Журналістку Алену Шабуню аштрафавалі за сюжэт для “Белсата”
З больш як дзясятка чалавек, якія прыйшлі падтрымаць журналістку ў суд Першамайскага раёна, трапілі на працэс усяго чацвёра. Суддзя Вераніка Барысава заявіла, што роўна столькі прысутных маюць застацца, каб захаваць бяспечную абстаноўку ў зале ва ўмовах эпідэміі Covid-19. Сама ж суддзя, да слова, была без маскі, хаця на дзвярах будынка суда вывешана аб’ява пра абавязковы масачны рэжым.
Падставай для судовага разбіральніцтва стаў сюжэт, паказаны на тэлеканале “Белсат” яшчэ 1 кастрычніка. У ім вялося пра тое, што ксяндзу-паляку Юрыю Вільку скасавалі дазвол на служэнне ў Беларусі, і вернікі з мястэчка Варапаева Пастаўскага раёна засталіся без святара. Дарэчы, абедзьве жанчыны-сведкі, якія размаўлялі з журналісткай у Варапаеве і падчас суду былі апытаныя праз Skype, Алену Шабуню не пазналі. Тады суддзя Вераніка Барысава абвясціла перапынак і выклікала ў суд участковага міліцыянта, які складаў пратакол на Алену, і загадала яму ўнесці ўдакладненні ў пратакол, каб абгрунтаваць вінаватасць журналісткі.
— Такога яшчэ мы не бачылі, каб суддзя выклікала складальніка пратакола і тлумачыла яму, што трэба дапісаць. Звычайна ў выпадку нейкіх недакладнасцяў ці непаразуменняў матэрыялы спраў вяртаюць у міліцыю. Але тут выпраўленні рабіліся проста ў кабінеце суддзі і пад яе кіраўніцтвам, — абураецца Алена Шабуня.
Яна згадвае, што і складанне пратакола адбывалася ў вельмі дзіўных для яе акалічнасцях: разам з актывісткай Таццянай Севярынец яе затрымалі ў нядзелю, 8 лістапада, якраз перад пачаткам маршу пратэсту ў Віцебску. Жанчын завезлі ў аддзел міліцыі Чыгуначнага раёна, але неўзабаве туды прыехаў супрацоўнік Першамайскага РАУС — адмыслова, каб скласці на Шабуню адміністрацыйны пратакол за сюжэт для “Белсата”.
Незалежную журналістку аштрафавалі на 35 базавых велічынь (945 рублёў), прызнаўшы яе вінаватай паводле ч. 2 артыкула 22.9 КаАП. Каля трох тыдняў таму за той самы сюжэт Пастаўскім райсудом быў пакараны калега Алены Шабуні, журналіст-фрылансер Зміцер Лупач. Яго аштрафавалі на 40 базавых велічынь (1 080 рублёў).