• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Жыць у Беларусі для яго даражэй за свабоду». Як маюцца палітвязень Андрэй Кузьнечык і ягоная сям’я

    Журналіст-фрылансэр Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык у зьняволеньні ўжо амаль 2 месяцы. За гэты час ён адбыў два адміністрацыйныя арышты, а 23 сьнежня стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу.

    Дома Андрэя чакаюць жонка Алеся, маленькія сын і дачка. Алеся расказала, як зьмянілася жыцьцё іх сям’і пасьля таго, як Андрэя арыштавалі па надуманых абвінавачаньнях.

     

    «Усё больш разумеем, што страцілі»

    «У нас добрая сям’я, але, як ва ўсіх, бывала рознае, — кажа Алеся Рак. — Проста, калі мы бачыліся кожны дзень (Андрэй збольшага быў заўсёды дома), часам стамляліся адно ад аднаго. Напрыклад, маглі мала гаварыць нейкіх ласкавых словаў. Аднак, калі гэта [затрыманьне і арышт] здарылася, то прыйшло ўсьведамленьне, што ўсе нашыя непаразуменьні, якія маглі зьявіцца ў жыцьці, — глупства, і ўсё гэта імгненнае, эмацыйнае, павярхоўнае і несур’ёзнае. Нікуды не падзеліся ні нашы пачуцьці, ні мары, ні пляны».

    Алеся прызнаецца, што цяпер асабліва моцна адчувае каштоўнасьць самых простых рэчаў, якія раней успрымаліся як дадзенасьць.

    «Усё больш разумеем, што мы страцілі — нават магчымасьць сказаць нешта добрае адно аднаму ці неяк па-іншаму праявіць свае пачуцьці. Мы так надоўга і не расставаліся ніколі — тыдзень, пару тыдняў, калі ў радзільні была ці яшчэ нейкае падарожжа асобнае, але гэта рэдка. Аднак усё роўна была магчымасьць неяк патэлефанаваць ці штосьці расказаць. Заўсёды сустрэчы былі вельмі радасныя ў нас».

    Сёньня звычайныя размовы і спатканьні з мужам у Алесі замяніліся на напісаньне лістоў у СІЗА некалькі разоў на тыдзень і зборы перадач. Акрамя вырашэньня дадатковых штодзённых справаў, якія зьявіліся пасьля затрыманьня мужа, яна цяпер сама займаецца выхаваньнем дваіх малых дзяцей — 8‑гадовай Яніны і 3‑гадовага Мацьвея. Яны моцна сумуюць па тату і складана пераносяць расстаньне зь ім.

     

    «Першы месяц быў вельмі траўматычны і драматычны, мы чакалі яго кожныя 10 дзён»

    «Янка больш перажывала ў пачатку. Трагедыя была. Калі яго забралі, яна пасьля месяц плакала, успамінала, дзе тата, прыдумляла розныя варыянты, што ён вернецца ў наступным месяцы ці ўвогуле ніколі, — успамінае Алеся. — А Мацьвей маленькі. Ён і тады быў вясёлы, і цяпер. Таму неяк ня бачу, каб ён па тату моцна гараваў. Але, калі нашы суседзі нядаўна ў падвале грукаталі, то ён такі: „Тата?“ І туды пабег з усёй моцы. У выніку мы ўсе хадзілі правяралі, залазілі ва ўсе цёмныя закуткі, каб упэўніцца, што там таты няма. Яму з Андрэем было б весялей, яны гулялі разам…»

    Алеся тлумачыць, што першы месяц зьняволеньня Андрэя быў цяжкі для ўсіх ягоных родных:

    «Той пэрыяд быў вельмі траўматычны і драматычны, бо мы чакалі яго кожныя 10 сутак. Спадзяваліся, што ён выйдзе, а ён, відаць, ужо ведаў, што не. Але сукамэрнікі Андрэя пасьля свайго вызваленьня казалі нам, што яму там ня так і дрэнна, што ёсьць добрыя людзі, якія дапамагаюць».

    Дапамогу адчувае і Алеся. Яна кажа, што адразу пасьля затрыманьня Андрэя знаходзілася ў разгубленасьці, ня ведала, што і як рабіць. Аднак знайшліся людзі з падобным досьведам, якія далі ёй неабходныя парады.

    «… Калі Андрэя ўжо перавялі на Валадарку і я пайшла занесьці яму перадачу, там сустрэла жонку Андрэя Скурко. Яна мне шмат чаго парасказвала інфармацыйнага. Ёсьць таксама адмысловыя групы ў Telegram, Face­book, сайты… Нават калі прыходзіш у пункт прыёму перадач, то сустрэнеш вельмі шмат добрых людзей. Там месца такое культурнае і цывілізаванае. Незнаёмыя людзі заўсёды дапамогуць, калі ты забыўся паперку ці асадку, падкажуць і нагадаюць, што і куды падаваць. Такое грамадзтва будучыні».

