«Грузія — тое, што цешыць і дае энергію». Беларускія журналісты ў Батумі прэзентавалі сваю прозу
У прасторы «МедыяХаб» у Батумі 13 красавіка прайшоў літаратурны вечар, падчас якога свае творы чыталі беларускія журналісты Севярын Квяткоўскі і Андрэй Мялешка. Севярын Квяткоўскі прэзентаваў публіцы «Батумскія расказы» — мастацка-дакументальныя замалёўкі пра жыццё ў прыморскім грузінскім горадзе.
Як паездка ў Грузію дапамагла ў фармаванні нацыянальнай самасвядомасці
Чытанне «Батумскіх расказаў» у Грузіі — ужо другая прэзентацыя твору. Першую Севярын Квяткоўскі правёў у Празе (Чэхія).
— Там не было ніводнага чалавека, хто б доўга жыў у Батумі, але ім усім было цікава паслухаць. Я адчуў тады, што гэта будзе жывы праект. А тут, у Грузіі, важнасць у тым, што з тых, хто сабраўся, усе тут жывуць, у Батумі, і для іх усё апісанае вельмі блізкае, — зазначае журналіст.
У Грузіі Севярын Квяткоўскі аказаўся, калі быў вымушаны ўцякаць ад пагрозы сесці ў турму ў Беларусі. Спачатку быў Тбілісі, потым журналіст паехаў у Батумі — горад, які ўпершыню наведаў яшчэ ў дзяцінстве ў 1980 годзе.
— Мне тады было сем гадоў. Я прыехаў з бабуляй і дзядулем. Мы гасцявалі крыху на поўнач ад Батумі ў сяле Натанэбі, — распавёў Севярын. — Я памятаю, як у савецкім дзіцячым садку нам вельмі моцна дурылі галаву аповедамі пра адзіны савецкі народ, што будзе адна мова, што не будзе адрозненняў. І вось я прыехаў у Натанэбі, выходжу на вуліцу, да мяне падыходзяць равеснікі, малыя хлопцы, запрашаюць гуляць разам з імі і гавораць па-грузінску. А я ім адказваю па-расейску: «Я ничего не понимаю». Яны некалькі разоў спрабавалі завесці размову, але я быў вымушаны толькі казаць «я не понимаю». Яны тады расчаравана развялі рукамі — ну што зробіш?
У той момант, кажа Севярын, зразумеў, што яму хлусілі ў дзіцячым садку пра адзіны народ і адзіную мову.
— Я ўбачыў, што Грузія — зусім іншая краіна, што тут свая культура, мова, — згадвае журналіст. — Тая паездка прыспешыла ў маім станаўленні як асобы пэўныя працэсы. Тое, што ў некаторых адбываецца ў падлеткавым узросце, у кагосьці ўвогуле ў дарослым жыцці, у мяне адбылося дзякуючы Грузіі вельмі хутка, і далей ніякая прапаганда ў школе ўжо на мяне не ўздзейнічала, бо я памацаў іншую рэчаіснасць. Магчыма, яшчэ з тых часоў маё захапленне Грузіяй.
«Мы цяпер пішам новую беларускую гісторыю»
Севярын Квяткоўскі нагадвае, што ў Батумі цяпер жыве найбольш буйная беларуская дыяспара.
— Мы цяпер пішам новую беларускую гісторыю. Варшава, Беласток, Вільня і Батумі — гарады, дзе цяпер адбывацца жывое беларускае жыццё. І ў Батумі яно сапраўды ёсць: тут прасторы «МедыяХаб», «Аксяродак», іншыя беларускія ініцыятывы, беларускія бізнесы, — кажа журналіст.
Цяпер у Батумі склалася ўнікальная сітуацыя, у якой можна вывучаць экспатаў — тут сабраліся разам беларусы, украінцы, расейцы, зазначае Севярын. Пры гэтым тут няма дыскрымінацыі, варожасці.
