да нейкіх канкрэтных планаў не дайшло.

    – Ты згадала пра Наталлю Хершэ. Зараз вы з ёй у адной краіне. Бачыцеся? Як яна?

    – Так, сустракаемся. Наташа Хершэ яшчэ праходзіць свой курс аднаўлення. Даволі паспяхова, але шмат якія рэчы, звязаныя з досведам знаходжання за кратамі, не скончаныя. Маю на ўвазе ПТСР. Яна аднаўляецца. І зараз яшчэ да мяне прыехалі двое маіх сяброў, я іх сюды перацягнула. Гэта Ганна Баран, мая сяброўка, адзіная жанчына, асуджаная за «берасцейскія карагоды» да калоніі. І Іван Андрушойць, які сядзеў за ўзлом камп’ютарнай сістэмы Менгарвыканкаму. Ён таксама зараз тут, у бяспецы.

    Над палітвязнямі, якія вызваляюцца, пастаянна вісіць дамоклаў меч. Ганну па вызваленні 21 раз за месяц выклікалі ў міліцыю. Такія людзі не патрэбныя рэжыму на волі. Я лічу, што палітвязні павінны аднаўляцца, бо кожны выходзіць са скалечаным здароўем і псіхікай, ім, як паветра, патрэбная перадышка і рэабілітацыя. І – у бяспечнай краіне.

    Калі гаворка пра далейшую грамадска-палітычную дзейнасць ці дапамогу іншым рэпрэсаваным – чалавек нашмат больш зробіць тут, у бяспецы і на волі, чым у Беларусі, дзе зноў можа апынуцца за кратамі.

    Вы заклятыя, «сілавікі»!

    – Палітвязні, якія пакуль у няволі, прасілі цябе паведаміць людзям у пагонах, што яны носяць загавораную, заклятую вамі форму. Давай, скажы ім пра гэта зараз яшчэ раз.

    – Так, уся форма, якая шыецца палітвязнямі ў гомельскай калоніі, – загавораная. Скрозь пакрытая заклёнамі. Кожная дэталь і кожнае шво, кожная кішэня. Палітзняволеныя жанчыны, калі шыюць, прыгаворваюць: «Жыве Беларусь!», «Жыве Беларусь!»… Ці так: «Ты будзеш добрым міліцыянтам, амапаўцам. Як апранеш гэтую форму, спазнаеш зрух у свядомасці. І больш не будзеш падтрымліваць гэты крывавы рэжым, ніколі не ўздымеш руку на народ, не будзеш біць людзей і пяройдзеш на бок народу і праўды. І так яно цяпер будзе!»

    І не смейся, гэта не жарт! Гэта жаночая магія! А гэта моцная рэч! Мы ўвесь час так рабілі. Вы заклятыя, «сілавікі»!

    – У апошнім апублікаваным раздзеле ты пішаш, што асноўная задача палітвязня – выжыць. Дзякуючы чаму ўдалося выжыць табе асабіста?

    – Мае сваякі па бацькоўскай лініі былі рэпрэсаваныя падчас сталінскіх рэпрэсіяў. Прадзед Вацлаў Класкоўскі 20 гадоў правёў у лагерах за антысавецкую агітацыю. А ягоны брат быў расстраляны як «інфарматар польскага генштабу». Гэты супраціў – у генах. Цвёрдасць і непрыманне сістэмы – таксама. І калі мне было асабліва цяжка, я згадвала пра іх і разумела, што ім было яшчэ цяжэй, яшчэ больш страшна. І я, іх нашчадак, не маю права іх падвесці. Гэта было б як растоптванне іх памяці і абясцэньванне іх пакутаў, калі я зламаюся. І гэта вельмі трымала мяне, калі я пра іх думала.

    І вельмі дапамагала салідарнасць. Вялікая падтрымка ішла ад сямʼі, ад бацькоў, перад якімі кланяюся зараз.

    Ад іншых людзей, сяброў, незнаёмых – гэта вельмі і вельмі трымала, надавала моцы. Нават калі лісты не аддавалі, калі турэмнікі пераконвалі нас, што мы нікому не патрэбныя і што пра нас усе забыліся, што мы гарматнае мяса, – я ніколі ў гэта не верыла. І звесткі пра тое, што пра нас не забыліся і за нас змагаюцца, нейкім чынам усё адно даходзілі. Мы ўсё роўна гэтую падтрымку адчувалі. Пераацаніць яе немагчыма.

    І я заўсёды верыла, што мяне чакаюць. Вельмі. Мая сямʼя, мае аднадумцы. І таму не маю права зламацца. Мушу выйсці жывой і здаровай.

    Не маю права зламацца таму, што іншыя палітвязні глядзелі на мяне і прызнаваліся, што мае паводзіны даюць ім сілы, натхняюць іх. І нават калі было вельмі цяжка, я гэта не паказвала іншым палітвязням.

    Адчувала, што гэта таксама мой маральны абавязак – натхняць сваім прыкладам іншых. Нягледзячы ні на што, верыла, – і зараз веру! – што абавязкова дабро пераможа зло, што ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя перамены, што гэтаму цемрашальству прыйдзе канец і што наш абавязак – дажыць да гэтага дня.

    Кніга выйдзе ў кастрычніку

    – Колькі будзе раздзелаў і калі чакаць выхад кнігі?

    – Будзе, як мінімум, 20 частак. І кніга ўжо ў працэсе. Я атрымала прапанову ад рэдактаркі «Новага часу» Аксаны Колб. На яе думку, выдаць мае дзённікі і ў выглядзе кнігі – гэта добрая ідэя. І мы ўжо над гэтым працуем. Папярэдне магу сказаць, што выхад кнігі плануецца на кастрычнік 2023 года. Кніга будзе перакладзеная на некалькі моваў.

    – Ці маеш такія ўспаміны, якія немагчыма выкласці на паперу, якія падсвядомасць блакуе?

    – Не. Каб падсвядомасць блакавала – не. Але каб розум – ёсць такія. Ёсць рэчы, пра якія я пакуль што не маю права казаць публічна. Але будзе потым пра што з табой пагаварыць.

    Чытайце яшчэ:

    Вольга Класкоўская: Як тут не параноіць, калі ў ванне ляжыш, а да цябе ГУБАЗіК урываецца?

    Рэжысёр з ЗША: «Вырашыў далучыцца да Марафону салідарнасці, каб падтрымаць Ларысу Шчыракову»

    «За кратамі ўвесь час марыў пра дранікі». Леанід Судаленка пра першыя дні на волі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці