Журналістку будуць судзіць за асвятленне галадоўкі «Маці 328»: Я ганаруся, што пісала пра іх
Незалежную журналістку Ларысу Шчыракову будуць судзіць за асвятленне галадоўкі ўдзельніц руху «Маці 328». Міліцыя склала пратакол за незаконны выраб прадукцыі СМІ — працу без акрэдытацыі для тэлеканала «Белсат».
Заклікаем усіх неабыякавых грамадзян прыехаць на суд да журналісткі, каб падтрымаць яе. З такой жа просьбай звярнулася і сама Ларыса Шчыракова на сваёй старонцы ў Facebook.
Цягам апошніх год улады арганізавалі сапраўдную кампанію пераследу гомельскай журналісткі. Як затрымлівалі, складалі пратаколы і штрафавалі за супрацоўніцтва з «Белсатам» больш за дзесяць разоў.
Але ў гэты раз Ларыса Шчыракова не шкадуе, што ўзялася за тэму:
— Я ганаруся, што рабіла матэрыялы пра гэтых рашучых жанчын з руху «Маці 328». Важна, каб грамадства ўбачыла людзей, якія адважыліся на такі адчайны крок, праявілі смеласць. Я вельмі паважаю іх рашучасць. Таму ў гэты раз мне нават не так крыўдна, што міліцыя склала чарговыя абсурдныя пратаколы.
Суд над Ларысай Шчыраковай адбудзецца ў Калінкавічах 28 траўня. Падтрымаць незалежную журналістку ў працэсе збіраюцца і героі яе сюжэтаў, мясцовыя актывісты.
Пачатак працэсу ў 15.30.