     

    «У яго была нейкая самаахвярнасьць»

    Нягледзячы на масавы перасьлед незалежных журналістаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, Андрэй прынцыпова не зьбіраўся пакідаць Беларусь.

    На пытаньне, ці падзяляла Алеся пазыцыю мужа, яна адказвае:

    «Ня тое каб мы кожны дзень гэта абмяркоўвалі, але я ж ведала, з кім жыву. Калі я яму выказвала нейкія прэтэнзіі, што, маўляў, ёсьць жа і свае інтарэсы, ня толькі агульнаграмадзкія; што важна ня толькі культурнае жыцьцё і разьвіцьцё беларускай мовы; ён мне сам пэрыядычна гаварыў: «Ты ж ведала, каго выбірала».

    Алеся падкрэсьлівае, што Андрэй быў заўсёды за свабодную краіну і разьвіцьцё беларускай культуры, для якога ён рабіў усё магчымае.

    «У яго была такая нейкая самаахвярнасьць. Ён жа ведаў, што адбываецца ў Беларусі, і адбываецца ўжо ня першы год, не другі і нават не дзясяты, — апавядае Алеся. — Андрэй такі быў заўсёды, яшчэ з 90‑х. Бывалі моманты, калі ён мяне адукоўваў, настаўляў, што нельга забываць пра сьвята нацыянальнае, трэба гэта цаніць. Такая ў яго была ўбудаваная прашыўка, прыродная ўласьцівасьць. І невядома нават, адкуль яна ўзялася, і ня тое каб у нас былі нейкія інтэлігенты ў сям’і. Чыталі мы зь ім шмат, ён вучыўся ў ліцэі БДУ, які даў яму добрую базу і, відаць, там завершылася ў ім такое ўнутранае фармаваньне».

     

    «Думаю, што мы не маглі б жыць інакш»

    Згадваючы цяперашнія жыцьцёвыя выпрабаваньні, якія ляглі як на плечы Андрэя, так і ўсіх ягоных родных, Алеся мяркуе, што ўсё склалася так, як павінна было.

    «Чым больш праходзіць гэтага часу, тым больш разумею, што была нейкая прадвызначанасьць. Мы чыталі зь ім розныя творы пра гістарычныя падзеі, гістарычных асоб. Ведаем, што ім „прылятала“ яшчэ мацней ад тагачасных уладаў, але гэта былі людзі, якімі захапляліся, і ў нейкай ступені мы таксама паўтараем іх лёс. Ня тое каб мы спэцыяльна хацелі гэтага, проста ёсьць нейкія абставіны, якія самі па сябе адбываюцца. Мы ж ня ведаем усіх наступстваў нашых дзеяньняў, у некаторыя моманты мы проста робім тое, што павінны. Тое, да чаго ляжыць наша душа».

    Алеся лічыць, што ўсё, што цяпер адбываецца ў іхнай сям’і, і ўвесь атрыманы за гэты час досьвед маюць сэнс і для чагосьці патрэбны.

    «Ніхто ня ведае, што было б, калі б мы зьехалі. Было б яно для нас лепш ці горш, такія падзеі нельга ацэньваць на такім кароткім тэрміне. Андрэй не лічыў, што трапіць у турму — гэта нешта зусім страшнае і што нельга гэтага ні ў якім разе дапускаць. Для яго важна было жыць у Беларусі і карыстацца тым, што тут ёсьць: мясцовай энэргетыкай, магчымасьцю гаварыць на беларускай мове і чуць яе ў адказ на вуліцах. Гэта было для яго даражэйшым за свабоду. Думаю, што ён не раскайваецца, не шкадуе аб сваім выбары і застаецца пры сваіх перакананьнях. Зразумела, гэтая сытуацыя зараз сумная і дзецям безь яго дрэнна, але думаю, што мы не маглі б жыць інакш».

     

    Што Андрэй Кузьнечык піша ў лістах з‑за кратаў

    Пра каштоўнасьці жыцьця

    «А яшчэ прыгадалася, як я калісьці задумаўся пра тое, куды пазьнікалі адчуваньні сьвята. Думаць доўга не давялося — у мяне найлепшая ў сьвеце сям’я; жонка, пра якую я марыў зь першай сэкунды, як пабачыў яе; занятак, да якога маю пакліканьне і адукацыю. У мяне кожны дзень як сьвята, даў я сабе тады адказ. Выбачай, што далёка ня кожны дзень было бачна, як я ўдзячны, рады гэтаму шчасьцю. Спадзяюся, што ў наступным томе раману нашага жыцьця я буду больш уважлівы да „згрызоцінак“ і падточвальнікаў сямейнага ладу і згоды».