— Тут ты не зможаш сказаць, што некага трэба дыскрымінаваць праз расійскі пашпарт. Цябе проста не зразумеюць, і ты застанешся адзін, — кажа журналіст. — Вядома, ёсць розныя людзі, але «ватнікі» не надта сябе праяўляюць, тут бачна якраз нармальных людзей.
Назіранні за экспатамі, за мясцовымі жыхарамі і іх узаемадзеяннем аднаго з адным і нарадзілі цыкл замалёвак, якія Севярын аб’яднаў у «Батумскія расказы». Сёлета аўтар плануе выпусціць рэліз аўдыяверсіі твора, а потым прыступаць да друку кнігі. Пакуль жа Севярын яшчэ працягвае пісаць апавяданні.
— З той прычыны, найперш, што я — радыйшчык, умею начытваць, магу атрымаць доступ да студыі, планую ўжо сёлета зрабіць, так скажам, першы сезон «Батумскіх расказаў» у аўдыяфармаце, — кажа журналіст. — Потым, калі атрымаецца сабраць данаты, замоўлю прафесійную рэдактуру будучай кнігі. І без ілюстрацый пра Батумі яе бессэнсоўна рабіць, трэба будзе шукаць ілюстратара, але гэта ўсё каштуе грошай.
«Грузія — месца кайфу»
Севярын з’ехаў з Грузіі і цяпер стала жыве ў Варшаве, аднак Батумі застаецца ў ягоным сэрцы.
«Батумскія расказы» — мастацка-дакументальна праект. Усе апісаныя ў аповесцях факты — рэальныя. Аўтар твора хацеў бы дапоўніць кнігу яшчэ карыснай інфармацыяй, а таксама ў будучыні перакласці на польскую мову.
— Батумі, Грузія — гэта тое, што мяне цешыць, успаміны гэтыя даюць мне жыццёвую энергію, — кажа Севярын. — Польшча для мяне — гэта адпачынак. Я яе добра ведаю, разумею, там ёсць тое, што мне патрэбна, лес на поўначы Падляшша, такі, як у Беларусі. А Грузія — месца кайфу. Тут няма аднастайнасці і не можа быць. Тут увесь час штосьці квітнее. Грузіны вельмі цікавыя самі па сабе, а ёсць яшчэ армяне мясцовыя. І каб усё гэтае багацце ўбачыць, трэба жыць у нетурыстычных раёнах. Таму я раю, калі вы едзеце ў Батумі, не абірайце гатэльныя апартаменты. Так, там мора, але ўзірайцеся ў сярэдзіну горада, тады вы дакранецеся да мясцовага жыцця.
За экскурсіямі па Батумі — да беларускага журналіста
У другой частцы вечарыны сваю малую прозу чытаў журналіст Андрэй Мялешка. Севярын Квяткоўскі прадставіў Андрэя публіцы як пісьменніка, калекцыянера і краязнаўцу.
—У Андрэя краязнаўчая свядомасць. Яго занесла ў Батумі, але ён тут праз месяц ужо як рыба ў вадзе, усё і ўсіх ведаў. І добра, што ён тут застанецца, таму што калі б і ён з’ехаў, гэта была б вялікая страта для Батумі. Андрэй — спецыяліст у сферы філатэліі, але не толькі, яшчэ манеты збірае. Ён жыве ў паралельным нябачным для нас сусвеце збіральніцтва, калекцыянерства. І нячаста, але Андрэй піша малую прозу, — зазначыў Севярын.
Госці імпрэзы даведаліся таксама, што Андрэй Мялешка ладзіць экскурсіі па Батумі, падчас якіх распавядае цікавыя і малавядомыя факты з гісторыі горада, пра якія ў яго атрымалася даведацца — пра жыццё на грузінскім узбярэжжы Чорнага мора падчас Першай сусветнай вайны, брытанскай акупацыі і да т. п. Андрэй можа правесці шпацыр па Батумі для ўсіх зацікаўленых.