«Я разумела, што не хачу быць пад вартай два з паловай гады». Журналістка з’ехала за мяжу з‑пад «хатняй хіміі»
Правёўшы пэўны час пад вартай, Ірына (імя змененае, сапраўдныя звесткі ёсць у рэдакцыі) не спадзявалася, што будзе апраўданая судом. Так урэшце і адбылося — яе прызналі вінаватай па «народным» крымінальным артыкуле 342. Падставай для абвінавачання стаў фотаздымак, зроблены падчас масавых пратэстаў 2020 года і знойдзены сілавікамі пры ператрусе.
«Я не збіралася з’язджаць з Беларусі і была перакананая, што менавіта я буду тым апошнім чалавекам, які пад прымусам пакіне сваю краіну», — так Ірына пачынае свой аповед пра тое, што здарылася з ёй сёлета на пачатку года.
Увосень 2020 года жанчына адбыла 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве».
«Было адчуванне, што я недзе «на алоўку», і што за мной могуць прыйсці зноў. Так яно і здарылася: прыйшлі тры супрацоўнікі ў цывільным, сказалі, што хочуць паразмаўляць пра журналісцкую працу. Паглядзелі тэхніку ў кватэры, забралі два маіх тэлефоны і павезлі на допыт. Мяне распытвалі пра працу — ці даўно працую ў журналістыцы, чым займалася ў 2020 годзе як журналістка. Запісалі пра гэта відэа, загадалі напісаць пісьмовыя тлумачэнні. Тым часам пільна праглядалі мой тэлефон і знайшлі ў ім сляды чат-бота «План Перамога». Сказалі, што гэтым могуць зацікавіцца калегі з ГУБАЗіКа і патэлефанавалі туды. А там сказалі, што на мяне ўжо заведзена крымінальная справа», — распавядае Ірына.
Як высветлілася пазней, сілавікі «распрацоўвалі» людзей са знойдзенага імі фотаздымка. Апрача Ірыны, на ім былі яшчэ некалькі чалавек, якія на той мамант ужо з’ехалі з Беларусі.
Гэты фотаздымак і стаў галоўным доказам таго, што Ірына ў групе людзей «рухалася і стаяла на праезднай частцы». Паводле боку абвінавачання, такім чынам яна замінала працы грамадскага транспарту, пры гэтым падтрымлівала лозунгі, незаконным спосабам выказваючы свае грамадска-палітычныя погляды.
ІЧУ і следчы ізалятар
Журналістку на некалькі дзён змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна, а потым прад’явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў следчы ізалятар.
Успаміны пра ІЧУ засталіся самыя непрыемныя, кажа Ірына:
«У камеры, разлічанай на дваіх, нас бывала іншым разам да 18 чалавек. Пасцельнай бялізны, матрасаў не было. З «дасягненняў цывілізацыі» — часам давалі абмылак і туалетную паперу. Перадачы ў ІЧУ да суда забароненыя, таму мы сядзелі, хто ў чым быў. У камеры было халодна і адначасова душна, бо шмат народу. На выходныя да нас падкідвалі затрыманых у стане алкагольнага ап’янення, з наступствамі ўжывання наркотыкаў. Але большая частка сукамернікаў — гэта былі «палітычныя», вельмі адэкватныя, інтэлігентныя людзі. Толькі гэта дапамагала не зламацца».
У следчым ізалятары ўмовы былі лепшыя. Іншым было і стаўленне супрацоўнікаў: на Акрэсціна з затрыманымі праводзілі прафілактычныя гутаркі, прыходзілі з прамовамі пра тое, што жанчыны не павінны займацца палітыкай, што іхная справа — «варыць боршч». У СІЗА парадкі былі строгія, «армейскія», і ніякіх выхаваўчых захадаў, распавядае журналістка.
Судовы працэс і няпростае рашэнне
А вось пра судовы працэс, на якім прызналі вінаватай паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх), згадаць зусім няма чаго, кажа Ірына:
«Адчуванне, што гэта канвеер. Ні суддзя, ні пракурор ні ў чым не імкнуцца разабрацца. Сведак няма, галоўны доказ — фотафіксацыя на праезднай частцы. У першы дзень суддзя чытала матэрыялы справы, пракурор папрасіў для мяне тры гады «хатняй хіміі».
Назаўтра быў вырак, і суддзя паўтарыла гэтае самае: тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу».
З улікам часу ўтрымання пад вартай у СІЗА тэрмін пакарання скарачаўся на паўгода. Але і два з паловай гады — час немалы. Тым больш, што Ірына ўсё яшчэ заставалася ў статусе падазраванай па крымінальнай справе, звязанай з чат-ботам «План Перамога», які калісьці не змагла выдаліць да канца.
Таму Ірына прыняла няпростае рашэнне з’ехаць з Беларусі.