    Пра баўленьне часу і сустрэчу Новага году ў СІЗА

    Прывітаньне, любімая мая Алеся. Першы раз за ўсе нашыя супольныя пражытыя гады сустрэў Новы год безь цябе. Зрэшты, як «сустрэў» — праспаў. Кажуць, уначы грымелі салюты, даносіліся вясёлыя воклічы звонку, а ў шчылінах аканіц былі бачныя воблікі фаервэркаў, але я ўсё праспаў. За месяц я ўжо навучыўся моцна спаць са сьвятлом і пад «гукі джунгляў», што ўначы вырываюцца з ратоў розных суседзяў. Так што лёгка абыходжуся безь бярушаў. Хлопцы, якія сядзяць даўжэй, напярэдадні зрабілі сьвяточны стол — сабралі зь перададзеных прадуктаў нешта кшталту торта. Тут настрой стваралі хутчэй сьвяточныя клопаты, чым сам торт ды ягонае паяданьне.

    Сёньня хадзіў гуляць па сьнезе і глядзець на неба. З забавак тут яшчэ лазьня, кнігі зь бібліятэкі і газэты па падпісцы. Ну і з суседзямі паразмаўляць, хоць тэмы тут ашчаджаюць — усё ж тэрмін ідзе не на суткі, а на месяцы.

     

    Пра сукамэрнікаў

    Цяпер я жыву ў замку ў самым цэнтры сталіцы. Ураньні тут чуваць званы Чырвонага касьцёла. Новыя суседзі падзяліліся ўсім, што трэба на першы час, у тым ліку ручкай, паперай і канвэртам.

    У мяне за месяц адбылося столькі неймаверных паваротаў сюжэту, што, здавалася, ужо ня хопіць здольнасьці зьдзіўляцца. Але ўсё новыя людзі зьдзіўлялі і мяне кожны дзень. І ў кожнага свая гісторыя, вартая кнігі, — пра посьпехі ў жыцьці, таленавітых дзяцей, любоў і чалавечнасьць. Яны так захоплена расказвалі пра свае ўмельствы, што здавалася, я разам зь імі:

    • праектаваў мэтро па-над вуліцай Багдановіча,

    • варыў піва на бровары ў Бэльгіі,

    • адкрываў рэстараны і прадаваў рэстаранны посуд неверагодных формаў і незапамінальных назваў,

    • ствараў памяць для ноўтбукаў,

    • будаваў «разумныя» дамы.

    Вядучыя распрацоўшчыкі, кандыдаты навук і бізнэс-аналітыкі навучылі мяне таксама маладзённым гульням — «Мафіі», «Кракадзілу» і «Ёсьць кантакт».

     

    Пра штодзённасьць

    У нядзелю прачытаў 700 старонак «Графа Монтэ-Крыста». Аказалася, гэта толькі першы том. Часу на чытво тут багата, але нечакана для мяне аказалася, што кніжныя гісторыі амаль не чапляюць, таму што жыцьцё само па сабе з закручастым сюжэтам і няпэўнай разьвязкай, а мо проста таму, што развучыўся зачароўвацца кніжным сьветам і друкаваным словам.

    ***

    Таксама пагадаваў месяц бараду — вырасла густая і зь сівізной пасярэдзіне. Учора на Каляды пабачыў сябе ў люстэрку, пасьмяяўся і згаліў. Хлопцы казалі, праўда, што мне пасуе, але, думаю, насьміхаліся.

    ***

    На здароўе не наракаю, імунітэт пасьля восеньскага ковіду ніводнай акрэсьцінскай хваробы да мяне не падпусьціў. Ежа дыетычная, вада такая ж, як у нас на Ангарскай, — добрая.

     

    Віншаваньні сям’і

    Атрымаў твой ліст пад нумарам два і перачытаў ужо дзесяць разоў. Гэта найлепшы падарунак на дзень нараджэньня, які толькі можна ўявіць. Дзякуй табе агромністы за добрыя, цёплыя, чулыя словы.

    Дарагая мая Алеся, Яначка і Мацейка!

    З Новым годам вас!

    Зычу вам здароўя, радасьцяў і цікавостак. Бо цікавыя і радасныя дні пралятаюць хутчэй і зробяць бліжэйшай нашу сустрэчу. А як сустрэнемся, вам будзе што апавесці, а мне што паслухаць і паглядзець на фотачках.

    Перасьлед Андрэя Кузьнечыка

    • Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
    • Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
    • Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
    • 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
    • Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
    • 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА‑1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці