• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістку «Новага Часу» Дзіяну Серадзюк аштрафавалі на 490 рублёў за асвятленне акцыі салідарнасці

    Суд Цэнтральнага раёна Мінска 22 снежня разгледзеў адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі з папяровымі караблікамі каля Расійскай амбасады. Сярод фігурантаў — журналістка газеты "Новы Час" Дзіяна Серадзюк. Журналістку за асвятленне акцыі пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічынь.

    Суддзя Іван Касцян, нягледзячы на ўсе аргументы з боку журналісткі Дзіяны Серадзюк і рэдакцыі «Новага Часу», палічыў, што Серадзюк удзельнічала ў акцыі, а не асвятляла яе.

    І пакараў журналістку штрафам у памеры 20 базавых велічынь (490 рублёў). Парушэнне артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

    Нагадаем, вечарам 26 лістапада да амбасады Расіі ў Мінску прыйшло каля дзесяці чалавек, пераважна з «Моладзі БНФ», якія ўсклалі на парапет агароджы папяровыя караблікі, афарбаваныя ў колеры ўкраінскага сцяга. Гэта была акцыя салідарнасці з украінскімі маракамі, абстралянымі і захопленымі ў палон у Азоўскім моры.

    Журналістка газеты "Новы Час" Дзіяна Серадзюк

    Акцыю асвятляла журналістка газеты «Новы Час» Дзіяна Серадзюк, але і яе міліцыянты палічылі ўдзельніцай. Зазначым, што на акцыі прысутнічалі журналісты іншых выданняў, да іх міліцыя прэтэнзій не выказвала.

    Пазней некалькі ўдзельнікаў акцыі атрымалі па пошце пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Сярод іх Яўген Батура, Святлана Каваленка і журналістка “Новага Часу Дзіяна Серадзюк, паведамляе сайт  spring96.org.

     Удзельнікаў акцыі ў суд прыйшлі падтрымаць актывісты і журналісты. Сярод іх старшыня АГП Мікалай Казлоў і былы кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька. Агулам каля 30 чалавек.

     Карабдікі ў судзе Цэнтральнагат раёна.

    «Супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС палічылі, што я не асвятляла акцыю Моладзь БНФ па ўскладанні караблікаў да Расійскай амбасады ў якасці журналіста, а прымала ў ёй удзел. Нават пратакол даслалі», — напісала Дзіяна Серадзюк у фэйсбуку.

    Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў выставілі ў судзе  караблікі. Супрацоўнік міліцыі ў цывільным падыйшоў і забраў караблікі. Людзі паставілі новыя, жартуюць, што іх захапілі піраты.  Супрацоўнік міліцыі Ярмаленскі, які прадставіўся пасля патрабаванняў залі, сказаў, каб прыбралі і новыя караблікі.

    Караблікі ў судзе Цэнтральнагат раёна.

    Яўген Батура заявіў хадайніцтва, каб працэс вялі на беларускай мове. Касцян задаволіў хадайніцтва.

    Дзіяна Серадзюк заявіла хадайніцтва, каб у якасці сведак выклікалі Сяргея Балая — фотакарэспандэнта БелаПАН, і Аксану Колб — галоўнага рэдактара «Новага Часу». Суддзя вырашыў пасля вывучэння ўсіх доказаў, прыняць рашэнне па заяўленаму хадайніцтву.

    Яўген Батура ў судзе заявіў, што яго папрасіла пайсці ў суправаджэнні яго жонка Серадзюк Дзіяна. Ён пайшоў дзеля яе бяспекі:

    «Цяпер такія часы, што журналістам на такіх мерапрыемствах пагражае небяспека. Могуць і пасадзіць, і асудзіць. Што ў прынцыпе і здарылася вось цяпер».

    Падкрэсліў, што яна там выконвала свае журналісткія абавязкі. Кажа, што мерапрыемства здымалі людзі ў цывільным, але не рабілі ніякіх заўвагаў, што гэта незаконна. Батура знаходзіўся побач, сваю віну не прызнае.

    Другой тлумачэнні давала Дзіяна Серадзюк. Сказала, што ёй стала вядома пра планаваную акцыю салідарнасці з украінскімі маракамі. Яна адправілася на яго як журналістка. На мерапрыемстве была пазначана журналісткім бэйджам. Яна далучыла  наступныя дакументы да справы: рэдакцыйнае заданне «Новага Часу», копію журналісткага падсвечання, фота Сяргея Балая з БелаПАН, дзе яна фатаграфуе акцыю, дыск з гэтым фотаздымкам, скрыншот яе матэрыяла з сайта «Новага Часу».

    Суддзя Касцян далучыў гэта ўсё да матэрыялаў справы.

    Серадзюк выпадкова перадала суддзі скаргу ў КПЧ ААН. Ён спытаў, што гэта? Серадзюк: «Скарга ў КПЧ. Але пакуль што не па маёй справе».

    Дзіяна Серадзюк у судзе.

    Дзіяна Серадзюк у судзе з рэдактарам Аксанай Колб. Фота: ПЦ «Вясна».

    Сведка міліцыянт Зубцоў у судзе распавёў, што акцыю асвятлялі «Белсат», «Новы Час»…

    «Ад “Новага Часу” была журналістка з бэйджам. Яна падыходзіла і прадстаўлялася, але не памятаю як яна выглядала», — сказаў Зубцоў. Пры гэтым ён упэўнены, што Серадзюк устанавлівала разам з усімі караблікі, хоць ад “Новага Часу” на акцыі была толькі Дзіяна.

    ***

    Гэта не адзіны судовы працэс у дачыненні да «Новага Часу». 27 снежня адбудзецца другое пасяджэнне па іску бізнесмена Леаніда Зайдэса аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Зайдэс патрабуе спагнаць з газеты і журналіста Дзяніса Івашына 8 000 рублёў.

    Таксама на журналіста Мікалая Дзядка завялі адміністратыўную справу за допіс у Face­book. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці