• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісты-фрылансеры з Гомеля накіравалі другую скаргу ў Камітэт ААН

    Гомельская журналістка-фрылансер, сябра ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова накіравала скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Шчыракова мяркуе, што яе права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі (выказванне меркавання), гарантаванае Канстытуцыяй і міжнароднымі дакументамі, якія ратыфікавала Беларусь, парушанае.

    “Хачу, каб у свеце ведалі, што  ў Беларусі  пераследуюць  журналістаў-фрылансераў, ствараюць перашкоды ў іх дзейнасці, абвінавачваюць у незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Выглядае, што праз буйныя штрафы дзяржава проста папраўляе сваё фінансавае становішча. Хачу, каб стаўленне дзяржавы да незалежнай журналістскай супольнасці змянілася”, — сказала  службе маніторынгу ГА «БАЖ» Ларыса Шчыракова.

    Сёлета журналістка запісала на Цэтральным рынку меркаванні прадпрымальнікаў наконт умоваў працы. Відэазапісы скарыстаў спадарожнікавы беларускамоўны тэлеканал “Белсат”, які вядзе трансляцыю з тэрыторыі Польшчы. Міліцыя абвінаваціла Шчыракову ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.  12 сакавіка гэтага года на падставе міліцэйскага пратаколу суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачок пакараў Ларысу Шчыракову  буйным штрафам.

    Юрыст  ГА “БАЖ» Леанід Судаленка, які меў даверанасць асацыяцыі  прадстаўляць інтарэсы журналісткі ў судзе, лічыць, што справа Ларысы Шчыраковай выявіла шэраг супярэчнасцяў нацыянальнага заканадаўства міжнародным дамовам Беларусі. Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе кожнаму свабоду на збор і распаўсюд інфармацыі, у той час, калі  беларускі Закон аб СМІ празмерна абмяжоўвае самую сутнасць гэтага права.  Апрача таго, кожны мае права свабодна выбіраць сабе абаронцу ў судзе. Беларускае ж заканадаўства абмяжоўвае  гэта права выключна паслугамі адваката.

    “Я ўпэўнены, што ў гэтай справе будуць устаноўлены пералічаныя парушэнні правоў журналісткі», — гаворыць юрыст Судаленка.

    Спробы абскардзіць судовы штраф у вышэйшых судовых інстанцыях выніку не мелі. Наглядную скаргу пракуратура адхіліла, спаслаўшыся на сканчэнне 6‑месячнага тэрміну, які адвяла дзяржава на абскарджанне адміністрацыйных пастановаў.

    Апрача ўстанаўлення непасрэдных парушэнняў сваіх правоў, у скарзе журналістка-фрылансер ставіць пытанне і пра абавязак ураду Беларусі змяніць нацыянальнае заканадаўства такім чынам,  каб не здаралася ў будучым апісаных вышэй парушэнняў.

    Гэта ўжо другая скарга гомельскіх журналістаў-фрылансераў у Камітэт ААН па правах чалавека.  У сакавіку з падобнай скаргай  у згаданую ўплывовую міжнародную структуру звярнуўся сябра ГА “БАЖ” Мікола Бянько. Летась першы намеснік пракурора Гомельскай вобласці Вадзім Сушчынскі вынес Міколу Бянько і журналістцы Юліі Сівец афіцыйнае папярэджанне за матэрыялы на сайце Радыё Рацыя — рэпартажы «Забыты Чарнобыль», «Шчодрыкі па-гомельску», а таксама іх блогі: «Месца вызначае ўсё», «Вынікі года чорнай Змяі».

    Абскарджванне папярэджання ў Генеральнай пракуратуры станоўчых вынікаў не прынесла — фрылансераў працягвалі вінаваціць у працы без акрэдытацыі на замежны СМІ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці